Будынак банка — помнік грамадзянскага дойлідства пачатку XX ст. ў Брэсце, размешчаны на плошчы Леніна, па адрасе вул. Леніна, 9. Пабудаваны ў 1926 г. па праекце польскага архітэктара з выкарыстаннем элементаў позняга класіцызму і эклектычных элементаў архітэктуры стылістыкі пачатку XX ст.

Архітэктура

Уяўляе сабой трохпавярховы будынак з высокім цокальным паверхам, які складаецца з двух узаемна перпендыкулярных крылаў, злучаных аб'ёмам у выглядзе дамінуючай над усёй пабудовай ратонды са сферычным купалам. Цэнтральная частка крыла, што выходзіць на вул. Леніна, крыху выступае наперад і мае двухпавярховы аб'ём з высокімі вокнамі на другім паверсе. Акцэнт зроблены на арыентаваных на плошчу і вул. Леніна аб'ёмах, сцены якіх расчлянёны пілястрамі з іанічнымі капітэлямі і трохчвэртнымі калонамі. У дэкаратыўнай апрацоўцы фасадаў выкарыстаныя сферычныя нішы, сандрыкі на фігурных кранштэйнах, ляпныя элементы. Будынак завершаны развітым карнізам, над якім — парапет-балюстрада. Спалучэнне ордарных элементаў з багатай прафіліроўкай дэталей надае будынку асаблівую ўрачыстасць.

Планіроўка калідорная. Па перыметры круглага ў плане вестыбюля размешчаныя гранёныя слупы. Сцены вестыбюля і яго парадныя вітыя ўсходы дэкарыраваныя рустам. Сцены фае на другім паверсе ратонды і аперацыйная зала расчлянёныя пілястрамі і ўпрыгожаныя ляпнымі элементамі.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Плошча Леніна (Брэст) Катэгорыя:Вуліца Леніна (Брэст) Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Брэста Катэгорыя:Славутасці Брэста Катэгорыя:Банкаўскія будынкі