Саюз Вызвалення Беларусі — беларуская канспірацыйная незалежніцкая арганізацыя моладзі у 1946—1947 гг., якая дзейнічала ў Баранавіцкай вобласці Беларускай ССР.
Гісторыя і дзейнасць Саюз Вызвалення Беларусі быў заснаваны ў лістападзе 1946 г. ў Навагрудку па ініцыятыве рэпатрыіраванага на радзіму былога члена Беларускай Незалежніцкай Партыі Генадзя Казака. На чале арганізацыйнага аддзелу стаў Міхась Кожыч (псеўданім «Дубовы»), у той час як на чале фінансавага — Кастусь Рамановіч (псеўданім «Сокал»). Г. Казаком была распрацавана палітычная праграма арганізацыі. Асноўнай мэтай абвяшчалася стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы, якая павінна стаць рэспублікай працоўнага сялянства, рабочых і інтэлігенцыі. У дзяржаву ўключаліся ўсе тэрыторыі, дзе пражывалі і мелі колькасную перавагу беларусы (Міншчына, Беласточчына, Віленшчына, Віцебшчына, Гродзеншчына, Магілёўшчына, Палессе, Полаччына і Смаленшчына). Эканамічнай асновай дзяржавы абвяшчалася дзяржаўная ўласнасць на зямлю, заводы і фабрыкі, усе віды транспарту і камунікацый. Продаж зямлі не дапускаўся.
Арганізацыйны камітэт галоўную стаўку рабіў на папаўненне арганізацыі настаўнікамі, студэнтамі педагагічных інстытутаў, тэхнікумаў, вучнямі педвучылішчаў і сярэдніх школ. Дзейнасць арганізацыі галоўным чынам была абмежаваная правядзеннем антысавецкай прапаганды, але таксама сябры арганізацыі не выключалі ўзброенный супраціў, у т.л. тэракты. Былі ўтвораныя мясцовыя аддзелы арганізацыі. Арганізацыя базавалася на сістэме «троек», але належнай сістэмы канспірацыі не было: напрыклад, вяліся пратаколы пасяджэнняў кіраўніцтва арганізацыі, якія пасля трапілі ў рукі МГБ.
Пад канец мая 1947 г. савецкія спецслужбы арыштавалі ў Баранавіцкім раёне 18 членаў арганізацыі, якіх выдалі правакатары. У хуткім часе таксама было арыштаванае і кіраўніцтва арганізацыі. 30 жніўня 1947 г. ваенны суд прысудзіў дзеячаў арганізацыі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў лагераў.http://www.slounik.org/154980.html
Вядомыя 15 сяброў арганізацыі, якія былі асуджаны па справе Саюза Вызвалення Беларусі савецкім ваенным трыбуналам у Баранавічах 29—31 жніўня: Генадзь Казак Міхась Кожыч Міхась Капціловіч Самсон Пярловіч Кастусь Рамановіч Аляксандар Ляпешка Алесь Усюкевіч Пятро Дземянчук Іван Макар Міхась Мазан Яўген Лішко Анань Родзевіч Сафрон Стома Віталь Губарэвіч Адам Шабоцька
Па іншай інфармацыі Віталь Губарэвіч быў асуджаны не адразу, а толькі праз нейкі час, калі ў вячэрняй школе, дзе той вучыўся, нехта выкалаў вочы партрэту Сталіна, у чым быў абвінавачаны Віталь Губарэвіч, які атрымаў 10 гадоў канцлагераў.
Актыўны сябр арганізацыі Алесь Бажко не быў арыштаваны і засуджаны, а ў далейшым выступаў як публіцыст, які змагаўся з нацыяналізмам. Інфармацыю аб супрацоўніцтве Алеся Бажко з савецкімі спецыяльнымі службамі пацвярджаў былы выкладчык Гродзенскага педінстытута Браніслаў Ржэўскі: КДБ падаслала Бажко да Ржэўскага, калі той аднойчы быў выкліканы ў Мінск, нібы для ўдакладнення праграмы па беларускай літаратуры — тры дні Бажко ўвіхаўся каля Ржэўскага, а потым змест іх размоў быў прыгаданы на допытах Ржэўскага, якія праводзілі супрацоўнікі КДБ у 1957 годзе.https://novychas.by/poviaz/duch_jaho_nie_zlamali_z_uspami Новы Час. Дух яго не зламалі. З успамінаў Міколы Канаша
У 1993 г. прэзідыумам Гродзенскага абласнога суда рэабілітаваны толькі 1 чал.
Кіраўніцтва Кіраваў Саюзам арганізацыйны камітэт, які знаходзіўся ў Навагрудку. У ім былі аддзелы: арганізацый (М. Кожыч), прапаганды (Г. Казак), ваенны (П. Дземянчук), кантролю, фінансаў (К. Рамановіч), сакратарыят (А. Усюкевіч). Саюз меў упаўнаважаных па Навагрудскім, Дзятлаўскім, Любчанскім раёнах і ў Баранавічах.
Глядзіце таксама Саюз беларускіх патрыётаў Саюз змагання за незалежнасць Беларусі Чайка (арганізацыя) Мядзельска-Смаргонскае антыкамуністычнае падполле
Спасылкі Гісторыя Саюзу Вызвалення Беларусі
Літаратура Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3. Валахановіч, І. Барацьба вакол ідэі «беларускай незалежнай дзяржавы» (другая палова 40-х—пачатак 50-х гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. — 1999. — № 1. — С. Ёрш, С. Саюз Вызваленьня Беларусі 1946—1947 гг. — Слонім - Мінск 2005 Міхнюк, У. Саюз вызвалення Беларусі / Уладзімір Міхнюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 249. — ISBN 985-11-0214-8.
Катэгорыя:Антысавецкія падпольныя арганізацыі на Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1946 годзе Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1945—1990)