Фортэск’ю Андэрсан (; , Шатландыя — , Вандсворт, Лондан, Англія) — святар, аўтар кнігі падарожных нататак «Сем месяцаў у рускай Польшчы» («Seven Months’ Residence In Russian Poland In 1863») — апісаных ад першай асобы прыгод англічаніна на беларускіх землях у 1863 годзе.
Паходжанне і сям’я Бацька — Джэймс Андэрсан (James Stuart Murray Anderson), капелан англіканскай (магчыма, шатландскай) царквы. Маці — Барбара Андэрсан (Barbara Charlotte Anderson). Бацька меў вялікі ўплыў на сына. Магчыма, таму той таксама выбраў святарскую кар’еру.
23 траўня 1865 ажаніўся з Шарлотай Фішэр (Charlotte Frances Fisher) у царкве Святога Мікалая ў Абердзіне (Абердзіншыр, Шатландыя). З Шарлотай Фішэр меў некалькі дзяцей.
10 кастрычніка 1882 ва ўзросце 50 гадоў ажаніўся другі раз з 26-гадовай Эмай Сідней (Emma Sidley) ў саборы Святога Мікалая ў Ньюкасле (Нартамберленд, Англія).
Кар’ера Скончыў Оксфардскі ўніверсітэт. Пэўны час жыў з бацькамі ў Боне (Нямеччына). Там пазнаёміўся з графам Аляксандрам Біспінгам, які вучыўся ў яго англійскай мове і запрасіў у 1863 годзе ў супольную паездку ў свае маёнткі ў Масалянах і Вярэйках (зараз Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці). У 1864 годзе выдаў кніжку паводле ўспамінаў з гэтага падарожжа.
З 1869 па 1899 год быў прыходскім святаром царквы Святога Болдрыда ў Норт-Бервіку (Шатландыя).
Падарожжа па Гродзеншчыне На Гродзеншчыну Андэрсан прыехаў на мяжы зімы і вясны 1863 года. Тады гэтыя землі належалі Расійскай імперыі. З Бона яны з Біспінгам ехалі праз Берлін, Маенбург, Кёнігсберг у карэце, у Вільні пераселі ў цягнік і прыехалі ў Гродна. Разам з сябрам яны наведвалі маёнткі Біспінга, якія толькі перайшлі яму ў спадчыну, і яго сваякоў.
У жніўні 1863 разам з Біспінгам быў беспадстаўна абвінавачаны ў датычнасці да ўзброенай барацьбы паўстанцаў 1863 года, арыштаваны і зняволены ў гродзенскай турме. Меркавана, гэта адбылося па ілжывым даносе. Сведкі, былыя паўстанцы, сцвярджалі, што чулі, што бачылі Андэрсана з графам у атрадзе паўстанцаў Лянкевіча і чулі, пра што ён казаў. Англічанін праз перакладчыка-яўрэя марна тлумачыў, што не ведае польскай мовы. Ён прасіў дазволу тэлеграфаваць у Пецярбург паслу, лорду Нейпіру, консулу ў Варшаву і бацьку ў Бон. Яму адмовілі. 7 верасня 1863 года следчая справа паступіла да губернатара Скварцова.
У вызваленні Андэрсана ўдзельнічалі міністры ўнутраных і замежных спраў Расійскай імперыі, брытанскія амбасадары ў Санкт-Пецярбургу і Варшаве. Пасля вызвалення быў высланы з Расійскай імперыі. Свайго сябра Біспінга ён ужо ніколі не сустрэў.
Ваенна-судовая справа Біспінга і Андэрсана захоўваецца ў гродзенскім архіве.
Кніга Андэрсана Пра сваё гасцяванне ў Біспінга, падарожжы і зняволенне напісаў кнігу. Упершыню яе выдалі ў Лондане ў 1864 годзе ў выдавецтве Macmillan and Co. У самых дробных дэталях аўтар апісаў адметнасці побыту, сацыяльнага-эканамічнага, нацыянальнага, палітычнага і рэлігійнага жыцця на землях тагачаснай Гродзенскай губерніі.
Другую частку ўспамінаў Андэрсан прысвяціў падзеям вызвольнага паўстання 1863 года на землях Літвы і Беларусі, свайму зняволенню, ходу следства і судоваму працэсу. У кнізе апісаны таксама ўмовы ўтрымання ў гродзенскай турме, праца следчай камісіі, прыведзена характарыстыкі некаторым чыноўнікам Гродзенскай губерні, у тым ліку губернатару.
У фінале кнігі Андэрсан разважае пра Расію і тысячы скалечаных лёсаў эліты Літвы і Польшчы. Успаміны ён сканчае цытатай на лаціне з Тацыта: «Яны рабуюць, забіваюць і падпарадкоўваюць, хлусліва называючы гэта імперыяй; а таксама, дзе яны робяць пустыню, называюць гэта мірам».Кніга атрымала ў Брытаніі шырокі розгалас. На яе выйшлі пазітыўныя рэцэнзіі ў папулярных газетах.
Справа з арыштам брытанскага падданага ў Расійскай імперыі мела шырокі грамадскі рэзананс, дасягнула Парламента і 6 чэрвеня 1864 года стала прадметам слуханняў у Палаце Лордаў. Незаконны арышт брытанскага падданага прызналі недапушчальным. Ці перадалі адпаведную ноту пратэсту ў Расійскую імперыю, невядома.
Інфармацыя пра падарожжа Андэрсана захавалася таксама ў дзённіках Джона Біспінга (брата Аляксандра), напісаных у 1885 годзе. Там ён згадвае, што Аляксандр Біспінг быў супраць выбуху паўстання і лічыў яго злом, зробленым Польшчы.
У 2014 у Кракаве ў выдавецтве A.B.B. Nieruchomosci выйшаў пераклад кнігі на польскую мову. Перакладчыкам і ініцыятарам выдання стаў нашчадак Біспінгаў Адам Бенедыкт Біспінг (Adam Benedykt Bisping). У прэзентацыях польскага выдання брала ўдзел таксама Ганна Біспінг-Валас (Anna Bisping-Walas).
Беларускі пераклад Гродзенскім гісторыкам кніга «Seven Months’ Residence In Russian Poland In 1863» была вядомая даўно. Частка перакладу на беларускую мову публікаваліся ў 2013 годзе ў альманаху «Горад святога Губерта». У ёй быў апісаны побыт Андэрса ў гродзенскай турме ў верасні 1863 года.
На прэзэнтацыі альманаха адзін з аўтараў, Андрэй Вашкевіч, расказаў пра апублікаваны фрагмент і магчымую сустрэчу святара з лідарам паўстання Кастусём Каліноўскім.
Цалкам пераклад ўпершыню выйшаў толькі ў 2023 годзе ў выдавецкай серыі «Гарадзенская бібліятэка».
Крыніцы