Іаан Кармянскі (у свеце: Іван Іванавіч Гашкевіч; , Стрэшын, Рагачоўскі павет, Магілёўская губерня — , Агародня Гомельская, Гомельскі павет, Магілёўская губерня, Расійская імперыя) — протаіерэй, кананізаваны Беларускай праваслаўнай царквой у ліку праведных. Уваходзіць у Сабор беларускіх святых.

Біяграфія Прадстаўнік беларускай галіны ўкраінскага святарскага роду, які паходзіў з Гетманшчыны. Бацька — Іван Іванавіч Гашкевіч — служыў у стрэшынскай Пакроўскай царкве. Маці — Марыя Іосіфаўна. Іван меў братоў Мікаля і Льва, якія таксама сталі святарамі, і сястру Ганну. Быў далёкім сваяком Іосіфа Антонавіча ГашкевічаКостенко А. В. «Гашкевичі», а не «Гошкевичі»: Білоруська гілка відомого українського роду. // Київська навукова суспільнознавча організація. — Київ, 2016. .

Скончыў царкоўна-прыходскую школу, гімназію і Магілёўскую духоўную семінарыю (1859). У тым жа годзе пачаў служыць псаломшчыкам у царкве вёскі Агародні Гомельскай. 24 лютага 1862 года быў пасвечаны ў іерэя і накіраваны ў вёску Шарсцін Рагачоўскага павета на пасаду настаяцеля мясцовага храма.

У 1876 годзе стаў настаяцелем прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы ў Агародні Кармянскай. Прыклаў шмат намаганняў па добраўпарадкаванні храма, умацаванні духоўнасці сярод жыхароў. У 1885 годзе наведаў Кіева-Пячэрскую лаўру, пасля чаго стаў весці манаскі лад жыцця. У 1893 годзе быў прызначаны духоўным следчым у благачынні і абраны сябрам благачыннай рады.

Ва ўзросце 70 гадоў быў пасвечаны ў протаіерэя, а праз пяць гадоў пакінуў служэнне ў царкве па ўзросце. Ёсць меркаванне, што ў канцы жыцця Іаан Кармянскі атрымаў дар вылечвання, цудатворства і празорлівасці.

Памёр увосень 1917 года і быў пахаваны ў Агародненскай царкве, па правым баку ад алтара. Незадоўга да смерці айцец Іаан прадказаў: «Будуць скакаць на мне, ды труна будзе моцнай». Так і адбылося — у канцы 1950-х гадоў храм спалілі, а руіны разам з надмагіллямі згрэблі і вывезлі. На месцы царквы ўладкавалі футбольнае поле і танцавальную пляцоўкуСвяты праведны Іаан Кармянскі. — Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора г. Мінска, 18 жніўня 2011. .

У 1991 годзе настаяцель кармянскага праваслаўнага прыхода айцец Сцяфан вырашыў адшукаць месца пахавання святара. Расчышчаючы падмуркі алтарнай часткі колішняга храма, ён выявіў магілы двух святароў: Іаана Кармянскага і яго сына Міхаіла. Цела апошняга цалкам спарахнела, аднак парэшткі святога толькі часткова падвергліся тленнюДэтэктыўная гісторыя здабыцця мошчаў Іаана Кармянскага. — Sputnik, 31 мая 2017. .

Мошчы айца Іаана былі перанесены ў Пакроўскую царкву вёскі Карма Добрушскага раёна, апрануты ў новае адзенне і пакладзены ў мармуровую труну. Тады ж была створана адмысловая камісія з трох свяшчэннікаў, якая засведчыла нятленнасць мошчаў святогаПраведны Іаан Кармянскі . — Сайт Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы .

9 верасня 1997 года рашэннем Сінода Беларускай праваслаўнай царквы мошчы былі пастаўлены ў храме для пакланення. У 1998 годзе адбылася кананізацыя Іаана Кармянскага ў ліку праведных як мясцовашанаванага святога Беларускай праваслаўнай царквы, ён быў далучаны да Сабора беларускіх святыхСава (Мажука). Іаан Кармянскі. — Праваслаўная энцыклапедыя Т. 24, С. 352—353. 8 жніўня 2015. .

Памяць Памяць святога ўшаноўваецца двойчы на год: 31 мая і 9 верасня. У шматлікіх беларускіх цэрквах захоўваюцца абразы і часцінкі мошчаў праведнага.

Храмы ў гонар Іаана Кармянскага дзейнічаюць у Глінянках, Гомелі, Квасоўцы, Малых Лётцах, Мінску (крыптавы храм пры царкве Уваскрасення Хрыстова). 8 жніўня 2000 года ў аграгарадку Карме Добрушскага раёна пры Свята-Пакроўскай царкве быў заснаваны Свята-Іаана-Кармянскі жаночы манастыр.

Сям’я Жонка — Марыя Піліпаўна Трусевіч, дачка настаяцеля царквы ў Агародні Гомельскай. Сыны — Міхаіл, Ігнацій, Сімяон, Платон і Іаан, дочкі — Таццяна і Ганна.

Узнагароды Узнагароджаны набедранікам (1876), скуф’яй (1889), камілаўкай і залатым нацельным крыжом (1896). Ордэн Святой Ганны 3-й ступені (1906). Ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені (1912).

Літаратура

Катэгорыя:Праваслаўныя святыя Беларусі Катэгорыя:Протаіерэі Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святой Ганны 3 ступені Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 4 ступені