Абакан (, ) — рака ў Расіі, у Хакасіі, адзін з найбуйнейшых левабярэжных прытокаў Енісея.
Даўжыня ракі — 327 км (з Вялікім Абаканам — 514 км), плошча вадазбору — 32000 км². Утвараецца пры зліцці Вялікага Абакана і Малога Абакана, якія бяруць пачатак на паўночных схілах Заходняга Саяна і Алтайскіх гор. Упадае ў Краснаярскае вадасховішча ля падножжа гары Самахвал.
У верхнім цячэнні Абакан працякае па вузкай, парослай тайгой даліне; ля сяла Вялікі Манок даліна рэзка пашыраецца, пераходзячы ў Мінусінскую катлавіну. Тут рэчышча Абакана разбіваецца на шматлікія рукавы. Рака мае пераважна снегавое і дажджавое жыўленне. Ледастаў з другой паловы лістапада па канец красавіка. Пры ўпадзенні ракі ў Енісей (Краснаярскае вадасховішча) размешчана сталіца Хакасіі — горад Абакан. Таксама на рацэ — населеныя пункты Абаза, Дамажакаў, Райкоў. Расход вады — 381 м³/с, у раёне Абазы — 308 м³/с.
Літаратура
Малая советская энциклопедия / Гл. ред. Б. А. Введенский. 3-е изд. — М.: БСЭ, 1958. — 250 000 экз. — С. 11.
Спасылкі Река Абакан // Государственный водный реестр РФ Иванов В. В. Абакан // Научно-популярная энциклопедия «Вода России»
Катэгорыя:Прытокі Енісея Катэгорыя:Рэкі Хакасіі