Іван Хадкевіч, або Іван Ходкавіч (каля 1420 — каля 1485) — вялікалітоўскі арыстакрат. Намеснік менскі (зг. 1459), лідскі (зг. 1469—1471), віцебскі (зг. 1477), луцкі (зг. 1478—1480), кіеўскі (1480—1483). Адначасова маршалак гаспадарскі (зг. 1469—1479).
Біяграфія Сын баярына Ходкі (Фёдара) Юр’евіча, продка роду Хадкевічаў. Праваслаўны.
Вядомы з 1466 года ўжо як камандзір вялікалітоўскага атрада ў вайне 1454-1466 гадоў Польшчы з Тэўтонскім ордэнам, у тым ліку пры аблозе Хойніцы. У кастрычніку 1470 годзе як маршалак гаспадарскі, у сувязі з усходняй палітыкай Княства, быў паслом у Польшчу каб заручыцца яе падтрымкай, у тым ліку вайсковай. У 1474 годзе камандаваў вялікалітоўскім атрадам у паходзе супраць венгерскага караля Мацьяша. У 1476 годзе падпісаў ліст да Папы Сікста IV, ініцыяваны, магчыма, мітрапалітам Місаілам.
У 1480 годзе, па смерці Марціна Гаштольда, атрымаў урад ваяводы кіеўскага, што незадаволіла князя Міхаіла Алелькавіча, які лічыў сябе кіеўскім спадчыннікам і разам з князем бельскім Фёдарам Іванавічам і князем Іванам Гальшанскім задумаў змову супраць караля Казіміра і яго сям’і. Іван Хадкевіч спрыяў выкрыццю змовы, хоць быў зяцем аднаго з яе ўдзельнікаў.
У першы год ваяводства Хадкевіча захоўваліся прыязная адносіны з крымскім ханам Менглі-Гірэем. Аднак у 1482 годзе крымскія татары раптоўна напалі на Кіеўскую зямлю, 1 верасня ўзялі Кіеў, разрабавалі і спалілі яго, вывелі вялікі палон, у тым ліку і ваяводу Івана Хадкевіч з сям’ёй.
Памёр у крымскім палоне ў 1483 годзе. Жонку Агнешку-Сафію, дачку Аграфену і сына Аляксандра выкупіў вялікі князь Казімір.
Сям’я У шлюбе з князёўнай Агнешкай-Сафіяй (пам. пасля 1496), дачкой князя бельскага Івана Уладзіміравіча (пам. каля 1450) і князёўны Васілісы з Гальшанскіх (пам. 1484), мелі прынамсі трох дзяцей. Аляксандра (каля 1475—1549), ваяводу новагародскага, Аграфену (пам. да 1542), у шлюбе з князем Багданам Іванавічам Заслаўскім, намеснікам менскім, Якумілу, памерла ў крымскім палоне.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Памерлі ў месцах пазбаўлення волі Іван Катэгорыя:Старосты менскія Катэгорыя:Старосты лідскія Катэгорыя:Намеснікі віцебскія Катэгорыя:Старосты луцкія Катэгорыя:Ваяводы кіеўскія (Вялікае Княства Літоўскае) Катэгорыя:Маршалкі гаспадарскія