«Чайка» — канспірацыйная назва падпольнай антысавецкай беларускай арганізацыі, якая існавала на тэрыторыі Слонімскага раёна, Баранавічаў, Брэсту, Ганцавіч ды Ільянскага раёна БССР ў 1946—1947 гадах і кіравалася Цэнтрам Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР).http://slounik.org/154987.html Гісторыя «Чайкі»

Гісторыя і дзейнасць Напачатку 1946 г. у асяродку настаўніцтва і моладзі Слонімшчыны ўзнікла ідэя арганізаванага супраціву камуністычнаму руху і гвалтоўнай русіфікацыі Беларусі. З гэтай мэтай на пачатку мая 1946 г. у Слоніме быў праведзены ўстаноўчы сход, на якім было прынятае рашэнне стварыць падпольную беларускую арганізацыю з канспірацыйнай назвай «Чайка», якая ставіла б сваёй мэтай змаганне за нацыянальныя правы і годнасць сваяго народа, яго культуры, мовы, гісторыі і, урэшце, за свабоду і незалежнасць Беларусі. Арганізацыя не планавала займацца тэрорам, а індывідуальнай працай будзіць свядомасьць беларусаў. Была прынятая праграма дзейнасці, асновы канспірацыі і абранае кіраўніцтва. Паводле словаў Леакадзіі Кавальчук, арганізацыю так назвалі, бо падчас устаноўчага сходу, які адбываўся на беразе ракі, над галовамі арганізатараў праляцела чайка.https://novychas.by/poviaz/jak-u-sssr-padmanam-arysztouvali-belaruskih-patryj Новы Час. Як у СССР падманам арыштоўвалі беларускіх патрыётак У сходзе ўдзельнічалі Васіль Супрун (які быў абраны кіраўніком), Міхась Ракевіч з вёскі Ваўчкі, Міхась Чыгрын, Алесь Гардзейка, Леакадзія Кавальчук і Ніна Карач (сакратар). У сувязі з няяўкай Карач на пазнейшыя нарады і парушэннем канспірацыі, яна была адхіленая ад удзелу ў падполлі, змененыя яўкі.

З агульнай згоды сяброў Васілю Супруну заснаваць патрыятычнае падполле ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Міхасю Ракевічу — у Брэсцкім чыгуначным тэхнікуме, дзе ён навучаўся, Міхасю Чыгрыну — у Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе ён у той час вучыўся, і Алесю Гардзейку — сярод моладзі Слонімшчыны. У хуткім часе патрыятычныя групы падполля былі створаныя і ў Баранавічах (з дапамогай Уладзіміра Салаўя — студэнта настаўніцкага інстытуту), у Брэсце і ў Жыровічах.

Пасьля аб’яднаньня слонімскіх, баранавіцкіх і брэсцкіх груповак летам 1946 г. быў створаны аб’яднаны кіруючы ЦБВР, кіраўніком якога стаў Васіль Супрун, ягонымі намеснікамі: па арганізацыйнай рабоце Аляксандр Барэйка і па вайсковай справе Міхась Ракевіч. Дарадцамі Цэнтру былі прызначаныя Міхась Агейка, Уладзімір Салавей і Мікалай Макарэвіч. Цэнтрам была распрацаваная пашыраная праграма дзеяння і прапанаваная так званая «колавая» сістэма кіравання. Ад Цэнтру мелася адыходзіць першае кола — абласныя структуры на чале з кіраўнікамі падполля вобласці; вакол абласных структураў павінны былі групавацца раённыя групоўкі (другое кола), а вакол апошніх — пэрыферыйныя групы (трэцяе кола). Пры гэтым распрацоўваліся і іншыя прыёмы, у тым ліку і схемы кансервацыі структураў на адпаведным этапе, сістэма справаздачаў, выкарыстоўваючы шыфроўку і афіцыйную пошту, узгадняліся інструкцыі.

Увосень 1946 г. Цэнтру стала вядома, што ў Наваградку існуе асобная падпольная арганізацыя Саюз вызвалення Беларусі (СВБ), якой кіруе Генадзь Казак, але арганізацыя недастаткова заканспіраваная: ад аб’яднаньня з ёй было вырашана ўстрымацца, але трымаць у полі зроку. Тым не менш, удзельнікі баранавіцкага падпольля, ураджэнцы Наваградчыны, увайшлі ў кантакт з СВБ і магчыма выдалі таямніцу «Чайкі», пра што Цэнтру стала вядома ўжо на пачатку 1947 г. і што было расцэненае як магчымы правал.

У канцы 1946 г. і пачатку 1947 г. рух праз Ганцавіцкую педнавучальню Пінскай вобласці перакінуўся на гэтую вобласць і Ільянскі раён Маладзечанскай вобласці. Там Цэнтрам былі прызначаныя кіраўнікамі патрыятычных падполляў адпаведна Мікалай Лескавец і Сяргей Яноўскі, якім былі перададзеныя Загад і Інструкцыя Цэнтру за подпісам Пагромаўца (Васіля Супруна). Таксама арганізацыя спрабавала заснаваць патрыятычнае падполле ў Мінску і Гродне, але магчымасці і сродкаў было недастаткова. Міжнародная сытуацыя, на якую рабіла стаўку падполле, таксама не спрыяла.

Разгром арганізацыі і рэпрэсіі У сярэдзіне 1947 г. падполле было разгромленае карнымі савецкімі органамі ў выніку арыштаў сябраў іншай арганізацыі — Саюза вызвалення Беларусі, з якім памылкова ўтрымлівалася сувязь некаторымі ўдзельнікамі «Чайкі» і які быў выдадзены правакатарам Алесем Бажко. Арышты працягваліся з чэрвеня да паловы жніўня 1947. У першую чаргу быў разгромлены ЦБВР. Нераскрытымі і неарыштаванымі засталіся толькі асобныя групы трэцяга кола, у тым ліку на Слонімшчыне — настаўніцкая (кіраўнік Іван Хомчык), якія без агульнага кіраўніцтва спынілі дзейнасць.

Усіх арыштаваных абвінавацілі ў здрадзе СССР і антысавецкай агітацыі, у падрыхтоўцы ўзброенага паўстання супроць Савецкага Саюзу з мэтай аддзяленьня Беларусі ад СССР. Хоць ні пры арыштах, ні ў працэсе следcтва зброі не было выяўлена, удзельнікаў падполля судзілі ваенныя трыбуналы войскаў МУС 16-18 кастрычніка 1947 г. у Баранавічах — 18 асобаў, а 21 лістапада 1947 г. у Мінску — 4 асобы. Усе 22 удзельнікі працэсу праходзілі па артыкулах 63-I і 76 Крымінальнага кодэксу БССР і былі асуджаныя да 25 і 10 гадоў савецкіх канцлагераў з пазнейшым пазбаўленьнем праваў на 5 і 3 гадоў (Смяротная кара па гэтых артыкулах была адмененая ў 1947 г.). Яшчэ некалькі чалавек з «Чайкі» (Уладзіміра Салаўя, Мікалая Лескаўца, Уладзіміра Разумовіча і Ніну Карач) судзілі асобна.

Вядомыя сябры арганізацыі

Васіль Супрун (кіраўнік) Міхась Агейка Кастусь Альшэўскі Аляксандр Барэйка Аляксандр Гардзейка Уладзімір Грынь Мікалай Ждановіч Аляксандр Жукоўскі Антон Кабак Леакадзія Кавальчук Ніна Карач Уладзімір Кернога Вячаслаў Краскоўскі

Іван Лазіцкі Іван Лазоўскі Мікалай Лескавец Лявон Лях Мікалай Макарэвіч Іван Маныла Уладзімір Разумовіч Міхась Ракевіч Уладзімір Салавей Іван Хомчык Міхась Чыгрын Аляксандр Шапавал Сяргей Яноўскі

Гл. таксама Саюз беларускіх патрыётаў Саюз вызвалення Беларусі (1946—1947) Саюз змагання за незалежнасць Беларусі Мядзельска-Смаргонскае антыкамуністычнае падполле

Літаратура Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.

Спасылкі Супрун, В. «Чайка»

Катэгорыя:Антысавецкія падпольныя арганізацыі на Беларусі Катэгорыя:Беларускія нацыяналістычныя арганізацыі Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1945—1990) Катэгорыя:З’явіліся ў 1946 годзе