Сабалі́. Сустракаецца таксама варыянт Сабале́ (, ) — вёска ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Сігневіцкага сельсавета. Размешчана за 18 км ад Бярозы, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская.

Назва Недалёка Сабалёў (ля Кобрыні ў в. Залессе) у "Рэвізіі Кобрыньскай эканоміі" 1563 г. засведчаны "Соболь Тереховичъ". Тут сама (Кобрынь, Гарадзец) неаднаразова прозвішча "Сабалевіч" ("Нелепъ Соболевичъ" і інш.)Ревизия Кобринской экономии: составленная в 1563 году королевским ревизором Дмитрием Сапегой. — Вильна, 1876. С. 17, 23, 98..

На думку В. Жучкевіча, назвы вёсак Сабалёўка, Сабалеўшчына, Сабалі, Сабалькі, Сабалюнцы паходзяць ад прозвішчаў, шырокае распаўсюджанне якіх сведчыць аб вялікай колькасці сабалёў у беларускіх лесах у мінулымВ. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 354.. Той жа думкі быў і М. Бірыла, які прозвішчы Собаль, Собалеў, Сабаленка, Саболька, Сабалеўскі выводзіў ад слова собальМ. В. Бірыла. Беларуская антрапанімія. 2. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўный лексікі. Мінск, 1969. С. 386..

З іншага боку, мяркуецца, што антрапонімы, што паслужылі крыніцай прынамсі для некаторых тапонімаў тыпу Сабалі, могуць быць ад старажытнабалцкага двухасноўнага імені тыпу Sa-balas. Ёсць літоўскія прозвішчы Sabalas, Sabalionishttps://pavardes.lki.lt/?pv=018dc6b338722c5993b85e3f9357b800.

Гісторыя У 1563 годзе вёска ў Дабучынскай воласці Кобрынскай эканоміі, у абшары двара Блудзенскага і войтаўства Блудзенскага.

Пад уладай Расійскай імперыі Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1863 годзе тут каля вёскі ішлі баі паміж паўстанцамі і карнымі атрадамі. Ад тых падзей урочышча каля Сабалёў атрымала назву Маскалі. Забітыя паўстанцы былі пахаваны на месцы бою ў адной брацкай магіле. Паводле перапісу 1897 года вёска ў Равяціцкай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні, дзейнічаў хлебазапасны магазін.

Найноўшы час З 1915 года акупіравана германскімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і з жніўня 1920 года — войскамі Польшчы. У ліпені 1920 устаноўлена савецкая ўлада.

З 1921 года ў складзе Польшчы. У 1924 годзе вёска ў Равяціцкай гміне Пружанскага павета Палескага ваяводства.

З 1932 года ў Сігневіцкай гміне. З 1939 года ў БССР. З 1940 года вёска ў Равяціцкім сельсавеце.

У 1941—1944 гг. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На фронце ў Вялікую Айчынную вайну загінулі 12 воінаў-землякоў. З 1954 года ў Сігневіцкім сельсавеце. Паводле перапісу 1970 года ў калгасе «Запаветы Леніна».

Планіроўка Забудова вёскі нагадвае трохпрамянёвую зорку (вуліцы разыходзяцца ад цэнтра вёскі на паўночны захад, паўночны ўсход і паўднёвы ўсход, арыентаваныя на паўночны захад і паўночны ўсход робяць далей правы паварот пад прамым вуглом; арыентаваная на паўднёвы ўсход вуліца — прамая, да яе прымыкае з правага боку завулак, да якога яшчэ адзін завулак, паралельны вуліцы).

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1897 — 61 двор, 365 жыхароў. XX стагоддзе: 1905 — 395 жыхароў. 1924 — 54 будынкі, 254 жыхары. 1940 — 87 двароў, 469 жыхароў. 1959 — 118 гаспадарак, 430 жыхароў. 1970 — 460 жыхароў. XXI стагоддзе: 2005 — 79 двароў, 130 жыхароў. Славутасці

Брацкая магіла ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў. У час Першай сусветнай вайны і наступных падзей магіла інсургентаў была забыта, у 1928 выпадкова знойдзена, у 1929 польскія ўлады ўстанавілі драўляны крыж і надмагільныя пліты, якія ў 1939 былі знішчаны. У час Другой сусветнай вайны мясцовыя жыхары ўстанавілі новы крыж, асвячоны ксяндзом з Сігневічаў. У пачатку 1990-х г. жыхар Л. В. Кугач вырабіў з жалезных труб новы крыж.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Сігневіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Бярозаўскага раёна