Універсітэ́цкая ву́ліцаНаша Ніва. № 1, 1994. С. 7., таксама вуліца Унівярсі́цята () — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Горадзе. Звязвае скрыжаванне вуліц Святаянскай, Дамініканскай і Гаона з Кафедральнай плошчай.

Архітэктурныя дамінанты вуліцы — ансамбль Віленскага ўніверсітэта, будынак Алюмната, палацы Біскупскі (цяпер Прэзідэнцкі), Бжастоўскіх, Лапацінскіх і дэ Рэўсаў.

Агульныя звесткі Даўжыня каля 360 м. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжавання з вуліцамі Святаянскай і Дамініканскай. З правага ўсходняга боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага заходняга боку — цотная нумарацыя.

Будынкі

Няцотны бок

№ 3 — будынак рэктара з астранамічнай абсерваторыяй Віленскага ўніверсітэта. 27 верасня 1570 года на базе парафіяльнай школы езуіты заснавалі ў Вільні калегіум, разлічаны на 160 навучэнцаў. У 1579 годзе паводле прывілею караля і вялікага князя Стэфана Баторыя і на блаславенне папы Грыгорыя XIII калегіум пераўтварылі ва ўніверсітэт (). Па скасаванні ордэну езуітаў (1773) Віленская акадэмія стала «Галоўнай школай Вялікага Княства Літоўскага», пад уладай Расійскай імперыі — «Галоўнай віленскай школай і Імператарскім Віленскім універсітэтам» (1803), у міжваеннай Польскай Рэспубліцы — «Універсітэтам Стэфана Баторыя» (1919), а ў незалежнай Літве — універсітэтам з літоўскай як адзінай афіцыйнай мовай выкладання. № 5 — бібліятэка Віленскага ўніверсітэта № 7 — будынак гістарычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта № 9 — будынак філасофскага факультэта Віленскага ўніверсітэта

Цотны бок

№ 2 (таксама Дамініканская вуліца, 18) — палац Бжастоўскіх. У канцы XVI ст. будынак набыў і аднавіў дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Цыпрыян Бжастоўскі. 3 1760 года палацам валодаў пісар і рэферэндар Павел Ксаверый Бжастоўскі. Сучаснае барочнае аблічча будынак набыў у выніку перабудовы 1769 года. Відаць, аўтарам праекту быў віленскі архітэктар Марцін Кнафкус. У 1802 годзе палац перайшоў да кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, па яго смерці — да сына Ірынея Клеафаса.

№ 4 — будынак Алюмната, таксама вядомы як друкарня Марціна Кухты. Дом збудавалі ў 1622 годзе ў стылі рэнесансу як інтэрнат выхаванцаў () езуіцкай акадэміі. З сакавіка 1906 года ў будынку знаходзілася друкарня Марціна Кухты. 10 лістапада таго ж года тут выйшаў першы нумар беларускай газеты Наша Ніва. Таксама ў гэтай друкарні выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча «Вянок». № 6 — канцылярыя Прэзідэнцкага палаца № 8 — Біскупскі палац, цяпер Прэзідэнцкі. У часы Расійскай імперыі ў будынку размясціўся палац генерал-губернатара. У 1804 і 1824 гадах адбыліся перабудовы, у выніку якіх павялічылася плошча палаца. № 10 (таксама гістарычная Палацавая плошча, 2) — палац дэ Рэўсаў. У 1528—1529 гадах на гэтым месцы быў пляц з домам, якім валодаў падкаморы Пацэвіч. У сярэдзіне XVIII ст. новая ўладальніца Крэмпуш збудавала тут 2-павярховую камяніцу. У 1798 годзе яе набылі графы Шуазэлі, на заказ якіх будынак рэканструявалі. Аўтарам праекту, відаць, быў архітэктар Марцін Кнакфус. Уладальнікамі палаца ў XIX ст. былі графы дэ Рэус, пазней Плятэры, лекар і падарожнік Ігнат Жагель і іншыя.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Вуліцы Вільні