Дом па вуліцы Карла Маркса, 11 — будынак у Брэсце, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада. Пабудаваны ў другой палове XIX — пачатку XX ст. з цэглы.

Архітэктура

Двухпавярховы будынак з цэглы. У горадабудаўнічым аспекце дом займаў радавое месца ў вулічнай забудове канца XIX ст. і быў размешчаны ўздоўж чырвонай лініі без водступаў. У дэкаратыўнай аздобе шырока выкарыстана цэгла крывалінейнага абрысу (лякальная). Галоўны фасад фланкіраваны 2 рызалітамі, завершанымі атыкавымі сценкамі з пінаклямі. У кожным рызаліце на 2-м паверсе — балкон на масіўных кранштэйнах. У дэкаратыўнай аздобе фасада выкарыстаны фігурныя калоны, руставаныя лапаткі, фігурная і арнаментальная муроўкі.

Цэласнасць і гарманічнасць аб’ёму, яго ўраўнаважанасць, пластычны скульптурны сілуэт будынка гаворыць пра высокае майстэрства аўтара праекта. Удзел у праектаванні прафесійнага архітэктара не выклікае сумневу. Фасадны мур выкананы з высакаякаснай жоўтай цэглы. Аналагічная цэгла выкарыстоўвалася ў фасадах брэсцкага чыгуначнага вакзала. Будынак вакзала быў пабудаваны ў 1886 годзе. Зыходзячы з якасці абліцовачнай цэглы, можна выказаць здагадку, што дом па вул. Карла Марка 11 быў пабудаваны прыкладна ў гэты ж час.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Брэста Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Брэста Катэгорыя:вуліца Карла Маркса (Брэст)