2 лютага 2024 года ВПС ЗША атакавалі пазіцыі Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі і праіранскіх груповак у Іраку і Сірыі. Акцыя праведзена ў адказ на ўдар па амерыканскай базе ў Іарданіі.
Перадгісторыя З пачатку вайны паміж Ізраілем і ХАМАСам 7 кастрычніка 2023 года групы праіранскіх апалчэнцаў здзейснілі больш за 170 нападаў на базы ЗША ў Іраку, Іарданіі і Сірыі. У выніку гэтых акцый дзясяткі вайскоўцаў атрымалі раненні. 28 студзеня 2024 года ў выніку ўдару беспілотніка Shahed 136 па базе ЗША ў Іарданіі трое вайскоўцаў загінулі і яшчэ 47 атрымалі раненні.
Бамбардзіроўкі Апоўначы з 2 на 3 лютага па мясцовым часе (UTC+3) ВПС ЗША нанеслі авіяўдары па звязаных з Іранам апалчэнцах у Іраку і Сірыі. У аперацыі ўдзельнічалі два B-1B, перакінутыя з базы ВПС Дайс у штаце Тэхас. Пад бамбардзіроўкі трапілі аператыўныя цэнтры камандавання і кіравання, разведвальныя цэнтры, ракеты, склады беспілотных лятальных апаратаў, а таксама аб’екты лагістыкі. Амерыканскія афіцыйныя асобы паведамілі, што знішчылі 85 цэляў на сямі аб’ектах, трох у Іраку і чатырох у Сірыі, з выкарыстаннем 125 высокадакладных ракет.
Як паведамілі прадстаўнікі іракскай службы бяспекі, шэсць авіяўдараў былі нанесеныя па шэрагу аб’ектаў у Іраку. Паводле сірыйскіх дзяржаўных СМІ, «амерыканская агрэсія» атакавала шэраг аб’ектаў у пустынных раёнах і на ірака-сірыйскай мяжы. Іракскія афіцыйныя асобы паведамілі, што амерыканцы атакавалі штаб Сіл народнай мабілізацыі, у выніку чаго загінула 16 баевікоў. Па даных Сірыйскай абсерваторыі па правах чалавека, па меншай меры 29 баевікоў былі забітыя ў выніку авіяўдараў у Сірыі.
Наступствы Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненні да некалькіх асобаў, звязаных з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі.
Заўвагі
Катэгорыя:Канфлікты 2024 года Катэгорыя:Люты 2024 года Катэгорыя:Вайна на Блізкім Усходзе (з 2023) Катэгорыя:Падзеі 2 лютага Катэгорыя:2024 год у Сірыі