«Пле́шчаніцы» — геафізічная абсерваторыя на ўскраіне Плешчаніцаў. Уваходзіць у склад Цэнтра геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі.

Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя заснавана ў 1960 годзе ў складзе Інстытута аграхіміі і геафізікі АН БССР. Была ўключана ў агульнасаюзную Адзіную сетку сейсмічных назіранняў і саюзную сетку геамагнітных абсерваторый, вяла назіранні электрамагнітнага поля і сейсмічнасці зямлі па агульнасаюзных абсерваторскіх праграмах. У абсерваторыі станам на 1985 год: геамагнітная абсерваторыя, 2 станцыі — зямных токаў і сейсмічная.

Асноўны кірунак даследаванняў — вывучэнне электрамагнітных працэсаў у калязямной прасторы (геамагнетызм), глыбіннай будовы зямной кары і верхняй мантыі (сейсмалогія, геамагнетызм).

Вывучалася марфалогія і дынаміка электрамагнітнага поля, яго ўзрушанасць. На аснове сумесных даследаванняў з іншымі геафізічнымі цэнтрамі краіны вывучаны механізмы распаўсюджання некаторых геамагнітных узрушэнняў і залежнасці іх ад геаграфічнай шыраты. Адзначаны шэраг спецыфічных асаблівасцей дынамікі электрамагнітнага поля сярэдніх шырот. Атрыманыя даныя мелі важнае значэнне для прагнозу змяненняў стану электрамагнітнага поля ў часе, выкарыстоўваліся для практычных мэт (медыка-біялагічныя даследаванні, аэранавігацыя, метэаралогія, радыёсувязь і інш.). Створана аўтаматызаваная сістэма аналізу магнітатэлурычнай інфармацыі. Удасканальваюцца метады і методыка разведачнай геафізікі. Выкананы даследаванні па ўдасканаленню спосабаў інтэрпрэтацыі сейсмаразведачных і магнітатэлурычных даных у сувязі з пошукамі і разведкай радовішчаў нафты і газу, вывучаны ўмовы фарміравання і распаўсюджання сейсмічных ваганняў для розных геолага-структурных мадэлей Прыпяцкага прагіну, распрацаваны алгарытмы і праграмы матэматычнай апрацоўкі сейсмаразведачных даных. Вывучаны ўзаемаадносіны глыбінных і прыпаверхневых геалагічных структур, устаноўлены зоны глыбінных разломаў, у якіх знаходзяцца прамысловыя радовішчы нафты і газу.

Праведзены даследаванні ўздзеяння фізічных палёў Зямлі і сонечнай актыўнасці на біялагічныя аб’екты, у т. л. на чалавека. Выяўлены карэляцыйныя сувязі паміж змяненнямі фізічных палёў і сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, складзены ўраўненні доўгатэрміновага і аператыўнага прагнозу захворвання інфарктам міякарда.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Афіцыйныя старонка

Катэгорыя:Абсерваторыі Катэгорыя:Плешчаніцы Катэгорыя:Геалогія ў Беларусі Катэгорыя:Навуковыя арганізацыі Беларусі