Кучукі, Кучуковічы — шляхецкі род герба «Сякера».

Вячаслаў Насевіч называе для Кучукаў герб «Сястрэнец», але напэўна блытае іх з Сестранцэвічамі-Кучукамі, вядомымі з XVII ст. у Мсціслаўскім ваяводстве.

На думку Насевіча, пачынальнік роду — Кучук, каморнік вялікага князя Ягайлы, удзельнік забойства вялікага князя Кейстута ў 1382 годзе. Паводле Рымвідаса Пятраўскаса, родапачынальнік — Конрад Кучук (Cunradus alias Kuczuc), якога Насевіч называе Конрадам сынам Кучука. Конрад Кучук вядомы толькі са свайго надання ў 1436 годзе віленскім францысканцам, ён карыстаўся пячаткай з гербам «Сякера» і лічыў вотчынным маёнткам Жырмуны (heres de Szyrmuni). Таксама Конрад Кучук валодаў Дакудавым і Жыдкавічамі. На думку яшчэ Уладзіслава Сямковіча, грунтаваную на карыстанні гербам «Сякера» і лакалізацыі вотчын (Жырмуны і Салечнікі), Конрад Кучук мог быць сынам Аляксандра Монтаўта. Паводле Пятраўскаса, храналагічна Конрад Кучук можа быць хутчэй братам Аляксандра Монтаўта. Звесткі пра герб і вотчыны ўскосна пацвярджаюць блізкую роднасць Кучукаў з Монтаўтамі і Бутрымамі.

Паводле Насевіча, Конрад атрымаў ад вялікага князя Шчучын.

Сын Конрада — Ян (каля 1410-каля 1478), маршалак гаспадарскі (1469—1478) і намеснік лідскі (1473).

Сыны Яна — Юрый (Ежы; каля 1435 — пасля 1482), маршалак гаспадарскі (1482); Войцех (каля 1440 — пачатак 1506), маршалак гаспадарскі (1492—1505), намеснік уладзімірскі (1494) і намеснік ваўкавыскі (1496).

Пасля смерці Войцеха родавыя маёнткі — Салечнікі у Віленскім павеце, Жырмуны, Дакудаў, Шчучын у Лідскім павеце, Вязынь у Менскім павеце, выслужанае Войцехам Палонна ў Луцкім павеце і іншыя, праз шлюб яго дачкі перайшлі да Станіслава Кішкі.Насевіч В. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 стагоддзяў. — Мн.: БелЭН, 1993.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Вялікалітоўская арыстакратыя