Нафісату (Нафі) Тыям (; нар. , ) — бельгійская лёгкаатлетка, спецыялізуецца ў мнагабор’і. Двухразовая алімпійская чэмпіёнка (2016 і 2020), двухразовая чэмпіёнка свету (2017 і 2022), двухразовая чэмпіёнка Еўропы (2018 і 2022), двухразовая чэмпіёнка Еўропы ў памяшканні ў пяцібор’і. Першая ў гісторыі Бельгіі чэмпіёнка свету па лёгкай атлетыцы. Спартсменка года ў Бельгіі (2014, 2016, 2017), лепшая лёгкаатлетка года ў свеце (2017). Першая ў гісторыі Бельгіі двухразовая алімпійская чэмпіёнка.

Біяграфія Яе маці — бельгійка, а бацька — выхадзец з Сенегала. Бацькі Нафісату разышліся, калі яна была дзіцем і яе выхоўвала маці. Тыям сумяшчае заняткі спортам з вывучэннем геаграфіі ў Льежскім універсітэце.

Нафісату пачала займацца лёгкай атлетыкай ва ўзросце сямі гадоў у льежскім клубе RFC Liégeois. З пачатку спартыўнай кар’еры і да гэтага часу яе трэнерам з’яўляецца былы сямі-і дзесяціборац Ражэ Леспаньяр.

Чэмпіёнскія тытулы 2022 — Чэмпіёнка свету (сямібор’е). 2020 — Алімпійская чэмпіёнка (сямібор’е). 2018 — Чэмпіёнка Еўропы (сямібор’е). 2017 — Чэмпіёнка свету (сямібор’е). 2017 — Чэмпіёнка Еўропы ў памяшканні (пяцібор’е). 2016 — Алімпійская чэмпіёнка (сямібор’е). 2016 — Чэмпіёнка Бельгіі (скачок у даўжыню, у памяшканні). 2016 — Чэмпіёнка Бельгіі (пяцібор’е, у памяшканні). 2015 — Чэмпіёнка Бельгіі (скачок у даўжыню). 2015 — Чэмпіёнка Бельгіі (скачок у вышыню, у памяшканні). 2013 — Чэмпіёнка свету сярод юніёраў (сямібор’е).