Politzek.me — беларуская платформа для дапамогі палітычным зняволеным у Беларусі, якая змяшчае актуальную базу палітычных зняволеных у краіне. Створана ў лістападзе 2020 года пасля пачатку масавых пратэстаў прадвыбарным штабам Віктара Бабарыкі, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года, пры інфармацыйнай падтрымцы Праваабарончага цэнтра «Вясна». Кіраўнік арганізацыі і яе сузаснавальніца — Іна Кавалёнак.

Апісанне арганізацыі Платформа створана каб зрабіць тэму палітвязняў больш даступнай і дэстыгматызаваць саміх палітвязняў, укараняючы творчыя рашэнні. Праект стартаваў як сайт з базай даных беларускіх палітвязняў і іх гісторыямі. На сайце карыстальнік можа даведацца актуальную інфармацыю пра палітвязня, напісаць ліст палітвязню, адправіць паштоўку, зрабіць ахвяраванне, або адправіць пасылку ў СІЗА і інш. Карыстальнік таксама можа ананімна пазначыць, што аказвае дапамогу пэўнаму палітвязню, дадаўшы яго ў сябры на сайце. Пад сяброўствам разумеецца выкананне пэўных дзеянняў для падтрымкі абранага палітвязня, але без прамога кантакту з чалавекам. Колькасць сяброў кожнага палітвязня адлюстроўваецца на сайце Politzek.me.

Politzek.me лічыць, што лісты могуць стаць для палітвязняў крыніцай падбадзёрвання і падтрымкі, а ахвяраванні сем’ям палітвязняў могуць аблегчыць фінансавыя цяжкасці, з якімі сем’і сутыкаюцца пасля затрымання блізкіх, а таксама забяспечыць рэсурсы, неабходныя для падтрымкі сем’ямі саміх зняволеныхПростые способы помочь политзаключённым РБ. Инструкции на Politzek.me / Новости Беларуси .

Агульная ідэя сайта ў тым, каб даць людзям магчымасць дзейнічаць і падтрымліваць тых, хто змагаецца за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі, а таксама садзейнічаць павышэнню дасведчанасці пра сітуацыю ў міжнароднай супольнасці.

Politzek.me займае выразную пазіцыю адносна вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі. Падчас сваіх інтэрв’ю і публікацый Politzek.me неаднаразова падкрэсліваў, што вызваленне ўсіх палітычных зняволеных павінна быць неадкладным і безумоўным. Арганізацыя лічыць, што кожны чалавек мае права на свабоду выказвання меркаванняў і ўдзел у грамадска-палітычным жыцці без страху пераследу, а таксама выступае за неадкладнае і безумоўнае вызваленне ўсіх асоб, якія былі зняволеныя за свае палітычныя погляды або ўдзел у мірных пратэстах. Politzek.me актыўна супрацоўнічае з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі для прыцягнення ўвагі да гэтай праблемы.

У красавіку 2024 года Politzek.me быў прызнаны Міністэрствам ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь «экстрэмісцкім фарміраваннем», што з’яўляецца часткай шырокамаштабных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацый у краіне. У структуры «фармавання» згаданы сайт politzek.me, старонкі праекта ў «Інстаграме», «Твітэры», «Фэйсбуку», тэлеграм-канал, тэлеграм-бот і электронная пошта. У спісе «фармаванняў» Politzek.me мае 194 парадкавы нумар. Раней, у лістападзе 2023 года інтэрнэт-старонкі праекта былі прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі ў Беларусі. Нягледзячы на гэты статус, арганізацыя працягвае сваю дзейнасць, падтрымліваючы палітычных зняволеных і іх сем’і, а таксама аказваючы ім неабходную прававую дапамогу. Многія міжнародныя арганізацыі і СМІ асуджаюць такі статус і падтрымліваюць Politzek.me у іх працы​.

Напрамкі дзейнасці Politzek.Me Politzek.me вядзе шырокую інфармацыйную кампанію, накіраваную на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы палітычных зняволеных. Арганізацыя публікуе навіны, інтэрв’ю з былымі палітвязнымі і аналітчныя запісы на сваім сайце свайго медыя PolitzekTimes і ў сацыяльных сетках, распавядаючы пра лёсы палітычных зняволеных, умовы іх утрымання і намаганні па іх вызваленні. Гэтыя публікацыі шырока распаўсюджваюцца як у Беларусі, так і за яе межамі, што дапамагае прыцягнуць увагу да праблемы і аб’яднаць намаганні па яе вырашэнні​.

Адной з ключавых ініцыятыў арганізацыі з’яўляецца стварэнне платформы для абмену інфармацыяй пра палітычных зняволеных. Платформа працуе як асабістая старонка для кожнага вязня, дзе можна знайсці інфармацыю аб іх біяграфіі, місцы ўтрымання і паказчык колькасці дзён, праведзеных у зняволенні. Платформа дазваляе збіраць і распаўсюджваць інфармацыю пра іх стан, юрыдычныя і фінансавыя патрэбы, а таксама пра забеспячэнне падтрымкі іх сем’ям. Арганізацыя таксама праводзіць інфармацыйныя кампаніі і мерапрыемствы па збору сродкаў, каб забяспечыць неабходныя рэсурсы для аказання дапамогі​.

Важным аспектам платформы Politzek.me з’яўляецца магчымасць выкарыстоўваць яе ў якасці актуальнай базы палітзняволеных. Паколькі колькасць палітзняволеных заўсёды змяняецца, таму арганізацыя пастаянна працуе над тым, каб забяспечыць найбольш дакладную і своечасовую інфармацыю. Так па стане на лістапад 2021 года Politzek.me называе палітвязнямі ў Беларусі 1074 чалавекі, у снежні 2021 года — 1104 чалавекі, у маі 2022 года — 1457 чалавек. На працягу 2021 і 2022 гадоў колькасць палітвязняў у Беларусі павялічвалася вельмі хутка, і ўжо ў кастрычніку 2022 года Politzek.me называў палітвязнямі ажно 1651 чалавека. Па стане на ліпень 2024 года Politzek.me называе палітвязнямі ў Беларусі 1570 чалавекі.

Адным з вядомых праектаў Politzek.me з’яўляецца ініцыятыва па напісанні віртуальных лістоў і паштовак для палітычных зняволеных. Гэтая ініцыятыва накіравана на маральную падтрымку зняволеных і іх сем’яў, а таксама на прыцягненне ўвагі да іх лёсу. Як адзначае сузаснавальніца праекту Іна Кавалёнак, лісты зняволеным з’яўляюцца важным сродкам маральнай падтрымкі і спосабам перадачы інфармацыі пра тое, што яны не забытыя, што асабліва актуальна ў умовах рэпрэсій і абмежавання кантактаў з знешнім светам.

Прадстаўніца праекта Іна Кавалёнак адзначае, што асноўная мэта Politzek.me — гэта не проста адлюстраваць інфармацыю, але і забяспечыць асабістыя гісторыі кожнага палітычнага вязня, каб падтрымаць іх і напомніць аб іх несправядлівым становішчы, а таму асаблівую ролю ў інфармацыйнай дзейнасці Politzek.me адыгрываюць інтэрв’ю з былымі палітычнымі зняволенымі і іх сем’ямі.

У лютым 2023 года каманда Politzek.me запусціла свой анлайн-часопіс «PolitzekTimes», прысвечаны гісторыям беларускіх палітвязняў. У часопісе публікуюцца гісторыі палітвязняў, іх развагі аб новых выпрабаваннях і сіле пераадолення цяжкасцей.

Як адзначае каманда Politzek.me, самы вялікі страх палітвязняў — гэта быць забытымі. Таму іх місія — рабіць усё магчымае, каб кожны герой быў пачуты, і гэты супадае з асноўнай задачай часопіса — працягваць расказваць гісторыі людзей да таго часу, пакуль апошні палітвязень не выйдзе на свабоду.

Праекты Politzek.Me У сакавіку 2023 года ў Варшаве адбыўся хакатон, прысвечаны дапамозе беларускім палітвязням — Hack for Politzek. Галоўная мэта мерапрыемства — распрацаваць новыя ідэі і праекты, якія могуць палепшыць умовы жыцця палітвязняў і іх сем’яў, а таксама прыцягнуць увагу да гэтай праблемы на міжнародным узроўні.

Аднімі з праектаў, распрацаваных на хакатоне, сталі 3D-мадэль камеры СІЗА, мэта якой — паказаць рэаліі жыцця ў беларускіх турмах і зняволенні, каб грамадства лепш разумела, з чым сутыкаюцца палітвязні, а таксама калькулятар падліку турэмных тэрмінаў, які дазваляе адсочваць, колькі часу зняволены правёў у зняволенні і колькі яшчэ засталося да яго вызвалення. Абодва праекты былі інтэграваны на сайт politzek.me. Хакатон стаў важным крокам у развіцці інавацыйных падыходаў да дапамогі зняволеным і іх сем’ям, а таксама ўмацаванні салідарнасці і супрацоўніцтва паміж актывістамі і праваабаронцамі.

У жніўні 2023 году разам з мастачкай Каралінай Паляковай Politzek.Me анансаваў новы праект — «Горад палітвязняў» — калекцыю цішотак, 30 % з продажы ад якіх пайшлі сем’ям палітзняволеных. Караліна Палякова так апісвае гэты праект: «На стварэнне працы мяне натхнілі вобразы з вядомых мазаік Аляксандра Кішчанкі „Мінск — горад мастацтва“ і „Мінск — горад навукі“ каля станцыі метро „Усход“. Там шмат сюжэтаў: навукоўцы прэзентуюць працы, людзі навучаюцца і танчаць у нацыянальных касцюмах, гісторыкі распавядаюць пра мінулае, матулі абдымаюць дзяцей. Гэты від сацыяльнага мастацтва актыўна працуе з часам, таму высновы, якія гледачы робяць пры праглядзе, спрыяюць аналізу і пошуку метафар. На ўсё гэта мы сёння глядзім іншымі вачыма. На момант напісання гэтага паста лічба палітычных вязняў у Беларусі перайшло лічбу 1600 чалавек. На гэтых мазаіках першапачаткова адлюстраваны свет краіны ў выглядзе мастакоў, навукоўцаў, і выбітных дзеячаў і зараз за кратамі знаходзяцца прадстаўнікі мастацтва, навукі, інжэнерыі Беларусі, носьбіты традыцыяў і людзі якія ахвяравалі сваёй свабоды дзеля вольнасці краіны. Аб гэтым варта памятаць» .

Прававая дапамога і падтрымка сямей Акрамя інфармацыйнай і публічнай дзейнасці, Politzek.me аказвае прававую дапамогу палітычным зняволеным і іх сем’ям. Арганізацыя супрацоўнічае з адвакатамі і праваабарончымі арганізацыямі, каб забяспечыць юрыдычную падтрымку для тых, хто сутыкаецца з рэпрэсіямі. Гэта ўключае ў сябе кансультацыі, дапамогу ў падрыхтоўцы прававых дакументаў, а таксама прадстаўленне інтарэсаў у судзе. Politzek.me таксама дапамагае сем’ям палітычных зняволеных, якія часта сутыкаюцца з фінансавымі цяжкасцямі і іншымі праблемамі падчас зняволення іх блізкіх.

Міжнародная супольнасць і партнёрства Politzek.me актыўна ўзаемадзейнічае з міжнароднай супольнасцю для павышэння эфектыўнасці сваёй дзейнасці, а таксама калабаруе і супрацоўнічае з арганізацыямі, якія таксама займаюцца праблемай палітычных зняволенных — Праваабарончы цэнтр «Вясна», Палітвязынка, Вольныя, Аб’яднанне сваякоў і колішніх палітвязняў, Письмо.бел, Dissident.by

Арганізацыя наладзіла партнёрства з многімі міжнароднымі праваабарончымі групамі, такімі як Amnesty International, Human Rights Watch і іншымі, каб забяспечыць максімальную інфармацыйную падтрымку і міжнародны ціск на беларускія ўлады.

Арганізацыя таксама актыўна ўдзельнічае ў міжнародных канферэнцыях і форумах, дзе прадстаўляе сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і заклікае да міжнароднай падтрымкі палітычных зняволеных.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Арганізацыі паводле алфавіта Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 2020 годзе Катэгорыя:З’явіліся ў 2020 годзе