Грэ́бень. Сустракаецца таксама варыянт Грабе́ня, ж. (за Грабе́няю) (, ), таксама Грабе́ня — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месціцца за 38 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 30 км ад Мінска, 15 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі Мінск — Асіповічы, на рацэ Пціч (прыток Прыпяці).
Назва Паводле Вадзіма Жучкевіча, назва Грэбень можа паходзіць ад тэрміна грэбень — пералом схілу грады, пагорка, таксама ўзвышаная паласа сярод забалочанай мясцовасці. Таксама назва магла ўтварыцца ад пераасэнсавання асновы грэбля — дарога цераз балота, з канавамі, часам пасыпаная хворастам.
На думку краязнаўцы Аляксандра Ельскага, назва магла пайсці ад слова грэбці, бо тут у старажытнасці павінен быў быць рачны паром, які дзейнічаў з дапамогай вёслаў.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
На старых картах і дакументах Грэбень называўся Грэбня. У старажытнасці тут быў тракт, які злучаў поўдзень і поўнач Русі Літоўскай. На думку Аляксандра Ельскага, ля Грэбеня мусіў быць рачны перавоз. Пазней тут з’явіўся ўмацаваны мост.
У пісьмовых крыніцах паселішча вядомае з 1492 года С. 205.. Напісанне старабеларускай мовай: Гребень. У 1567 годзе сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. У 1633 годзе вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў дакумент, які дазваляў уладальніку Грэбеня Крыштофу Валадковічу, пісару менскага ваяводства, браць мыта за праезд па мосце.
У XVI стагоддзі Грэбень належаў Адахоўскім, і гэта быў іх фундум (галоўны фальварак, які належаў толькі гаспадару). У 1621 годзе Рафал Адахоўскі прадаў Грэбень Янушу Быхаўцу (?—1653) шляхецкага роду Быхаўцаў герба «Магіла», які паходзіў са Смаленскай зямлі, і яго жонцы Ганне з Горскіх. Праз дзесяць гадоў Грэбень быў у валоданні Валадковічаў. Ад пачатку XVIII стагоддзя Грэбенем валодалі Радзівілы, фундум каторых быў у недалёкім Анопалі. У 1743 годзе была пабудаваная царква. У канцы XVIII стагоддзя Грэбень з суседнімі Берчукамі, Яськевічамі і Слабадой набыў Станіслаў Ельскі, палкоўнік пяцігорскі і скарбовы камісар у Вялікім Княстве Літоўскім.
Пад уладай Расійскай імперыі
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні.
У 1800 годзе ў вёсцы былі царква Раства Багародзіцы, карчма, вадзяны млын, сукнавальня. У першай чвэрці XIX ст. праз эксдывізарскі суд Грэбень стаў уласнасцю Кабылінскіх (Себасцьяна Кабылінскага), а праз вена ад Анны Кабылінскай перайшоў да Лыкавых.
У 1839 годзе на сродкі памешчыцы Анны Лыкавай з Кабылінскіх пабудаваная драўляная царква. У 1858 годзе сяло і маёнтак, прыватная ўласнасць. У 1861 годзе адкрытае народнае вучылішча. Пасля 1861 года ў Дудзіцкай воласці Ігуменскага павета. Паводле перапісу 1897 года ёсць хлебазапасны магазін, млын, піцейны дом, царква. Краязнавец Аляксандр Ельскі ў другой палове XIX стагоддзя пісаў, што палова жыхароў Грэбеня ёсць сялянамі, а палова засцянковай шляхтай.
У 1876 годзе ўладальніцамі маёнтка былі: Генрыета Восіпаўна Лыкава, Анна Міхайлаўна Лыкава, Марыя Міхайлаўна Лыкава (усе праваслаўныя дваранкі, уласнасць атрымана ў спадчыну), мелі 643 дзесяціны зямлі.
У 1889 годзе буйным землеўладальнікам у вёсцы быў праваслаўны селянін Антон Восіпавіч Багрыцэвіч, які меў 43,3 дзесяціны зямлі, у сяле землеўладальнікам быў праваслаўны селянін Іван Рамуальдавіч Джарыба (Дзярыба), які меў 27 і ⅚ дзесяціны. Маёнткам Грэбень валодалі праваслаўная дваранка Марыя Міхайлаўна Лыкава, якая мела 600 дзесяцін зямлі і дваранка рыма-каталіцкага веравызнання Анна Міхайлаўна Багдашэўская (народжаная Лыкава), якая мела 344 дзесяціны. У 1913 годзе ўласніцай маёнтка была Анна Багдашэўская, было 647 дзесяцін зямлі.
Найноўшы час З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай воласць абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Да пачатку 1920 года створаная школа 1-й ступені. У 1930 годзе праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас «Світанне», была кузня, стальмашня, рымарня. З 1938 года вёска.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй.
У 2002 годзе вёска ў Навапольскім сельсавеце. У красавіку 2025 года валанцёры аднавілі шляхецкія пахаванні на мясцовых могілках, у тым ліку пахаванні сям’і Кабылінскіх.
Насельніцтва 1800 год — 30 двароў, 209 жыхароў 1858 год — 153 жыхары 1897 год — 60 двароў, 375 жыхароў; маёнтак — 2 двары, 43 жыхары 1907 год — 54 двары, 349 жыхароў; маёнтак — 104 жыхары 1917 год — сяло, 38 двароў, 202 жыхары, усе беларусы; вёска — 15 двароў, 77 жыхароў, усе беларусы; маёнтак — 1 двор, 104 жыхары, з іх 65 беларусаў і 39 палякаў 1960 год — 296 жыхароў 1999 год — 109 жыхароў 2002 год — 41 двор, 74 жыхары 2010 год — 33 двары, 62 жыхароў 2012 год — 24 гаспадаркі, 43 жыхары 2019 год — 45 жыхароў
Інфраструктура На 2002 год у вёсцы былі сярэдняя школа, фельчарскі-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, ветэрынарны ўчастак, майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, крама, аддзяленне сувязі.
Славутасці
Курганны могільнік. На паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі, ва ўрочышчы Курганы, побач з балотам. Сямейнае пахаванне Кабылінскіх Скарб пачатку XVII стагоддзя, знойдзены ў 1950 годзе ў ваколіцах Грэбеня. Захоўваецца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея
Страчаная спадчына Капліца Царква Святога Міхаіла Архангела (1839—1922) Сядзіба (XVIII/XIX — 1917)
Спіс вуліц Цэнтральная вуліца
Вядомыя асобы Валянціна Іванаўна Міронава (нар. 1953) — беларуская дзяржаўная служачая.
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т.3. Дадатак. А-Я /рэдкал.:Т. У. Бялова (гал.рэд). Мінск: Беларус. Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2010. с.91
Спасылкі
Катэгорыя:Навапольскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Пухавіцкага раёна