Васіль Васільевіч Гразноў (,  — , ) — мастацтвазнавец, этнограф, мастак, краязнавец, даследчык беларускай архітэктуры.

Біяграфія Скончыў Строганаўскае вучылішча тэхнічнага малявання па спецыяльнасці «вучоны малявальшчык і свабодны мастак пейзажнага жывапісу». Служыў у якасці мастака на «срэбнай фабрыцы» С. І. Сазікава. У 1864 годзе па запрашэнні папячыцеля Віленскай навучальнай акругі І. П. Карнілава пераехаў у Вільню, дзе, як пісаў ён мастацкаму крытыку У. В. Стасаву, «прысвяціў сябе з палкім юнацкім запалам розным працам … і асабліва па пошуку гістарычных помнікаў».

З 1862 года выкладаў маляванне і чыстапісанне ў Віленскай мужчынскай гімназіі, згадваецца ў Памятнай кніжцы Віленскай навучальнай акругі на 1895―1896 навучальны год. Яго калегамі па гімназіі з’яўляліся выкладчык геаграфіі і рэдактар «Віленскага Каляндара» Мікалай Іванавіч Юніцкі, гісторык Арсень Турцэвіч і іншыя, не менш яркія асобы. З 1886 года выкладаў у жаночай гімназіі.

Даследчая дзейнасць і мастацкая творчасць

«Ёсць у Вільні яшчэ адзін шаноўны і бескарыслівы дзеяч па распрацоўцы мясцовай гісторыі, гэта выкладчык віленскай мужчынскай гімназіі, мастак В. В. Гразноў. Ён на свае небагатыя сродкі робіць паездкі ў розныя месцы Літвы і Беларусі, шукае старажытныя помнікі рускай народнасці і робіць з іх акварэльныя віды і здымкі. Паслугамі яго часткай ужо скарыстаўся П. М. Бацюшкаў у сваіх „Помніках рускай даўніны ў Заходніх губернях“. Акрамя таго, некаторыя яго здымкі з мясцова шанаваных абразоў выдадзены ў „Віленскім Календары на 1887 г.“. Але за ўсім тым у партфелі В. В. Гразнова назапасілася значная колькасць акварэляў са старажытных помнікаў рускай народнасці і праваслаўя ў краі, якія варта было б выдаць, але не ў Вільні, дзе ўласна няма і тэхнічных сродкаў да мастацкага рэпрадукавання», ― пісаў у віленскіх цыдулках М. І. Пятроў.

Графіка Гразнова звычайна выстаўлялася ў Пецярбургу на археалагічных з’ездах. З яго ліста ад 4 студзеня 1900 года да І. П. Карнілава вядома, што Пецярбургскае таварыства архітэктараў выставіла 28 прац з выявамі беларуска-літоўскіх гістарычных помнікаў.

З прац В. Гразнова захаваліся нешматлікія. Так, вядомая яго акварэль з выявай Лідскага замка. Карціна напісана з іншага пункту, чым працы Ю. Пешкі і В. Дмахоўскага. Ранішнія прамяні сонца падаюць на ўсходнюю сцяну старога замка, ад вежаў якога засталося толькі два астанцы. Над зарослым прудом узвышаюцца 16 байніц. Беларускі гісторык А. А. Трусаў лічыць малюнак лепшай выявай Лідскага замка. Беларуская Сынкавіцкая царква св. Міхаіла вядомая як выдатны помнік архітэктуры. В. Гразноў, даследаваўшы яе, зрабіў некалькі замалёвак.

У 1860-я гг. В. Гразноў першы даследаваў і апісаў гарадзенскую Барысаглебскую (Каложскую) царкву, пакінуўшы свае ўражанні ў нарысе, які выйшаў у Вільні ў 1893 годзе. Гразноў выявіў у муры царквы галаснікі, знакі на гліне і выказаў думку, што царква мела фрэскаваю афарбоўку: «На бакавіцы многіх цаглін Каложскай царквы заўважаюцца рэльефныя знакі рознага выгляду, якія ўяўляюць просталінейныя зігзагі, невядомыя знакі і славянскія літары, пяціканцовую зорку і раўнаканцовы старажытны візантыйскі крыж, а на некаторых яны паўтараюцца некалькі разоў». В. Гразноў выявіў у правай частцы алтара зафарбаваныя сілуэты кампазіцыі «Святая Троіца», у сярэдняй частцы ― крыж, уверсе паміж алтарнай частцы ― выяву сонца і месяца. Ён зрабіў план і разрэзы руін храма, дэталёвы малюнак алтарнага вакна, віды паўднёвага і заходняга фасадаў. Нягледзячы на тое, што Гразноў маляваў царкву ў 1856 годзе, і многае яму давялося аднаўляць па памяці ці па эскізах, зробленых яшчэ да 1853 года, тым не менш, малюнкі лічацца вельмі грунтоўнымі. Асаблівую цікавасць выклікае выгляд страчанага паўднёвага фасада. Паводле Гразнова, у царквы была драўляная вежа-званіца XVII—XVIII стст., якая ўжо да канца XIX стагоддзя была разабрана. Гэтыя малюнкі Гразнова лічацца ў навуковай літаратуры першакрыніцамі.

Малюнкі В. Гразнова сталі ілюстрацыямі да кніг П. Бацюшкава («Беларусь і Літва», 1890), І. Карчынскага («Старажытная Каложская царква ў імя святых князёў Барыса і Глеба ў г. Гродна», 1908), да трэцяга тома «Маляўнічай Расіі» (1882) і інш. Аглядаючы ў 1864 годзе ў Мазырскім павеце царкву ў Тураве, Гразноў убачыў сярод рознага хламу скрыню з вуглём. Высыпаўшы яго, ён убачыў у скрыні старыя рукапісы, сярод якіх выявіўся пісьмовы помнік XI стагоддзя, які атрымаў у навуковым свеце назву Тураўскага ЕвангелляШумейко М. Ф. История белорусской археографии / Археография: курс лекций. — Мінск: БДУ, 2005.

Сабраў багатую калекцыю прадметаў беларускай культуры і побыту. Віленскія літаграфіі Гразнова знаходзяцца ў Эрмітажы (Пецярбург).

Літаратура Каханоўскі Г. А. Археологія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. ― Мн., 1984. Улащик Н. Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. ― М., 1985.

Катэгорыя:Мастацтвазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі архітэктуры Беларусі Катэгорыя:Этнографы Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі