Іван Піліпавіч Акімачкін (; ) — савецкі афіцэр, лейтэнант, начальнік штаба 98-га асобнага супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна 6-й стралковай дывізіі. Удзельнік і адзін з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці ў чэрвені-ліпені 1941 года. Узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны I ступені пасмяротна.

Біяграфія Нарадзіўся ў вёсцы Крутое Людзінаўскага раёна Калужскай вобласці ў 1910 годзе. Закончыў Калінкавіцкае пяхотнае вучылішча. Прызваны ў Рабоча-сялянскую Чырвоную армію ў 1931 годзе Людзінаўскім раённым ваенным камісарыятам. На пачатак Вялікай Айчыннай вайны лейтэнант, начальнік штаба 98-га асобнага супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна 6-й стралковай дывізіі, які размяшчаўся ў казематах Усходняга валу Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.

Абарона Брэсцкай крэпасці Падчас абароны Брэсцкай крэпасці разам з намеснікам камандзіра дывізіёна старшым палітруком Мікалаем Васільевічам Несцерчуком кіравалі групай артылерыстаў. Па іх загадзе артылерысты арганізавалі абарончыя пазіцыі, усталявалі ацалелыя гарматы і кулямёты, наладзілі дастаўку боепрыпасаў і амаль два тыдні трымалі абарону. 4 ліпеня 1941 года пасля артылерыйскага абстрэлу і бамбёжкі з паветра, абарона была прарваная, цяжкапаранены Акімачкін трапіў у палон і быў расстраляны. Такі ж лёс напаткаў у акупаваным Брэсце яго шасцігадовага сына Вову, чатырохгадовую дачку Аню і маці жонкі Еўдакію Восіпаўну. У 1942 годзе яны былі расстраляныя нямецкай акупацыйнай уладай.

Памяць

Узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны I ступені (1965, пасмяротна). У роднай вёсцы Крутое ўсталяваны абеліск (1967). Імя Акімачкіна ўшанавана на пліце мемарыяла Брэсцкая крэпасць-герой (шэраг 2, пліта 2). Імем лейтэнанта Акімачкіна названа вуліца ў Брэсце, там устаноўлена мемарыяльная дошка.

Зноскі

Літаратура

Брест. Брэст. Brest. 1000 / саст. А.М. Вабішчэвіч. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2019. - с. 28.

Спасылкі ИСТОРИЯ. УЛИЦА И. Ф. АКИМОЧКИНА Бои за Кобринское укрепление

Катэгорыя:Лейтэнанты СССР Катэгорыя:Артылерысты Вялікай Айчыннай вайны