Дом пад шпі́лем — жылы дом у Мінску, які месціцца на рагу Камуністычнай і Чырвонай вуліц 14/1. Пабудаваны ў 1952 годзе паводле праекта Марка Ліфшыца і Элкано Гальдштэйна.

Гісторыя Праект дома распрацаваны аўтарскім калектывам у інстытуце «Ваенпраект». На горадабудаўнічым савеце 17 красавіка 1951 года пры разглядзе эскізнага праекта комплексу Уладзімір Адамавіч Кароль адзначыў: «Я надаю гэтай забудове важнае значэнне. Яна фарміруе адно з самых характэрных месцаў горада. Увесь гэты комплекс у хуткім часе будзе гучаць чароўнай сімфоніяй у архітэктуры сталіцы».

Будаванне дома пачалося ў пасляваенныя гады ў складзе комплексу дамоў для афіцэрскіх сем’яў. Комплекс уключае дамы № 14, 16, 18 на вуліцы Камуністычнай і № 3, 5 на вуліцы Чырвонай. Жыллё для афіцэрскага складу будавалася побач з будынкам Беларускай ваеннай акругі (цяпер — Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь).

Вежу будынка спраектаваў архітэктар Уладзімір Ісачэнка. На вежы пэўны час месціўся вышкавы выведвальны пункт.

Архітэктура

Будынак пяціпавярховы, Г-падобны ў плане. Пастаўлены на ўзгорку, арыентаваны на набярэжную ракі Свіслач. Вуглавая частка — васьмігранны эркер, завершаны трох’ярусным ліхтаром са шпілем з нержавеючай сталі з лаўровым вянком, у які ўмантавана зорка (выраблены на Маскоўскім заводзе металаканструкцый). Шпіль з’яўляецца вышыннай дамінантай кампазіцыі. Вулічныя фасады амаль раўназначныя, завершаны развітым карнізам на мадульёнах. 3 паверхі апрацаваныя буйным рустам, на 4-м і 5-м балконы аформленыя парталамі з пілястрамі і трохвугольнымі франтонамі. З боку Камуністычнай вуліцы зроблены праезд. Дваравыя фасады вырашаныя сціпла.

Першы паверх выкарыстоўваецца гандлёвымі ўстановамі, чатыры верхнія паверхі — жылыя, аднолькавай планіроўкі (двухкватэрныя секцыі з трыма і чатырма пакоямі). Планіроўка жылых секцый індывідуальная.

Цікавыя факты Дом пад шпілем быў адным з найвышэйшых мінскіх будынкаў пасляваеннага часу: ад узроўню зямлі да зоркі на шпілі — амаль 43 метры.

Літаратура С. 216

Спасылкі

Катэгорыя:1952 год у Мінску Катэгорыя:Камуністычная вуліца (Мінск) Катэгорыя:Чырвоная вуліца (Мінск) Катэгорыя:Збудаванні Мінска ў стылі савецкага класіцызму Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мордуха Ліўшыца Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Элкано Гальдштэйна Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Уладзіміра Ісачанкі