Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у г.п. Бялынічы, Магілёўская вобласць. Адзін з найбагацейшых у Вялікім Княстве Літоўскім. У кляштары знаходзіўся цудатворны абраз Божай Маці, шанаваны хрысціянамі розных канфесій. Праз шматлікія працэсіі і паломніцтвы да яго Бялынічы зваліся «Беларускай Чэнстаховай»Насевіч В. Бялынічы // С. 166..
Гісторыя Заснаваны ў 1624 годзе канцлерам вялікім літоўскім Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У 1634 годзе невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Магілёве ў Вялікую Айчынную вайну. У сярэдзіне XVIII ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. Касцёл y стылі позняга барока пабудаваны ў 1742—1763 гг.
Улады Расійскай імперыі закрылі кляштар у 1832 годзе, статус касцёла быў паніжаны да парафіяльнага. У 1877 годзе у будынках былога кармеліцкага кляштара быў размешчаны Бялыніцкі манастыр Раства Багародзіцы, які існаваў да 1918 года. Колькасць манахаў дасягала 40 чалавек (на пачатку XX ст). Да Бялыніцкага манастыра быў прыпісаны і пазаштатны Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У храме захоўваўся цудатворны абраз Маці Божай, які застаўся ад кармелітаў.
У 1930-я гады ператвораны ў клуб, пры гэтым разбураны купал і фасад. Пасля вайны выкарыстоўваўся як кінатэатр, потым — склад. Касцёл узарваны ў 1960-я гады. У корпусе кляштара некаторы час была школа, узарваны ў 1970-я гады, каб пабудаваць на яго месцы гандлёвы цэнтр.
Архітэктура У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара (размаляваны фрэскамі), мураваная агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі.
Касцёл Касцёл уяўляў сабой трохнефаную крыжова-купальную базіліку з трансептам, даўжынёй 43 м, шырынёй 22, вышыня да скляпення 18 м. Багата дэкарыраваны ордарнымі элементамі і скульптурамі галоўны фасад падзяляўся па гарызанталі на тры ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на пяць частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Над уваходам з вялікім арачным парталам быў балкон з балюстрадай і акно ў ляпным абрамленні.
Інтэр’ер касцёла быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, а таксама сюжэтнымі размалёўкамі.
Роспісы Аўтарства трох кармеліцкіх храмаў у Бялынічах, Магілёве і Мсціславе належыць адным і тым жа асобам. З кармеліцкіх фінансавых дакументаў вядома, што цыкл кампазіцый у бялыніцкім кляштары належыць пэндзлю мастака Юзафа, які пазней выправіўся на працу ў Магілёў. Аднесці роспісы мсціслаўскага касцёла да тых жа мастакоў можна на падставе стылістычнага падабенства жывапісу і аздаблення, супадзення па часе выкананняПраблема вызначэння аўтарства кармеліцкіх роспісаў Магілёўшчыны: новыя звесткі / Шаўрук К. С. // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі : [зборнік артыкулаў] / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўная навуковая ўстанова «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры», філіял «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы». — 2022. ― Вып. 32. ― С. 151―158.
Вядома, што «мастак пан Юзаф» быў запрошаны кармелітамі ў Бялынічы менавіта для выканання дэкарацый з нагоды ўрачыстай каранацыі абраза.
З роспісаў кармеліцкага манастырскага комплексу да нашых дзён захаваліся толькі фрагменты жывапісу, знятыя рэстаўратарамі са сцен лесвічнай клеткі кляштара ў 1978 г. перад тым, як будынак быў узарваны.
Мастак-рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі так успамінаў пра выратаванне фрэсак:
Рэстаўратар Юрый Маліноўскі, які займаўся падрыхтоўкай да экспанавання знятых у Бялынічах роспісаў, адзначаў, што граф’я (след ад пераводу на тынк малюнка з папярэдне падрыхтаванага кардону) сустракаецца там выключна на фрагментах дэкаратыўнага аздаблення, самі ж выявы персанажаў намаляваны непасрэдна па тынку.
Сёння частка адрэстаўраваных фрэскавых кампазіцый з лесвічнай клеткі бялыніцкага кляштара захоўваецца ў музеі імя П. Масленікава ў Магілёве, частка — у Бялынічах.
На думку мастацтвазнаўца Катажыны Шаўрук кампазіцыя «Перамяненне Пана» з лесвічнай клеткі ў Бялынічах амаль цалкам супадае з вырашэннем таго ж сюжэта ў галоўным нефе архікафедральнага касцёла Святых Янаў у Любліне. Аўтарам роспісаў люблінскага касцёла з’яўляецца мараўскі мастак Юзаф Маер. У сваіх працах Ю. Маер выкарыстоўваў і надпісы на іўрыце, як і «мастак Юзаф», які распісваў бялыніцкую гадзіннікавую вежу. Шаўрук дапускае, што Ю. Маер быў тым самым запрошаным кармелітамі ў Бялынічы мастаком.
Літаратура
Спасылкі
Радзевич И. Р. АРХИТЕКТУРНОЕ РЕШЕНИЕ КОСТЕЛА В БЕЛЫНИЧАХ И ВЛИЯНИЕ ЧУДОТВОРНОЙ ИКОНЫ ДЕВЫ МАРИИ НА ФОРМИРОВАНИЕ АЛТАРЯ
Катэгорыя:Бялынічы Катэгорыя:1624 год у Еўропе Катэгорыя:1763 год у Беларусі Катэгорыя:Колішнія касцёлы Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Храмы Бялыніцкага раёна Катэгорыя:Кармеліцкія кляштары Беларусі