МАЗ-365022 — беларускі малатанажны грузавы аўтамабіль (грузавы фургон). Ліцэнзійная версія кітайскай мадэлі JAC Sunray. Афіцыйны дэбют адбыўся ў маі 2019 года. У чэрвені 2022 года на рынак выпусцілі аблегчаную машыну (дазволеная маса — 3,5 тоны).

Вытворчасць Зборка ажыццяўляецца на Брэсцкім машынабудаўнічым заводзе (уваходзіць у холдынг «БелаўтаМАЗ») з машынакамплектаў кампаніі JAC Motors. Зборка мікрааўтобусаў і фургонаў буйнавузлавая, вядзецца паставым метадам: кузаў падымаецца на адмысловым пад’ёмніку, пасля ўсталёўваецца сілавы агрэгат, мацуюцца элементы трансмісіі, падвескі, масты, колы.

Станам на верасень 2021 года агулам было сабрана 80 грузавых і 13 грузапасажырскіх аўтамабіляў.

За 2022 год выпуск грузавых мікрааўтобусаў склаў 62 адзінкі.

Агляд Кузаў — паўкапотнай кампаноўкі, суцэльнаметалічны з інтэграванай рамай. Колькасць месцаў для сядзення — 3. Заднія дзверы — двухстворкавыя, бакавыя — ссоўныя. Габарытныя памеры: даўжыня — 6000 мм; шырыня — 2100 мм; вышыня — 2800 мм. Колавая база — 3570 мм. Аб’ём грузавога адсека — 12,2 куб.м. Аб’ём паліўнага бака — 80 л, бака для AdBlue — 16 л.

У базавую камплектацыю ўваходзяць кандыцыянер, круіз кантроль, задні парктронік, электрычныя шклопад’ёмнікі, электрапрывад люстэркаў, цэнтральны замок, МР3-магнітола.

Рухавік Аўтамабіль абсталёўваецца радным чатырохцыліндравым дызельным рухавіком JAC HFC4DE1-1D з турбанаддзіманнем. Рабочы аб’ём цыліндраў — 2746 куб.см; магутнасць — 149,5 к.с. пры 3200 аб/хв; максімальны круцільны момант — 355,0 Нм пры 1800-2600 аб/хв. Сістэма сілкавання — упырск паліва пад ціскам (Bosch). Нагнятальнік — Holset HE200. Экалагічны клас — Еўра-5. Сістэма выпуску — з адным глушыцелем і сістэмай нейтралізацыі адпрацаваных газаў SCR. Рухавік размешчаны спераду падоўжна.

Трансмісія Каробка перадач — механічная, 6-ступеньчатая, JAC LC6T32 або ZOMAX/ZM6T82. Колавая формула — 4х2. Прывад — задні.

Шасі Пярэдняя падвеска — незалежная спружынная, з папярочнымі рычагамі, амартызатарамі і стабілізатарам папярочнай устойлівасці; задняя — залежная рысорная, з амартызатарамі і стабілізатарам папярочнай устойлівасці.

Рулявое кіраванне — з гідраўзмацняльнікам.

Працоўная тармазная сістэма двухконтурная, з гідраўлічным прывадам і падзелам на контуры пярэдняй і задняй восяў, з ABS і сістэмай размеркавання тармазнога высілка (EBD). Тармазныя механізмы: спераду — дыскавыя; ззаду — барабанныя. Шыны — 185/75 R16C.

Мадыфікацыі з максімальнай дазволенай масай 3,5 тоны маюць аднаскатныя заднія колы. Каляіна пярэдніх і задніх колаў аднолькавая — 1760 мм. Шыны — 215/75R16C або 215/75R16LT. Тормазы — дыскавыя і спераду, і ззаду. Дадаткова абсталяваныя сістэмай курсавой устойлівасці.

Мадыфікацыі МАЗ-365022-520-000 — базавы суцэльнаметалічны фургон узору 2019 года з двухскатнымі заднімі коламі. Маса без нагрузкі — 2620 кг. Дазволеная маса аўтамабіля — 4050 кг (нагрузка на пярэднюю вось — 1600 кг; на заднюю — 2450 кг). Грузападымальнасць — 1430 кг. МАЗ-365022-520-020 — базавы суцэльнаметалічны фургон узору 2022 года з аднаскатнымі заднімі коламі. Дазволеная маса аўтамабіля зніжана да 3490 кг. Маса без нагрузкі — 2730 кг. Пашпартная грузападымальнасць — 760 кг. МАЗ-365022-540-020 — грузавы аўтамабіль з рамным шасі для ўсталявання кузаваў і надбудоў. Заднія колы — аднаскатныя. Маса шасі без нагрузкі складае 2100 кг, грузападымальнасць — 1390 кг. Дазволеная маса аўтамабіля — 3490 кг. Упершыню паказаны ў верасні 2022 года з ізатэрмічным фургонам «Купава 273100». Брэстмаш-343001 — 9-месцавы грузапасажырскі мікрааўтобус, распрацаваны на Брэсцкім машынабудаўнічым заводзе ў 2020 годзе; thumb|Брэстмаш-343004 Брэстмаш-343004 — грузапасажырскі мікрааўтобус для перавозкі 7 чалавек і 650 кг груза. Распрацаваны на Брэсцкім машынабудаўнічым заводзе. Паказаны ў 2021 годзе; Купава-273100 — ізатэрмічны фургон на рамным шасі. Унутраныя памеры кузава — 3768х2076х2168 мм, аб’ём — 17 куб.м. Грузападымальнасць — 900 кг. Пагрузачная вышыня кузава — 900 мм. Упершыню паказаны ў верасні 2022 года. Купава-273115 — бартавы грузавы аўтамабіль. Маса без нагрузкі складае 2480 кг, грузападымальнасць — 1010 кг. Памеры платформы: даўжыня — 3680 мм; шырыня — 2100 мм; вышыня борта — 494 мм. Дэбютаваў у чэрвені 2023 года на выставе «Белагра-2023». Купава-273130 — фургон на рамным шасі для перавозкі хлеба і кандытарскіх вырабаў. Грузападымальнасць — 790 кг. З правага боку кузаў мае 5 дзвярэй. Дэбютаваў у чэрвені 2023 года на выставе «Белагра-2023». Купава-373100 — цэльнаметалічны ізатэрмічны фургон для перавозкі ахалоджаных і замарожаных прадуктаў. Створаны прадпрыемствам «МАЗ-Купава» ў 2020 годзе.

Гл. таксама МАЗ-281040

Спасылкі

Катэгорыя:Аўтамабілі паводле алфавіта 3650 Катэгорыя:Аўтамабілі 2010-х Катэгорыя:Аўтамабілі, прадстаўленыя ў 2019 Катэгорыя:Фургоны