Сядзіба Тукалаў — сядзібна-паркавы комплекс у в. Малыя Шчытнікі Брэсцкага раёна.
Гісторыя
Сядзіба паводле пісьмовых крыніц была вядома ўжо ў XVI ст. З 1512 г. да пачатку XVII ст. Шчытнікамі валодаў род Гарнастаяў, адзін з прадстаўнікоў якога Івашка Гарнастаевіч зрабіў даволі высокую кар’еру і выкупіў у Берасцейскім павеце шэраг фальваркаў. Пазней Шчытнікі былі ва ўласнасці Сапегаў. У 1708 г. Тэрэза Гасеўская выйшла замуж за гетмана вялікага літоўскага Казіміра Сапегу і запісала маёнтак Шчытнікі на мужа. Пасля яе смерці ў 1710 г. Шчытнікі набыў фельдмаршал Флемінг і яго жонка Францішка Ізабела, таксама з роду Сапегаў. Наступнымі ўладальнікамі двара сталі Чартарыйскія, а ад іх сядзібу набыў разам з Воўчынам род Панятоўскіх.
Адзін з нашчадкаў Панятоўскіх Станіслаў, падскарбі вялікі літоўскі, у 2-й палове XVIII ст. пабудаваў у Шчытніках уніяцкую царкву, якая неўзабаве была пашкоджана, а ў пачатку XIX ст. адноўлена новай уладальніцай фальварка Францішкай Талочка з даўняга роду Паніквіцкіх, дачкой Марціна Талочкі. Прыкладна ў 1820 г. пры Паніквіцкіх быў пабудаваны даволі вялікі драўляны палац на мураваным падмурку.
Ад Паніквіцкіх сядзіба перайшла ва ўласнасць роду Тукалаў, у прыватнасці Соф’і Тукалы. У 1895 г. дом быў знішчаны пажарам, а ў пачатку XX ст. ён адноўлены. Былая сядзіба перабудавана пасля Другой сусветнай вайны пад жыллё. Царква была зачынена, занядбана, у 1980-я гады адноўлена і перададзена праваслаўным вернікам.
На сённяшні дзень ад ансамбля засталіся рэшткі парку, сажалка, часткова дом, мураваная вазоўня і капліца. Парк мае плошчу 3,5 га. Парк мае перспектыву аднаўлення, яго рэшткі з’яўляюцца дэндралагічнай каштоўнасцю.
Архітэктура
Сядзіба мела выгляд аднапавярховага прамавугольнага ў плане драўлянага будынка на мураваным падмурку, накрытага высокім і гладкім чатырохсхільным дахам. У сярэдняй частцы палац меў балкон і порцік, завершаны шчытком на чатырох чатырохгранных калонах. Дах будынка завершаны двума сіметрычна размешчанымі комінамі. Вокны мелі розную велічыню і былі афарбаваны ў белы колер. Сцены звонку ашаляваны дошкамі.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Малыя Шчытнікі Катэгорыя:Сапегі Катэгорыя:Сядзібы Брэсцкага раёна Катэгорыя:Чартарыйскія Катэгорыя:Панятоўскія Катэгорыя:Паніквіцкія Катэгорыя:Талочкі герба «Побуг» Катэгорыя:Тукалы Катэгорыя:Палацава-паркавыя і сядзібна-паркавыя ансамблі Беларусі