«Ра́зам» () — беларуская партыя, пра стварэнне якой абвясцілі Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава і штаб Віктара Бабарыкі. Паводле заявы стваральнікаў, партыя не закране працу Каардынацыйнай Рады.

Гісторыя Зварот пра стварэнне партыі быў запісаны 14 чэрвеня 2020 года на выпадак, калі Віктар Бабарыка не зможа ўдзельнічаць у выбарах. У відэа адзін з членаў каманды перадвыбарчага штабу, Марыя Калеснікава, таксама анансуе назву будучай партыі — «Разам».

Бабарыка назваў асноўнымі задачамі партыі правядзенне канстытуцыйнай рэформы і аб’яднанне грамадзянскіх ініцыятыў. Аднак ужо праз тыдзень Марыя Калеснікава і іншыя члены каманды былі затрыманыя або пакінулі тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Стваральнікі партыі цалкам прызнаюць, што Святлана Ціханоўская атрымала большасць галасоў і здабыла перамогу на выбарах 9 жніўня 2020 года.

29 сакавіка 2021 года каманда Віктара Бабарыкі абвясціла пра канкрэтныя крокі па стварэнні партыі, запланаваўшы ўстаноўчы з’езд на канец вясны 2021 года. У аргкамітэт ізноў стваранай партыі акрамя Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай увайшлі таксама Максім Баграцоў, Дзмітрый Падалінскі, Іван Краўцоў, а таксама сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч. Паводле даных аргкамітэта, за тры дні пасля абвяшчэння пра стварэнне партыі было атрымана 4400 заявак.

На думку стваральнікаў партыі галоўнае ў бягучым моманце — дамагацца патрабаванняў, якія кансалідавана агучаны Каардынацыйнай Радай і грунтуюцца на перадвыбарчай праграме Святланы Ціханоўскай. Сябры партыі «Разам» будуць браць актыўны ўдзел у рабоце Каардынацыйнай Рады і спрыяць вырашэнню ўнутрыпалітычнага крызісу праз дыялог.

Змяненне Канстытуцыі было ініцыявана Віктарам Бабарыкам 19 чэрвеня 2020 года праз правядзенне Рэферэндума і з’яўляецца адной з галоўных доўгатэрміновых палітычных задач. На думку стваральнікаў партыі без абмежавання тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта, без пэўнага раздзялення ўладаў, без рэальнай працы парламента няма магчымасці сфарміраваць эфектыўную сістэму кіравання дзяржавай.

Крытыка Палітолагамі даволі скептычна ацэньвалася магчымасць афіцыйнай рэгістрацыі партыі, бо партыі ў Беларусі не рэгіструюцца з 2000 года і Аляксандру Лукашэнку легалізацыя дзейнасці Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай не патрэбна. Разам з тым, журналісты і палітычныя аглядальнікі адзначаюць, што структурызацыя часткі прыхільнікаў перамен не шкодная, але гэта робіцца так, што нават сябры прэзідыума Каардынацыйнай рады не ведаюць пра стварэнне партыі.

Часта звяртаюць увагу на прарасійскія выказванні членаў партыі. На старонцы партыі ёсць заява: «Русский язык — это наш культурный, социальный, исторический, научный, экономический актив, который на протяжении многих лет помогал беларусам развиваться, расти, быть частью великих достижений, открытий и свершений».

Крыніцы

Спасылкі Рашэнне пра стварэнне партыі «Разам»

Катэгорыя:Палітычныя партыі, заснаваныя ў 2020 годзе Катэгорыя:Палітычныя партыі Беларусі