Ма́лішаў Сустракаюцца таксама варыянты Ма́лешаў, Малішава, н. (, ) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. 31 снежня 2009 года ўвайшла ў склад горада Хойнікі, да гэтага знаходзілася ў раённым падпарадкаванніРешение Гомельского облсовета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 «Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области» .

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага У пісьмовых крыніцах Малішаў ці не ўпершыню згаданы ў 1600 годзе як сяло ў Астраглядаўскім маёнтку паноў Харлінскіх; месціўся ў Кіеўскім ваяводстве Каралеўства Польскага. 26 чэрвеня 1600 года sioło Maleszow адпісанае падкаморым кіеўскім Шчасным Харлінскім сыну Мікалаю. 12 чэрвеня 1618 года пан Мікалай Харлінскі паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое што іх падданыя з маёнтку Загалле адабралі валоў у яго падданых з Паселічаў, Карчовага, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 7 чэрвеня 1623 года удава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, родзічамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў (яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя «іnszych (беларусізм?) wsiów i przysiołków»)Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60, 281, 637. У 1627 годзе пані Гальшка (Гелена) Харлінская склала тэстамент, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводсіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча)Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie (далей: AGAD. APiJ). Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 1. S. 56, жанатага з яе дачкой Евай. У 1628 годзе Мікалай Абрагамовіч з двух дымоў вёскі Малешаў мусіў плаціць па тры злотыяАрхив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397. У дакументах 1631 года Малішаў згаданы ў пераліку паселішчаў Астраглядаўскага маёнтку, часткі якога Шчасны (малодшы) і Самуэль Харлінскія ўрэшце згадзіліся саступіць за плату п. М. Абрамовічу і п. Лукашу МадлішэўскамуAGAD. APiJ. S. 59.

Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле звестак на восень 1686 года з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў больш спакойныя мясціны. У інвентары 1698 года маёнтку князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасцейскага, Малішаў, а таксама Гарошкаў, Карчовае ды неіснуючыя сёння Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусцелыя (wsi puste)НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 133 адв.. Няма ніякіх звестак пра вёску ў рэвізіі 1716 і ў інвентары 1721 года, калі ад ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добра Хойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга . Адсутнічае інфармацыя ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1734 і 1754 гадоў. Хойнікамі тады валодалі малодшы сын князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім. У яўрэйскім перапісе 1784 года нарэшце засведчана пражыванне ў Малішаве пяці głow żydowskich, што належалі да Хойніцкага кагалаАрхивЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 392.

Расійская імперыя У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Малішаў апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыіНасевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182. Паводле рэвізіі 1795 года тут было 15 двароў, у якіх жылі людзі прыгоннага стану, 44 мужчыны і 50 жанчын. Прозвішчы — Дрозд, Каток, Бандарэнка, Шматко, Турчын, Канопчанка, Баран, Ліцвінка. Побач, акрамя таго, у 10 дварах пражывалі 41 мужчына і 42 жанчыны з ліку людзей, пакуль што (за выключэннем беззямельных шляхцічаў Цішкевічаў), асабіста вольных. Прозвішчы — Зубко (Зубок), Тышкоўскі (Цішкоўскі), ізноў жа Турчын, Тышкевіч (Цішкевіч), СітнікНГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр. 59. А. 190—195. У наступным 1796 годзе Малішаў згаданы сярод уладанняў пана Людвіка Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцыПетреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71.

2 лютага 1807 года фальварак Паселічы з вёскамі Паселічы і Малішаў аддадзены ў пажыццёвую арэнду пані Караліне Крушэўскай за штогадовую выплату 9 800 польскіх злотых пры ўмове, што ў выпадку смерці пані Людвікі Прозар тая арэнда будзе спыненаAGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 8. Паводле інвентара 1844 года, Малішаў — у складзе маёнтка Хойнікі пана Уладзіслава, сына Караля, Прозара. У спісе незацверджанай у правах расійскага дваранства шляхты названыя сямействы Мікалая, сына Сымона, Базыля, сына Рыгора, Яна, сына Уладзіслава, Яна, сына Казіміра, Цішкевічаў (агулам 38 чалавек), жыхароў МалішаваНГАБ. Ф. 443. Воп. 1. Спр. 1. А. 7-27адв.: Список лицам, состоящим в числе дворян 2-го разряда Речицкого уезда, кои не представили в Минское Дворянское собрание в срок, назначенный Высочайшими указами 5 июля 1838 и 5 ноября 1841 годов доказательств о дворянском своем происхождении. Составлен июля 17 дня 1844 года.. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 51 жыхар абодвух полаў з вёскі Малішаў быў прыхаджанінам Хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы, 57 малішоўцаў-мужчын і 58 жанчын з’яўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны МарыіРасійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 666.

У парэформенны перыяд вёска належала да Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года налічвалася 102 мужчынскія душы сялян-уласнікаў, прыпісаных да Малішаўскага сельскага таварыства, трое аднадворцаў (Цішкевічы), прыпісаных да воласціСписок волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68об.. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Малішаў заставаўся ў прыходзе Хойніцкай царквыМинские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140. Згодна з перапісам 1897 года тут было 69 двароў і 454 жыхары. На 1909 год у Малішаве 88 двароў з 610 жыхараміСписок населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 118.

Найноўшы час 9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Малішаў у складзе Хойніцкай воласці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85.

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Хойніцкая воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Згодна з дакументам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 15 красавіка 1921 года ў Малішаве працавалі дзве школы першай ступені (г. зн. пачатковыя): у адной, агульнай, — 109 вучняў, у другой, польскай, — 25 вучняўДзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19.

З 8 снежня 1926 года да 30 снежня 1927 года вёска — цэнтр Малешаўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акруг БССР. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, а тэрыторыя далучана да Валоцкага сельсавета. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Красный Рассветовец», працавалі вятрак і кузьня. У 1939 годзе ў вёску пераселеныя жыхары пасёлка Новы Пуць. 71 жыхар загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы 936 жыхароў, у складзе Хойніцкага пассавета і калгаса імя М. І. Калініна (цэнтр — вёска Валокі). Існавалі клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі.

Вядомыя асобы Аляксандр Максімавіч Зелянкоўскі (1921—1997) — заснавальнік і першы дырэктар Хойніцкага раённага краязнаўчага музеяКлаўдзія Босак. Нязгасны прамень святла.. Мікалай Мікалаевіч Шкут (нар. 1944) — беларускі этнограф, мастак-жывапісец.

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Хойнікі Катэгорыя:Гісторыя Хойніцкага раёна Катэгорыя:Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна