Будзі́лава або Будзі́лавічы, таксама Будзі́лаў — колішняя вёска, з 1959 года ў складзе Мінска.
Назва Назва паходзіць ад імя або вытворнага ад яго прозвішча Будзіла.
Гісторыя Засценак Будзілава вядомы прынамсі з канца XVIII стагоддзя, у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе уласнасць мінскага Петрапаўлаўскага праваслаўнага манастыра.
Пасля 1861 года ў Сеніцкай воласці Мінскага павета. Паводле перапісу 1908 года ўрочышча. Паводле перапісу 1917 года ваколіца.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў кастрычніку 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 1924 года вёска ў Самахвалавіцкім раёне Менскай акругі, з 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарадскога савета, з 1934 года ў Менскім раёне, Навадворскі сельсавет. У 1930-я гады былі рэпрэсаваны прынамсі 6 жыхароў вёскі. У 1939 годзе было 22 двары.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
У 1959 годзе ўключаная ў межы горада Мінска, Заводскі раён.
Месцілася абапал Магілёўскай шашы, дзе цяпер сустракаюцца Партызанскі праспект, вуліца Будзённага і Ванеева, месцяцца карпусы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Пасля ўключэння ў склад горада галоўная вясковая вуліца атрымала назву Рагачоўская (ішла паралельна Партызанскаму праспекту на поўнач ад яго ад вуліцы Будзённага ва ўсходнім кірунку), іншыя — Рагачоўскім завулкам, траса якога супадала з цяперашняй вуліцай Ванеева ад Партызанскага праспекта на поўдзень ад яго; на месцы забудовы цяпер месцяцца навучальныя карпусы БДЭУ. У 1960-я — пачатку 1970-х вёска знесеная, пабудаваныя шматпавярховыя дамы і адміністрацыйныя будынкі, разбіты парк імя 50-годдзя Кастрычніка вакол стадыёна Трактар.
Насельніцтва
1800 год — 1 двор, 10 жыхароў 1897 год — 13 двароў, 84 жыхары 1908 год — 15 двароў, 87 жыхароў 1917 год — 25 двароў, 129 жыхароў (48 беларусаў, 71 паляк і 10 «іншых нацыянальнасцей»; былі графы для беларусаў, велікарусаў, украінцаў, палякаў і яўрэяў)
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Былыя населеныя пункты Мінскага раёна Катэгорыя:Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска