Кастусь Жук, поўнае імя Канстанцін Якаўлевіч Жук (, Затур’я, Нясвіжскі раён — 25 лютага 2023) — беларускі паэт.

Біяграфія Нарадзіўся 2 мая 1954 года ў Затур’і Нясвіжскага раёна.

Пасля заканчэння ў 1971 годзе Сейлавіцкай сярэдняй школы і курсаў шафёраў пры нясвіжскім аўтамотаклубе ДТСААФ служыў у Савецкай Арміі. У 1974—1979 гг. працаваў наладчыкам і электразваршчыкам на Мінскім трактарным заводзе і адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ.

З канца 1970-х гадоў займаўся літаратурнай працай: пісаў вершы, быў літсупрацоўнікам газеты «Чырвоная змена» (1979), карэспандэнтам шматтыражнай газеты мінскіх будаўнікоў «На стройках Минска» (1979—1981). У 1981 г. атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі і быў прыняты на пасаду рэдактара Беларускага тэлебачання. У 1988—2004 гг. працаваў рэактарам, узначальваў аддзел у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1988 года.

Творчасць Першыя вершаваныя радкі Кастуся Жука з’явіліся ў нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» у 1968 г. У 1979 г. у серыі «Першая кніга паэта» выйшаў калектыўны зборнік «Нашчадкі», дзе была змешчана і падборка вершаў К. Жука. Яго паэтычныя творы раз-пораз друкаваліся ў альманаху «Дзень паэзіі».

Першая кніга паэта «Планета маёй душы» была надрукавана ў 1982 г. Пазней свет пабачылі кнігі «Зямная ноша» (1988), «Пладаносны агонь» (1991), «У найме сонца» (1992).

У паэтычных творах К. Жука адной з вядучых з’яўляецца тэма Радзімы: шмат вершаў паэт прысвяціў трагічнай гісторыі Беларусі, самаахвярнасці і мужнасці яе народа. У 1997 г. выйшла наступная кніга паэзіі К. Жука «Галгофа». У зборнік увайшлі паэмы «Дванаццаць апосталаў», «Леснічоўка», «Галгофа», вершы. Глыбокае веданне жыцця з усімі яго праявамі дапамагло аўтару трапна і метафарычна адлюстраваць рэчаіснасць, раскрыць характары літаратурных герояў у іх змаганні з жорсткасцю жыццёвых выпрабаванняў.

Піша К. Жук і для дзяцей. Аўтар кніг вершаў, казак, скорагаворак і загадак «Шпак купіў магнітафон» (1996), «Бегемот без ботаў» (2004). Вершы паэта «Францыску Скарыну», «Матчыны словы» сталі хрэстаматыйнымі.

Творы Кастуся Жука будуюцца на філасофскім асэнсаванні дабра і зла, чалавечых набыткаў і страт, востра ставяцца ў яго паэзіі маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Паэт плённа працуе і сёння, шэраг яго твораў пераведзены на рускую і ўкраінскую мовы.

Узнагароды У 1999 годзе кніга вершаў «Галгофа» была адзначана Прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты