Залатаго́рскія мо́гілкі — знішчаныя могілкі ў Залатагорскім прадмесці Мінска. Захаваліся асобныя магілы, што месцяцца на тэрыторыі касцёла Святога Роха.

Гісторыя

Могілкі ўтвораныя ў 1790 годзе. У 1796 годзе на тэрыторыі могілак з’явілася драўляная капліца ў гонар Усіх Святых. У 1842 годзе пасля пажару капліца была адрамантаваная і пераробленая ў касцёл. У 1850 годзе было прызнана, што немэтазгодна падтрымліваць рамонтамі драўляны касцёл, лепш пабудаваць мураваны. Будаўніцтва мураванага касцёла было скончанае 1 лістапада 1864 года.

Могілкі мелі статус «сумесных»: тут у першую чаргу хавалі парафіян Траецкага касцёла, але таксама і ўніяцкіх цэркваў. З канца XVIII стагоддзя на ўсіх гарадскіх планах могілкі пазначаліся як «мінскія каталіцкія». У першай палове XIX ст. з’явілася назва Залатая Горка. Пасля 1839 года, у выніку ліквідацыі Уніі, могілкі сталі цалкам каталіцкімі.

У 1840-х гадах тэрыторыя могілак значна пашыраецца. У той час у Менску ў 1848 і 1853 гадах здараліся цяжкія эпідэміі халеры. Людзей, што паміралі ад халеры, хавалі на гэтак званых «халерных могілках». Дзеля гэтага быў адведзены адмысловы пляц, які быў аддзелены ад асноўных пахаванняў агароджай і санітарнай зонай.

Пасля закрыцця У 1893 годзе могілкі закрытыя, падзахоўванне да блізкіх сваякоў дазвалялася ў выключных выпадках. У часе Першай сусветнай вайны тут хавалі ахвяр нямецкіх бамбаванняў Мінска. У 1915—1916 гадах тут хавалі вайскоўцаў родам з Мінска, якія паміралі ад ран у тылавых шпіталях. Тычылася гэта толькі афіцэрскага складу.

На могілках пахаваныя святары, прадстаўнікі каталіцкага духавенства, манахі менскіх кляштараў. Тут пахаваны Дамінік Манюшка, дзядзька Станіслава Манюшкі, які памёр у эпідэмію халеры.

Пасля 1920 года, за савецкім часам, могілкі цалкам закрытыя. У Другую сусветную вайну на могілках здзяйсняліся пахаванні. Пасля Другой сусветнай вайны паўзверх халернага сектара могілак былі пабудаваныя жылыя дамы (№ 7, 9 па вуліцы Чырваназоркавай, часткова шпіталь па Чырваназоркавай № 4). У 1973 годзе збудаваны Палац мастацтва, у выніку чаго была знішчаная частка пахаванняў, якія былі на гэтай тэрыторыі.

Вяртанне надмагілляў і добраўпарадкаванне У 2017 годзе валанцёрамі на прыкасцёльную тэрыторыю былі вернутыя 12 надмагільных пліт знішчаных могілак, дагэтуль яны былі скінутыя ў лесе на ўездзе ў вёску Прылукі. У 2017 годзе закрытая тэрыторыя могілак плошчай 2 га, якая дагэтуль належала Міністэрству сувязі, была перададзеная касцёлу Святога Роха для добраўпарадкавання. У 2018 годзе на перададзенай тэрыторыі была адкрытая частка дэндрапарку. У далейшым плануецца стварэнне алеі з мемарыялам, аптэкарскі парк, пляц ружоўніка, парк з біблійнымі раслінамі.

Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках Уладзіслаў Станіслававіч Тышкевіч (каля 1821 — 1869) — расійскі ваенны дзеяч, палкоўнік, камандзір 30-й артылерыйскай брыгады.

Галерэя

Спасылкі

Могілкі на сучасным плане горада Залатагорскія могілкі на рэпрадукцыі карты Мінска 1898 г. (пункт 49) Залатагорскія могілкі на карце Мінска 1903 г. (пункт 9) Здымак пахавальнай працэсіі на Залатагорскіх могілках у часе Другой сусветнай вайны Рэшткі Залатагорскіх могілак на фотаграфіях і відэа

Катэгорыя:Колішнія могілкі Мінска Катэгорыя:Залатая Горка