Іларыён Мікалаевіч Пляшчынскі (, Докшыцы — , Кіеў) — графік і жывапісец.

Біяграфія Удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Трапіў у германскі палон, у якім правёў 4 гады, да 1918 года.

Вучыўся ў школе «Таварыства заахвочвання мастакоў» у Пецярбургу. У 1919 годзе прыехаў у Казань і адразу ж паступіў у Казанскія вольныя мастацкія майстэрні (пазней — Казанскі мастацка-тэхнічны інстытут), дзе пасля іх заканчэння (1921) кіраваў майстэрняй літаграфіі і ўзначаліў графічны факультэт інстытута.

У сярэдзіне 1920-х гадоў мастак пераязджае ў Кіеў, дзе выкладае ў Кіеўскім мастацкім інстытуце і Кіеўскім інжынерна-будаўнічым інстытуце. З 1948 года — прафесар Кіеўскага мастацкага інстытута, у 1931—1944 гадах — загадчык кафедрай малюнка і жывапісу Кіеўскага інжынерна-будаўнічага інстытута. На працягу многіх гадоў з’яўляўся старшынёй бюро секцыі графікі Украінскага саюза мастакоў.

Пахаваны ў Кіеве на Байкавых могілках.

Творчасць Іларыён Мікалаевіч Пляшчынскі працаваў пераважна ў галіне лірычнага пейзажа, а таксама кніжнай і прамысловай графікі. Стварыў серыі літаграфій, афортаў і малюнкаў: «Кіеў. Пейзажы на беразе Дняпра» (1927), «Па шаўчэнкаўскіх месцах», «Шаўчэнкаўскі запаведнік у Каневе» (1936—1938), «Дняпроўскія матывы» (1947—1961) і інш. 3 канца 1940-х гадоў неаднаразова наведваў родныя мясціны, якім прысвяціў шэраг твораў, у тым ліку «Лодкі на заснежаным беразе», «Алеся ў Першамайскім садзе», «Казлоўская вуліца», «Ранняя вясна» (1953), «Увесну на Перадмоставай слабадзе» (1958), «Перадмоставая слабада. Лодкі на беразе» (1959), «На вуліцы ўзімку» (1960) і інш. Яго творы знаходзяцца ў калекцыях найбуйнейшых музеяў Масквы, Санкт-Пецярбурга, Казані, Кіева, а гэтак жа ў прыватных зборах усяго свету. Работы мастака выстаўляліся на рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Персанальныя выставы Пляшчынскага датуюцца 1922, 1924, 1937, 1964, 1978, 1983, 2013 гадамі. За час творчай дзейнасці меў 8 персанальных выставак.

Літаратура Пляшчынскі Іларыён Мікалаевіч // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 2004. — С. 635—636.

Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны Катэгорыя:Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі Катэгорыя:Графікі СССР Катэгорыя:Графікі Украіны Катэгорыя:Мастакі Украіны