Кашмі́рскі канфлі́кт (; , трансл. Kaśmīr Vivād; , трансл. Mas’ala-ē Kašmīr) — канфлікт, узніклы як тэрытарыяльная спрэчка паміж урадамі Пакістана і Індыі, а таксама мясцовымі паўстанцкімі групоўкамі над гістарычным рэгіёнам Кашмір.

Вытокі канфлікту палягаюць у інда-пакістанскай вайне 1947 года, калі па падзеле Брытанскай Індыі на дзяржавы Пакістан і Індыя паміж абедзвюма краінамі ўзнікнуў узброены тэрытарыяльны канфлікт з мэтай узяцця пад кантроль гістарычнага рэгіёна Кашмір, які месціўся на поўначы былых уладанняў Вялікабрытаніі. У якасці трэцяга боку ў канфлікце ўдзельнічаюць мясцовыя кашмірскія паўстанцкія групоўкі, якія ставяць на мэце стварэнне незалежнай дзяржавы на тэрыторыі рэгіёна або ўваходжанне ўсяго рэгіёна ў склад Пакістана. Асноўныя ўзброеныя канфлікты, спрычыненыя спрэчным характарам рэгіёна, праходзілі ў ХХ ст. у рамках інда-пакістанскіх войн 1947, 1965 і 1999 гадоў. За выняткам буйных ваенных канфліктаў з 1984 года абедзве краіны перыядычна ажыццяўляюць узброеныя сутычкі, якія галоўным чынам вядуцца за кантроль над ледніком Сіячэн, што на поўначы рэгіёна.

Ваенны канфлікт 1947 года не выявіў пераможцаў, аднак з 1949 года пад кантролем ААН у Кашміры была праведзеная лінія спынення агню, якая стала фактычнай дзяржаўнай мяжой дзвюх краін у рэгіёне. З 1962 года Пакістан добраахвотна перадаў Кітаю паўночны ўсход кантраляванай дзяржавай тэрыторыі (Шаксгамская даліна), у гэтым жа годзе распачалася інда-кітайская вайна, у выніку якой Кітай узяў пад фактычны кантроль рэгіён Аксай-Чын — усход Кашміра. З невялікімі зменамі над усімі тэрыторыямі захоўваецца статус-кво, пры гэтым Індыя прэтэндуе таксама на тэрыторыі, дэ-факта падкантрольныя Пакістану і Кітаю, разглядаючы іх як часткі штата Джаму і Кашмір, фактычная тэрыторыя якога складае тэрыторыі Кашміра, што знаходзяцца пад кантролем Індыі.

Узброены канфлікт паміж мясцовымі кашмірскімі паўстанцкімі групоўкамі і ўрадавымі сіламі Індыі ў асноўным спрычынены мясцовым рухам за аўтанамізацыю. Так, з канца 1970-х гг. да 1988 года ўрад Індыі згарнуў дэмакратычныя рэформы ў рэгіёне, праз што былі абмежаваныя мажлівасці да мірнага волевыяўлення, у выніку чаго ў індыйскай частцы рэгіёна ўзрасла падтрымка ваенізаваных радыкальных арганізацый. З ліпеня 1988 года ваенізаваныя групоўкі здзейснілі серыю дэманстрацый, страйкаў і ўзброеных нападаў на ўрадавыя органы, што абвастрыла сітуацыю ў штаце.

У апошнія гады назіраецца спад узброенага супрацьстаяння ў Кашміры. У 2008 годзе ў індыйскай частцы Кашміра адбыліся мясцовыя выбары, якія, нягледзячы на заклікі ўзброеных груповак да іх байкоту, адбыліся паспяхова. Выбары атрымалі станоўчую ацэнку ад Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах уцекачоў, пры гэтым большасць галасоў і, адпаведна, магчымасць фарміравання ўрада штата атрымала Нацыянальная Канферэнцыя Джаму і Кашміра. Шмат аналітыкаў ацэньвае падтрымку праіндыйскіх партый у Джаму і Кашміры як паказчык падтрымкі насельніцтвам індыйскага суверэнітэта над штатам, што, аднак, ставіць пад сумнеў адзін з лідараў сепаратыстаў у Джаму і Кашміры Саджад Лун. 2009 і 2010 гады адзначаліся паўторнай эскалацыяй канфлікту ў індыйскай частцы рэгіёна.

Кашмірскі канфлікт на цяперашні час з’яўляецца адной з асноўных прычын інда-пакістанскага канфлікту і адным з фактараў палітычнай барацьбы ў абедзвюх краінах. Канфлікт ускладняецца наяўнасцю ў Пакістана і Індыі ядзернага ўзбраення, якое краіны маюць з канца ХХ стагодздзя.

Гісторыя Аднымі з першых згадак гістарычнага рэгіёна Кашмір лічацца сведчанні Гекатэюса Мілецкага пра землі Каспапірас і герадотавы сведчанні аб краі Каспейрыя.

У XIV ст. пануючай рэлігіяй у Кашміры становіцца іслам, пазіцыі ранейшых рэлігій рэгіёна, індуізму і будызму, змяншаюцца.

З XVIII ст. Кашмір траплае пад уладу дзяржавы афганскіх ханаў Дурані, пасля чаго рэгіён у 1819 годзе адваёўвае магараджа дзяржавы сікхаў Ранджыт Сінгх. У 1845—1846 гг. адбылася паспяховая для брытанцаў Першая англа-сікхская вайна, пасля якой быў падпісаная Лахорскі дагавор, які перадаў рэгіён Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. Неўзабаве пасля гэтага між кампаніяй і раджой Джаму Гулабам Сінгхам Кашмір быў прададзены апошняму, у выніку чаго раджа атрымаў тытул магараджы Джаму і Кашміра. У 1857 годзе ў княстве разраслося паўстанне супраць брытанскага кіравання, але кіроўная дынастыя княства (Догры) адмовілася даць прытулак паўстанцам і паслала супраць іх войска, чым зарабіла гарантыі ад брытанскага кіраўніцтва ў пераемнасці кіравання княствам. Праз хуткі час княства ўзначаліў другі князь дынастыі, Ранбір Сінгх, які далучыў да Кашміра княствы Гунза, Гілгіт і Нагар (цяперашняя поўнач кіраванай Пакістанам часткі Кашміра).

Ад гэтага часу ўвесь гістарычны Кашмір, у адрозненне ад іншых шматлікіх брытанскіх уладанняў у Індыі, складаў адно з туземных княстваў — палітычных утварэнняў, якія кіраваліся мясцовым манархам і прызнавалі сюзерэнітэт брытанскіх уладаў у Індыі. Большасць насельніцтва рэгіёна складалі мусульмане, але да кіроўнай дынастыі княства належалі індуісты. Этнарэлігійны характар княства быў параўнальна разнастайным: напрыклад, усход рэгіёна (Ладакх) насялялі тыбетцы-будысты, паўднёвы захад (Джаму) меў змяшанае індуісцка-мусульманска-сікхскае насельніцтва, густанаселеную Кашмірскую даліну насялялі пераважна мусульмане, але ў ёй існавала ўплывовая індуісцкая меншасць (шырокавядомыя ў Індыі касты кашмірскіх брахманаў і пандытаў); крайні ўсход сучаснай пакістанскай часткі Кашміра, г.зв. Балтыстан, насялялі балці — этнічная група блізкая тыбетцам, якая адрознівалася ад іх шыіцкім мусульманскім вызнаннем; Гілгіт (сучасная поўнач пакістанскай часткі Кашміра) насялялі этнічна розныя прадстаўнікі насельніцтва, якіх з суседнім Балтыстанам аб’ядноўвала шыіцкая плынь ісламу; захад княства (рэгіён Пунч, сучасны Азад Кашмір) насялялі пераважна мусульмане, этнічны характар якіх, аднак, адрозніваўся ад суседняй Кашмірскай даліны.

Падзел Брытанскай Індыі thumb|right|250пкс|Туземнае княства Джаму і Кашмір у складзе Брытанскай Індыі. Пад канец 1940-х гг. урад Вялікабрытаніі канчаткова пагадзіўся на наданне незалежнасці тэрыторыям Брытанскай Індыі, пайшоўшы на саступкі індыйскаму нацыянальнаму і мусульманскаму рухам, якія імкнуліся да стварэння ўласных дзяржаў на тэрыторыі гэтых каляніяльных уладанняў. У 1947 годзе тэрыторыя Брытанскай Індыі была падзеленая на дамініён Пакістан, які ўключыў тэрыторыі, заселеныя пераважна мусульманамі (сучасны Пакістан, а таксама цяперашні Бангладэш), і Індыйскі Саюз, які ахапіў астатнія тэрыторыі; у адпаведнасці з Актам аб незалежнасці Індыі сюзерэнітэт Вялікабрытаніі над туземнымі княствамі быў скасаваны. Гэтыя тэрыторыі атрымалі магчымасць далучыцца да Індыі ці Пакістана або атрымаць незалежны статус, у спрэчным выпадку лёс княства мусіў быць вырашаным паводле рэферэндума.

Пасля падзелу Брытанскай Індыі кіраўніцтва Пакістана разлічвала на ўключэнне пераважна мусульманскага туземнага княства Джаму і Кашмір у склад краіны, але дадзеная тэрыторыя кіравалася індуісцкім магараджай Гары Сінгхам. Паводле стану на гэты год, у рэлігійным дачыненні 77 % ад насельніцтва княства складалі мусульмане, 20 % — індуісты.

Інда-пакістанская вайна 1947 года У 1947 годзе ў Пунчы (крайні паўднёвы захад княства) пачалося паўстанне супраць падатковай палітыкі княства, у жніўні распачаліся акцыі пратэсту на карысць далучэння да Пакістана, якія былі жорстка здушаныя войскамі княства. 24 кастрычніка паўстанцы ў Пунчы абвясцілі пра стварэнне незалежнага палітычнага ўтварэння Азад Кашмір і далучэнне княства да Пакістана.

Жадаючы адкласці рашэнне аб уваходжанні княства ў склад той ці іншай дзяржавы былой Брытанскай Індыі, магараджа Сінгх падпісаў з кіраўніцтвам Пакістана пагадненне аб міры, якое забяспечыла эканамічныя сувязі між княствам і Пакістанам. У кастрычніку гэтага ж года ў Кашмір уварваліся мусульманскія паўстанцы з захаду рэгіёна, а таксама пуштунскія пламёны афпыдый, юсуфзаяў і масудаў з акругі Дыр суседняй Паўночна-Заходняй Памежнай правінцыі Пакістана (цяпер правінцыя Хайбер-Пахтунхва), нагодай для чаго стала нібыта прыцясненне мусульманскага насельніцтва ў рэгіёне. Не маючы вайсковых рэсурсаў для супрацьстаяння, магараджа княства 25 кастрычніка 1947 года згодна з парадай апошняга віцэ-караля Брытанскай Індыі Луіса Маўнтбетэна быў вымушаны падпісаць дагавор аб уваходжанні Джаму і Кашміра ў склад Індыі, якая была ўхвалена ўрадам Індыі 27 кастрычніка.

Тым часам атрады пламеннага апалчэння дасягнулі прадмесцяў сталіцы княства горада Срынагар. Урэшце магараджа Гары Сінгх пагадзіўся на ўключэнне княства ў склад Індыі, пагадненне аб чым было падпісана між магараджай і Маўнтбетэнам. Атрады партыі Нацыянальная канферэнцыя Джаму і Кашміра прыступілі да сумесных баявых дзеянняў разам з рэгулярнай арміяй Індыі. Разам з баявымі дзеяннямі ўрад Індыі прыкладаў дыпламатычныя намаганні па вырашэнні праблемы прыналежнасці Кашміра ў Савеце Бяспекі ААН. Асноўныя баявыя дзеянні скончыліся ўжо ў наступным годзе. На тэрыторыі, узятай пад кантроль прапакістанскімі апалчэнцамі, было абвешчанае стварэнне г.зв. арміі Азад Кашміра (літаральна «Свабодны Кашмір»). Пазней у баях былі задзейнічаны рэгулярныя вайсковыя часці Пакістана.

З 1948 года пры ААН была ўтворана Місія ваенных назіральнікаў ААН у Індыі і Пакістане, пасля чаго 21 красавіка гэтага ж года Савет Бяспекі ААН рэзалюцыяй № 47 абавязаў скараціць індыйскі кантынгент у княстве, Пакістан быў абавязаны спрыяць вываду пламеннага апалчэння, пасля чаго паводле планаў арганізацыі ў рэгіёне меў прайсці рэферэндум аб лёсе княства. Тым не менш, Індыя і Пакістан не здолелі дамовіцца наконт перамір’я з прычыны рознагалоссяў адносна ўмоў працэдуры і ступені дэмілітарызацыі, у прыватнасці, не было абумоўлена пра роспуск арміі Азад Кашміра падчас перамір’я або падчас рэферэндума.

У лістападзе гэтага ж года ўрады абедзвюх краін дамовіліся адносна ўмоў правядзення волевыяўлення ў Джаму і Кашміры, аднак Пакістан адмовіўся вывесці апалчэнне, што спыніла працэс волевыяўлення. Акрамя таго, урад Індыі дыстанцыяваўся ад пагаднення аб правядзенні рэферэндума. Урад Індыі растлумачыў дадзеную адмову прапановай першапачатковага вываду пакістанскіх войск, у адказ на што Пакістан адхіліў прапанову Індыі, выступіўшы супраць яе праз, на думку пакістанскіх уладаў, перашкоды індыйскай арміі ў працэсе волевыяўлення і цесныя ўзаемаадносіны між галоўным міністрам княства Шэйхам Абдулам і прэм’ер-міністрам Індыі Джавахарлалам Неру. У сваю чаргу, Пакістан высунуў сустрэчны план, паводле якога прадугледжваўся адначасовы вывад армій абедзвюх дзяржаваў і правядзенне рэферэндума пад эгідай міжнароднай супольнасці, які, аднак, не быў прыняты Індыяй, што прывяло да адмовы Пакістана на вывад войск. У 1949 годзе пад кантролем ААН была прынята лінія спынення агню, якая стала фактычнай мяжой дзвюх краін у рэгіёне.

Цягам наступных некалькіх гадоў Савет Бяспекі прыняла чатыры абноўленых рэзалюцыі, якія абавязвалі Індыю і Пакістан здзейсніць сінхронны вывад войскаў, з мэтай чаго арганізацыяй было высунута 11 пунктаў па дэмілітарызацыі рэгіёна. План быў прыняты Пакістанам, але быў адхілены Індыяй. Гэтыя рашэнні былі прынятыя пад эгідай часткі VI Хартыі Аб’яднаных Нацый, якія, у адрозненне ад часткі VII, не сталі абавязковымі.

Кітайска-індыйская вайна thumb|right|250пкс|