Ганна Катарына Боберг (; 3 снежня 1864 — 27 студзеня 1935) — шведская мастачка. Была замужам за вядомым шведскім архітэктарам Фердынандам Бобергам.

Біяграфія Ганна нарадзілася 3 снежня 1864 года, была шостым дзіцем з сямі ў сваёй сям’і. У дзяцінстве яна вывучала французскую мову, што спатрэбілася ёй, калі яна атрымлівала адукацыю ў Акадэміі Жуліяна ў Парыжы, дзе вывучала жывапіс. Акрамя таго, у Парыжы яна сустрэла будучага архітэктара Фердынанда Боберга, які ў гэты ж час падарожнічаў па Францыі. У 1888 годзе, нягледзячы на цяжкасці з фінансамі, маладыя людзі пажаніліся. Да гэтага часу Ганна падзарабляла, малюючы па заказах карціны і малюнкі.

У 1887 годзе Ганна Боберг сур’ёзна занялася творчасцю, карціны пісала акварэллю і алеем. У 1888 годзе адбылася яе першая выстава. У 1890-х гадах яна пісала карціны алеем на грубым палатне, гэтыя яе працы нагадвалі размаляваныя габелены і былі набытыя для ўпрыгожвання сцен у гатэлі Рыдберга.

На мяжы XIX і ХХ стагоддзяў Ганна шмат працавала ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яе вядомыя вазы «Паўлін», (Påfågelvasen), якія былі створаны ў 1897 годзе, зрабілі сенсацыю.

У 1900 годзе на Сусветнай выставе ў Парыжы яе муж Фердынанд быў аўтарам шведскага павільёна, а Ганна стварыла для гэтага павільёна шматлікія працы з тэкстылю, якія былі вытканыя на фабрыцы Handarbetets vänner і К.

У 1901 годзе, падчас падарожжаў па паўночнай Швецыі і Нарвегіі з мужам, Ганна была зачараваная краявідамі і прыродай гэтых краін. У наступныя 33 гады яна малявала па сваіх ўспамінах зімовыя пейзажы гэтых паўночных мясцін.

У 1903 годзе карціны Ганны выстаўляліся ў Стакгольме, а ў 1905 годзе — у Парыжы. Апошняя яе выстава адбылася ў 1927 годзе.

Пасля 1915 года яе муж пакінуў кар’еру архітэктара і з Ганнай падарожнічаў па Швецыі. Падчас паездак Боберг рабіла шляхавыя нататкі, якія пасля выдала асобнай кнігай. У 1925 годзе сям’я пераехала са Швецыі ў Парыж, але ў сакавіку 1929 года муж і жонка вярнуліся ў Стакгольм, дзе пражывалі на віле Blecktornet.

У 1935 годзе Ганна Боберг памерла пасля аперацыі. На яе пахаванні прысутнічалі члены Шведскай каралеўскай сям’і: наследны прынц Густаў Адольф, прынцэса Інгрыд і прынц Бертыль.

Галерэя

Літаратура Ann Thorson Walton: Ferdinand Boberg — Architect, MIT Press, 1994, . ISBN191-540-5573-3 Marianne Nyström: Bobergs. Anna Scholander och Ferdinand Boberg, Carlssons 1992, . ISBN191-7798-564-8

Катэгорыя:Жанчыны Швецыі Катэгорыя:Мастакі Швецыі