«Беларуская крыніца» («Крыніца» да 1925 і пасля 17 лістапада 1939) — штотыднёвая газета, орган Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД).

Выдавалася на беларускай мове (то лацінкай, то кірыліцай, то двума шрыфтамі адначасова — 1934—1939), у Петраградзе (з 21 красавіка 1917), у Вільні (7 верасня 1919 — 12 ліпеня 1940, не выходзіла з 15 красавіка 1937 па 16 лістапада 1939), у Мінску (№ 3, 1918). Выйшлі 768 нумароў. Прапагандавала ідэю адраджэння царкоўнай уніі, увядзення беларускай мовы ў каталіцкай царкве, кансалідавала вакол сябе беларусаў-католікаўТурук, с.67.

Гісторыя выдання У першай палове 1920-х гадоў канфіскавана 9 нумароў, за перыяд выдання ў Вільні канфіскавана 58 нумароў. Рэдактарамі ў розны час былі Т. Вайцяховіч, В. Васілеўскі, Уладзіслаў Грыневіч, М. Грачанік, У. Знамяроўскі, Янка Пазняк, ксёндз Адам Станкевіч, Л. Сярмяга, Браніслаў Туронак.

17 жніўня 1925 года быў арыштаваны і пасаджаны ў віленскую турму на Лукішках рэдактар Браніслаў Туронак. Аб яго арышце стала вядома толькі праз два тыдні. Камісар урада Вільні паведаміў рэдакцыі, што па парадзе суддзі выданне газеты «Крыніца» прыпыняецца да разгляду справы. 23 жніўня 1925 года выйшаў апошні нумар «Крыніцы». Рэдакцыя аднавіла выданне газеты з 20 верасня 1925 года пад новай назвай «Беларуская крыніца». Рэдактарам стаў Тамаш Вайцяховіч.

Газета падвяргалася пастаяннаму ціску з боку ўлад Польшчы. 15 красавіка 1937 года «Беларуская крыніца» была канчаткова закрытая рашэннем Віленскага акруговага суда.

Аднаўленне ў 1939 годзе У кастрычніку 1939 года, пасля перадачы Вільні ад СССР да Літвы, беларускія хрысціянскія дэмакраты прыклалі намаганні для аднаўлення газеты. Лідары супольнасці, Адам Станкевіч і Адольф Клімовіч, аднымі з першых наведалі Каўнас, каб сустрэцца з прэзідэнтам Літвы Антанасам Смятонам. Гэты візіт прынёс вынік: літоўскія ўлады далі згоду на аднаўленне часопіса Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Першы адноўлены нумар пад першапачатковай назвай «Крыніца» выйшаў 17 лістапада 1939 года. Рэдактарам і выдаўцом стаў Адольф Клімовіч. Выданне друкавалася ў Друкарні імя Францыска Скарыны спачатку ў крэдыт (пад фінансавыя гарантыі А. Станкевіча), а пазней атрымлівала фінансавую дапамогу ад літоўскіх сацыяльных арганізацый (акрамя таго, пачалі паступаць грошы з падпіскі). У гэты час, калі не лічыць кароткіх штотыднёвых радыёперадач па-беларуску ў Вільні, «Крыніца» заставалася адзінай легальнай крыніцай інфармацыі для і пра беларусаў у Літве.

Нягледзячы на сваю папярэднюю гісторыю, у 1939—1940 гадах рэдакцыя газеты была вымушана прыстасоўвацца да жорсткіх патрабаванняў літоўскай цэнзуры, што вылілася ў цалкам лаяльнае стаўленне да новых улад. Даследчыкі (напрыклад, польскі публіцыст Юзаф Мацкевіч) адзначалі своеасаблівы парадокс: на старонках газеты хрысціянскіх дэмакратаў практычна адсутнічала крытыка Савецкай Беларусі ці СССР, а некаторыя артыкулы нават усхвалявалі савецкую нацыянальную палітыку. Значную частку ўвагі газета надзяляла эканамічным і бытавым праблемам, паведамляла пра неабходнасць радыкальнай зямельнай рэформы ў Віленскім краі і падтрымку беларускіх кааператываў.

Апошні нумар газеты выйшаў 12 ліпеня 1940 года, незадоўга да інкарпарацыі Літвы ў склад СССР.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Архіў «Крыніцы» на сайце Крыніца. INFO «Крыні́ца» (1917—1940) . Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (

Катэгорыя:Выданні на беларускай мове лацінкай Катэгорыя:Газеты Вільні на беларускай мове Катэгорыя:Газеты Заходняй Беларусі Катэгорыя:Беларуская хрысціянская дэмакратыя (1917) Катэгорыя:1919 год у Вільні