Віталь Рыгоравіч Гарановіч (, в. Ермакі, Маладзечанскага раёна — , Глыбокае) — беларускі паэт, педагог.
Біяграфія Вучыўся ў Ермакоўскай васьмігадовай школе (1959—1967) і Хоўхлаўскай СШ (скончыў у 1969) Маладзечанскага раёна.
Служыў у Савецкай Арміі ў Прыкарпацкай ваеннай акрузе (1970—1972). Пасля пэўны час працаваў у выдавецтве «Вышэйшая школа», затым на паліграфічнай фабрыцы «Чырвоная зорка» ў Мінску.
Скончыў філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (1977). Пасля інстытута працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Задарожскай васьмігадовай школы, у 1979—1983 гадах дырэктарам Кіраўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна. У 1983—2004 — дырэктар СШ № 3 у Глыбокім. З 2004 года старшыня Глыбоцкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Сябра Таварыства беларускай мовы і Таварыства беларускай школы.
Памёр года ў Глыбокім. Пахаваны на могілках в. Рабунь Вілейскага раёна.
Творчасць У школьны час яго вершы публікаваліся ў часопісе «Бярозка», раённай газеце «Святло камунізму». У гады службы ў арміі супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты «Слава Родины» Прыкарпацкай ваеннай акругі. Студэнтам друкаваўся ў інстытуцкай газеце «Савецкі настаўнік». У 1978 годзе выйшла падборка вершаў у часопісе «Маладосць», а таксама публікацыя вершаў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». З гэтага часу рэгулярна публікуецца ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку.
Удзельнік літаратурных семінараў у Каралішчавічах. У 1997 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў першы зборнік вершаў «Беразвечча», які быў адзначаны складальнікамі анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла» як «…хоць запозненая, але яркая кніга». Наступныя лірычныя зборнікі — «Святло блакіту» (2002), «Саракі» (2007), «Нараджэнне вады» (2011) выйшлі ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор». У 2003 годзе ў «Беларускі кнігазборы» выйшаў зборнік песень «Глыбоцкі вальс» (у суаўтарстве з самадзейным кампазітарам Галінай Шакола).
Лаўрэат літаратурнай прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2009) за кнігу вершаў «Саракі».
Бібліяграфія
Зборнікі вершаў
Беразвечча (1997, «Мастацкая літаратура») Святло блакіту (2002, «Беларускі кнігазбор») Саракі (2007, «Беларускі кнігазбор») Нараджэнне вады (2011, «Беларускі кнігазбор»)
Зборнікі песень
Глыбоцкі вальс (2003, «Беларускі кнігазбор»)
Зборнікі твораў
Пагавары са мной (2015, «Беларускі кнігазбор»)Кніга складзена і выдадзена жонкай пасля смерці паэта.
Спасылкі Гарановіч Віталь Рыгоравіч на сайце «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснаць» У ГЛЫБОЦКАЙ СШ № 3 АДКРЫЛІ МЕМАРЫЯЛЬНУЮ ДОШКУ Ў ГОНАР ПАЭТА І ПЕДАГОГА З МАЛАДЗЕЧАНШЧЫНЫ ВІТАЛЯ ГАРАНОВІЧА (ФОТА, ВІДЭА)
Катэгорыя:Члены Таварыства беларускай мовы Катэгорыя:Паэты СССР Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты