Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі — міжнародны навуковы форум, арганізаваны Інстытутам беларускай культуры (Інбелкультам), які праходзіў у Менску 14—21 лістапада 1926 года. Гэта была першая і найбуйнейшая міжнародная навуковая канферэнцыя ў БССР, якая лічыцца адным з вяршынных дасягненняў дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі.

Гістарычны кантэкст Канферэнцыя адбылася ў час, калі грамадскія функцыі маладой беларускай літаратурнай мовы невымерна пашырыліся, і сама яна інтэнсіўна развівалася, аднак здабыткі лінгвістыкі ў яе вывучэнні былі яшчэ вельмі сціплымі. Так, акадэмік Я. Карскі толькі ў нязначнай меры цікавіўся праблемамі сучаснай мовы; увогуле ж пэўныя імпульсы для разгортвання такіх даследаванняў узніклі пасля з’яўлення ў 1918 годзе «Беларускай граматыкі для школ» Б. Тарашкевіча, перакладных слоўнікаў 1918 і наступных гадоў, заснавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Інбелкульта.

Цікавасць да рэформы беларускай мовы ў 1926 годзе была ўзбуджана публікацыямі ў друку, правядзеннем шэрагу пашыраных сходаў секцыі мовы і літаратуры Інбелкульта, а таксама падрыхтоўкай Я. Лёсікам (сумесна з братам Антонам) спецыяльнага рэфарматарскага праекта правапісу. У верасні і кастрычніку 1926 года рэзалюцыі з нагоды правапісу прынялі Усебеларуская літаратурна-лінгвістычная канферэнцыя і сход студэнтаў Вышэйшых курсаў беларусазнаўства. Канферэнцыі непасрэдна папярэднічала выданне дзевяці брашур па спрэчных пытаннях правапісу, у якіх шырокія колы грамадскасці мелі магчымасць пазнаёміцца з тагачаснымі правапіснымі праблемамі і шляхамі іх вырашэння.

Традыцыйна ў лінгвістычных працах лічыцца, што прычынамі склікання канферэнцыі былі недахопы арфаграфіі Б. Тарашкевіча (правапіс запазычаных слоў, е ненаціскнога і інш.), узнікненне дыскусіі з гэтай нагоды, патрэба ўзгадніць паміж сабой шматлікія і супярэчлівыя прапановы, а таксама абагульніць дасягненні і абмеркаваць далейшыя шляхі развіцця беларускага мовазнаўства. Сапраўды, асобныя недахопы тагачаснага беларускага правапісу былі рэальнасцю, але, на думку сучасных даследчыкаў, яны не былі настолькі значнымі, каб іх ліквідацыя не магла быць праведзена без склікання спецыяльнага міжнароднага навуковага з’езда.

Згодна з іншым поглядам, канферэнцыя была склікана ў тым ліку з-за палітычных меркаванняў і, увогуле, гэты форум меў пераважна палітычны характар. Падчас падрыхтоўкі і правядзення форуму працавала створаная з высокіх партыйных чыноўнікаў «партпяцёрка» на чале са старшынёй Інбелкульта У. Ігнатоўскім. Улады трактавалі канферэнцыю не столькі як навуковае мерапрыемства, колькі як палітычна-прапагандысцкую акцыю («папераджальнае» мерапрыемства ў дачыненні да рыхтаванага за мяжой Усебеларускага з'езда з удзелам В. Ластоўскага). На думку партыйных арганізатараў канферэнцыі, яна павінна была сімвалізаваць сабой адзінства Камуністычнай партыі Беларусі з заходнебеларускім нацыянальна-вызваленчым рухам і беларускай палітычнай эміграцыяй, пераканаць сусветную грамадскасць у паспяховасці культурна-нацыянальнай палітыкі ў БССР, замацаваць пазіцыі партыі сярод розных груп інтэлігенцыі рэспублікі.

Удзельнікі

У рабоце канферэнцыі з правам рашаючага голасу бралі ўдзел 69 чалавек. Гэта былі члены Інбелкульта, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага камуністычнага ўніверсітэта, Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, настаўнікі дзевяці педагагічных тэхнікумаў, прадстаўнікі літаратурных аб’яднанняў рэспублікі (сярод якіх пісьменнікі А. Бабарэка, У. Дубоўка, Цішка Гартны, М. Гарэцкі, Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля), а таксама запрошаныя спецыялісты з РСФСР, УССР і з-за мяжы.

У канферэнцыі ўдзельнічалі ўсе вядучыя супрацоўнікі Інбелкульта на чале з яго старшынёй У. Ігнатоўскім (С. Некрашэвіч, М. Байкоў, Я. Лёсік, М. Грамыка, Б. Эпімах-Шыпіла і інш.), прафесар БДУ П. Бузук і дацэнты А. Багдановіч, І. Воўк-Левановіч, Л. Цвяткоў.

Сярод замежных гасцей і дэлегатаў з іншых рэспублік бралі ўдзел П. Растаргуеў — прафесар Маскоўскага ўніверсітэта, П. Гарчынскі — дацэнт Ленінградскага ўніверсітэта, Ю. Лазарэвіч — супрацоўнік беларускай секцыі Смаленскага губернскага аддзела народнай асветы, К. Німчынаў — дацэнт Харкаўскага інстытута народнай асветы, М. Фасмер — прафесар Берлінскага ўніверсітэта, М. Біржышка — прафесар, рэктар Літоўскага ўніверсітэта ў Коўне, Э. Блесэ — дацэнт Латвійскага ўніверсітэта ў Рызе, Ю. Галомбак — дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта, Я. Райніс — народны паэт Латвіі, В. Ластоўскі — рэдактар часопіса «Крывіч» (Літва), У. Пігулеўскі — дырэктар Беларускай гімназіі ў Люцыне (Латвія), У. Жылка — рэдактар часопіса «Прамень» (Чэхаславакія), К. Езавітаў — рэдактар газеты «Голас беларуса» (Латвія).

Некаторыя навукоўцы ўдзельнічалі ў дыскусіях завочна: акадэмік Б. Ляпуноў (Ленінград), член Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў А. Чэрны (Прага), Я. Тымчанка і А. Курыла (Кіеў). Іншыя, не маючы магчымасці прыехаць у Менск (Б. Тарашкевіч, акадэмік К. Студынскі і І. Свянціцкі са Львова, Я. Бадуэн дэ Куртэнэ з Варшавы, О. Гуер з Прагі, Ус. Ганцоў і М. Грунскі з Кіева, Дз. Ушакоў з Масквы і інш.), даслалі свае пісьмовыя прывітанні. На канферэнцыю былі запрошаны (аднак па невядомых прычынах не ўдзельнічалі ў ёй) акадэмікі Я. Карскі, П. Лаўроў і член-карэспандэнт АН СССР Л. Шчэрба (Ленінград), член-карэспандэнт АН СССР М. Дурнаво (Прага), В. Вондрак (Брно), Я. Лось і Я. Развадоўскі (Кракаў), прафесар Дарашэнка (Прага), акадэмік А. Крымскі і М. Грушэўскі (Кіеў), член-карэспандэнт АН СССР А. Томсан (Адэса), Э. Бернекер (Германія), А. Беліч (Бялград). Дзеячы беларускага руху з Польшчы не змаглі прыняць удзел, бо польскія ўлады адмовілі ім у выдачы пашпартоў для паездкі ў Менск; з прычыны салідарнасці з імі адмовіўся ехаць на канферэнцыю і лінгвіст Ян Станкевіч.

Правядзенне канферэнцыі Менск у дзень адкрыцця канферэнцыі выглядаў па-святочнаму: былі вывешаны сцягі (у тым ліку некалькі бела-чырвона-белых), курсіравалі агітацыйныя машыны з плакатамі, прысвечанымі дасягненням беларусізацыі. На прадпрыемствах і ва ўстановах праходзілі ўрачыстыя мітынгі і сходы. Рэспубліканскія газеты на першых старонках змяшчалі біяграфіі ўдзельнікаў канферэнцыі, прывітальныя тэлеграмы ад беларусаў з розных куткоў свету, рэзалюцыі мітынгаў.

У час урачыстага адкрыцця канферэнцыі з мэтай дэманстрацыі духоўнай прысутнасці на ёй заходнебеларускіх дзеячаў, якія не змаглі прыехаць з-за нявыдачы ім польскімі ўладамі пашпартоў, былі зачытаны прывітальныя тэлеграмы ад Антона Луцкевіча, Радаслава Астроўскага і Браніслава Тарашкевіча. Апошні, жадаючы ўдзельнікам канферэнцыі добрых вынікаў працы, у сваёй тэлеграме зазначаў, што «культурныя і навуковыя работнікі Заходняй Беларусі перакананы, што ніякая сіла не зможа падарваць культурнай еднасці беларускага народу».

У газеце «Савецкая Беларусь», якая ў перыяд работы канферэнцыі выходзіла ў павялічаным аб’ёме, акрамя ўсіх дакладаў былі надрукаваны таксама інтэрв’ю з В. Ластоўскім і К. Езавітавым. Першы гаварыў, «што на яго вачах паявіліся слёзы радасці пасля таго, што ён убачыў у БССР»; другі змясціў прывітальны верш канферэнцыі.

Для замежных гасцей была падрыхтавана вялікая культурная праграма, выдаткоўваліся сродкі на арганізацыю гучных таварысцкіх сустрэч, банкетаў. Так, у дзень адкрыцця канферэнцыі ў чырвонай зале сталоўкі цэнтральнага рабочага кааператыва была наладжана ўрачыстая вячэра, на якой прысутнічалі кіраўнікі партыі і ўрада рэспублікі. Да канферэнцыі былі прымеркаваны святкаванне 20-годдзя творчай працы Якуба Коласа, адкрыццё Беларускага другога дзяржаўнага тэатра (БДТ-2) у Віцебску. Ганаровымі гасцямі гэтых мерапрыемстваў былі замежныя ўдзельнікі канферэнцыі. У апошні дзень яе работы ў клубе імя Карла Маркса ў Менску адбыўся канцэрт беларускай музыкі, у пачатку якога аркестр пасля «Інтэрнацыянала» выканаў «беларускую марсельезу» («Ад веку мы спалі…»).

Праца

Праца канферэнцыі праходзіла на пленарных пасяджэннях і ў трох камісіях: графічнай (старшыня — В. Ластоўскі), правапіснай (старшыня — К. Езавітаў) і літаратурнай. У правапісную камісію ўваходзіла 30 удзельнікаў канферэнцыі. Канферэнцыя праходзіла дэмакратычна: усе дэлегаты мелі магчымасць выказваць свае думкі, а пастановы прымаліся шляхам адкрытага галасавання. На форуме адбылося вострае сутыкненне думак паміж прыхільнікамі хуткай і радыкальнай рэформы (Я. Лёсік) і паслядоўнікамі памяркоўнага вырашэння гэтай праблемы (С. Некрашэвіч, А. Багдановіч, П. Растаргуеў і інш.).

Рэформа беларускай азбукі

Аб рэформе беларускае азбукі з дакладамі выступілі Я. Лёсік i П. Растаргуеў. Я. Лёсік сыходзіў з таго, што тагачасная беларуская арфаграфія знаходзіцца ў «крызісе». Ён прапанаваў гукі [дз] i [дж] пазначаць праз д i ж з дыякрытычнымі значкамі (д̆ і ӂ), выбухны гук [ґ] абазначаць спецыяльнай літарай ґ, а таксама замяніць літару й на ј. Спалучэнне зычнага [й] з галоснымі прапаноўвалася абазначаць праз ј (јэхаць, јолка, јунак, маја), пакінуўшы літары е, ё, ю, я выключна для пазначэння галоснага гука і мяккасці папярэдняга зычнага. Акрамя таго, Я. Лёсік прапанаваў замяніць літару э на є, а ы — на и. У сваю чаргу, прафесар П. Растаргуеў прапанаваў афрыкаты [дз] i [дж] перадаваць літарамі сербскага алфавіта — ђ (ђед), ћ (хаћу), а літару й замяніць літарай ј i выкарыстоўваць яе ў тых выпадках, як прапанаваў Я. Лёсік.

Для больш дэталёвага разгляду прапаноў была створана Графічная камісія, якая адхіліла найбольш радыкальныя прапановы па змене галосных літар, аднак пастанавіла: зацвердзіць увядзенне сербскіх літар ђ і ћ для афрыкат [дз] і [дж]; замяніць літару й лацінскай літарай j з выкарыстаннем яе ў пачатку склада перад галоснымі; літары я, е, ю, ё пакінуць толькі для пазначэння мяккасці зычных.

Спроба ўвядзення беларускай лацінкі Цікавым эпізодам на канферэнцыі стала спроба надаць легітымны статус беларускай лацінцы. Падчас адкрыцця ў прэзідыум была пададзена запіска-прапанова аб неабходнасці ўвядзення ў БССР дадаткова да кірылічнага алфавіта лацінкі, якая цяпер ужываецца ў Заходняй Беларусі. Тэкст быў напісаны і першым падпісаны М. Гарэцкім. Агулам запіску падпісалі 40 удзельнікаў, у тым ліку У. Ігнатоўскі, Г. Гарэцкі, Я. Дыла, А. Смоліч, М. Грамыка, А. Сянькевіч, П. Бузук, Л. Цвяткоў, Ю. Гаўрук, І. Самковіч, Я. Бялькевіч, З. Жылуновіч, К. Чорны, Я. Колас, А. Гурло, А. Бабарэка, С. Некрашэвіч, Я. Лёсік і інш.

У канцы тэксту У. Ігнатоўскі зрабіў прыпіску з умовай: «Умова — сувязь з усёй СССР». Некаторыя дэлегаты падпісалі запіску з агаворкамі, напрыклад Якуб Колас адзначыў, што гэта пытанне «не на чарзе нашага дня», а С. Некрашэвіч паставіў подпіс «з вялікаю асцярожнасцю». Нягледзячы на вялікую колькасць падпісантаў, гэты дакумент на канферэнцыі не абмяркоўваўся, бо прэзідыум не палічыў патрэбным абмяркоўваць пытанне, якое ўзнікла «выпадкова» і не было запланавана папярэдне.

Рэформа беларускага правапісу Былі заслуханыя даклады Я. Лёсіка і С. Некрашэвіча пра рэформу беларускага правапісу. Я. Лёсік прапанаваў узаконіць на пісьме поўнае аканне і яканне, гэта значыць любы галосны няверхняга пад’ёму пасля цвёрдага зычнага перадаваць літарай а (баранава́ць, дапо́), а пасля мяккага зычнага — літарай я ва ўсіх складах (пяцярня́, лягкаду́мны, пяракулі́ць). Зычныя гукі ён раіў пісаць паводле фанетычнага прынцыпу, за выключэннем канцавых (казьба ад «касіць», ношка ад «нага», але: рог, воз), а гукі [й], [ў], калі яны стаяць асобна (злучнік, прыназоўнік) або ў пачатку слова пасля галоснага — праз і, у (нязменнае напісанне і і у). Пазіцыйную мяккасць свісцячых ён прапанаваў не абазначаць мяккім знакам (каменне, снег, а не каменьне, сьнег), а ў назоўніках і прыметніках на канцы не пад націскам замест літары е пісаць літару і (у лесі, леваі рукі).