«Shocking Blue» — галандскі рок-гурт з Гаагі, існаваў з 1967 па 1974 год. Найвядомая песня гурта Venus (Венера) у лютым 1970 года заняла першае месца ў чарце Billboard Hot 100.
Гісторыя Гурт быў заснаваны ў 1967 годзе гітарыстам Робі ван Леўвенам, ветэранам вядомага галандскага рок-гурта The Motions. Назва «Shocking Blue» была навеяная словамі Эрыка Клэптана Electric Blue з песні «Strange Brew». Акрамя ван Леўвена, у гурт уваходзілі барабаншчык Карнэліус ван дэр Бек, басіст Клаашэ ван дэр Вал і вакаліст Фрэд дэ Вілдэ.
Другі сінгл гурта «Lucy Brown Is Back in Town», які заняў 21-е месца ў галандскім Топ 40, быў выпушчаны на лэйбле Pink Elephant. Аднойчы менеджар калектыва прысутнічаў на адной вечарынцы, дзе выступаў гурт Bumble Bees з вакалісткай Марышкай Верэш, і вырашыў, што яна будзе дасканалым дадаткам да Shocking Blue (Робі пагодзіцца з ім на першым жа праслухоўванні).
Марышка, у якой бацька быў венгерскім цыганам, а маці ўраджэнкай Германіі французска-рускага паходжання, часта спявала са сваім бацькам, які граў на скрыпцы ў цыганскім аркестры. Да запрашэння ў Shocking Blue яна запісала сольны сінгл пад назвай «Topkapi» і набіралася досведу ў розных гуртах. Яна змяніла Фрэда дэ Вілдэ, і, без сумневу, менавіта яе вакал стаў магнітам, які прыцягвае гледачоў і слухачоў; яе звонкі голас надаў музыцы выразнае гучанне рытм-энд-блюзу. Як сказаў Робі: «Калі прыйшла Марышка, усё адразу закруцілася, і адзін з першых сінглаў — Venus — стаў вялікім хітом».
У Галандыі Venus заняў трэцяе месца, у той жа час узначаліўшы чарты ў Бельгіі, Францыі, Італіі, Іспаніі і Германіі. Запіс прыцягнуў увагу нядаўна заснаванай амерыканскай кампаніі Colossus. Кіраўнік лэйбла Джэры Рос падпісаў кантракт з Shocking Blue і быў узнагароджаны за прадпрымальнасць, калі «Venus» у лютым 1970 года апынуўся на вяршыні штатаўскіх чартаў.
Наступны сінгл гурта «Mighty Joe» стаў нумарам адзін у Галандыі і, як і яго папярэднік, прысутнічаў ва ўсіх чартах. Shocking Blue паспяхова злучылі біт і рытм-энд-блюз з усходнім гучаннем індыйскага сітара.
Робі не пярэчыў, каб гурт уключаў у альбомы некалькі кавер-версій старых песень, бо ўвесь час пісаць новы матэрыял было для яго занадта вялікай нагрузкай. «Мы ўсё рабілі самі, а дыджэі радыёстанцый хацелі б пачуць ад нас кожны раз усё зусім новае. Але вялікая колькасць альбомаў прывяла да таго, што гурт быў вымушаны дапаўняць іх кавер-версіямі. Мне было вельмі складана пісаць усю музыку і словы аднаму».
На працягу некалькіх месяцаў у 1970—1971 гадах з гуртом граў гітарыст Леа ван дэ Кетэрэй. Марышка, Робі, Карнэліус і Клашэ былі разам тры гады: яны гастралявалі па свеце, наведваючы і такія далёкія куткі, як Японія, Інданезія, Ганконг і Паўднёвая Амерыка. Нягледзячы на тое, што гурт працягваў выпускаць цудоўныя і часта наватарскія сінглы і займаць месцы ў еўрапейскіх чартах, Робі ван Леўвен запаў у дэпрэсію. Яго прыгнятала абмежаванасць поспеху гурта, у выніку чаго ўнутры Shocking Blue пачалі адбывацца сваркі.
Спачатку сышоў Клаашэ, заменены ў 1971 годзе Хенкам Смітскампам. У 1973 годзе сам ван Леўвен на час пакінуў гурт, а яго месца займаў Марцін ван Вейк, які да гэтага граў у двух галандскіх гуртах — «Fairy Tale» і «Jupiier». Ён стаў лідарам Shocking Blue, і новы матэрыял ужо быў вынікам яго пошукаў, унёсшы ў музыку Shocking Blue частку глэм-рока і фанка.
Без Робі Shocking Blue яшчэ трымаліся, але ў 1974 годзе з гурта сышла і Марышка, якая рашыла пачаць сольную кар’еру, і каманда канчаткова распалася. Такім чынам, адзіным удзельнікам гурта, які перажыў усе змены складаў, быў барабаншчык Карнэліус ван дэр Бек. У 1975 годзе выйшаў апошні сінгл гурта «Gonna Sing My Song».
Дыскаграфія
Студыйныя альбомы
Shocking Blue (таксама вядомы як Beat with Us (германская версія)) (1967) At Home (таксама вядомы як The Shocking Blue (амерыканская версія, 1970)) (1969) Scorpio's Dance (таксама вядомы як Sally Was a Good Old Girl (японская версія)) (1970) Third Album (таксама вядомы як Shocking You) (1971) Inkpot (1972) Attila (таксама вядомы як Rock in the Sea (японская версія) і Eve and the Apple) (1972) Ham (1973) Dream on Dreamer (1974) Good Times (1974)
Катэгорыя:Музычныя калектывы, якія з’явіліся ў 1967 годзе Катэгорыя:Рок-гурты Нідэрландаў