Фарты – жылы раён у Ленінскім раёне Гродна. Размешчаны на паўночна-заходняй ускраіне Гродна. Абмежаваны вуліцамі Максіма Горкага, Багуцкага, Дамброўскага і бульварам Ленінскага камсамола (БЛК). Падзяляецца на мікрараёны «Фарты-1» і «Фарты-2».

Мяжуе з раёнам Пярэселка, самым буйным гаражным кааператывам горада – «Радуга» на Багуцкага (месца тусовак моладзі 1980–1990-х гг.) і палямі на Дамброўскага.

Для раёна ўласцівая пагоркавасць.

Забудова Забудаваны ў асноўным панэльнымі 5–9-павярховымі дамамі, пераважна 1970-х гадоў. Раён горада з найбольшай колькасцю інтэрнатаў: ад Гродзенскага мясакамбіната, Гроднапрамбуда, пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт», БелТАПАЗ, ГрДМУ, ГрДУ, завода «Радыёхваля», УЖРЭП Ленінскага раёна і іншых. У забудове прысутнічаюць дамы паводле так званага «чэшскага праекта», з батарэямі ацяплення, схаванымі ў знешніх сценах, і дэкаратыўнымі балкончыкамі. Раён вуліцы Камарова забудаваны галоўным чынам брэжнеўскімі пяціпавярховікамі.

Характэрнай адметнасцю раёна з’яўляюцца закругленасці перыметраў дамоў і велізарныя аркі — такіх дамоў няма больш нідзе ў горадзе. На Дамброўскага ёсць чатыры комплексы з трох такіх панэлек.

На Урублеўскага размешчаны, імаверна, самы даўгі дом у Гродне, каля 570 м. Жыхары называюць яго «Кітайская сцяна», ці «пяццоткватэрны». Ён складаецца з трох дамоў, злітых разам: №78, 68 і 58.

Побач з гімназіяй №5 стаіць былы палац сямейных урачыстасцяў — помнік архітэктуры савецкага функцыяналізму.

Аўтар мікрараёна «Фарты 1» – архітэктар Васіль Бажко (1970—1980, сумесна з В. Давыдзёнкам, В. Ягошыным).

Назва Назва «Фарты» паходзіць ад фартоў гродзенскай крэпасці, пабудаваных у канцы XIX ст. Два з іх размешчаны ва ўрочышчы Пышкі недалёка ад раёна. Меркавана, так называлася гэтая ваколіца горада яшчэ да таго, як тут паўсталі гарадскія кварталы. Паводле «народнага раянавання», якое існавала ў Гродне ў 1960–1980-я гады, раён падзяляецца на «Камароўку» (раён вуліцы Камарова, з 1960-х гадоў), «Дамброўку» (паміж вуліцамі Дамброўскага і Урублеўскага, найбольш стары тапонім раёна) і «Фарты».

Асноўныя вуліцы

Камарова Багуцкага Урублеўскага Дамброўскага Максіма Горкага Курчатава бульвар Ленінскага камсамола (БЛК)

Інфраструктура

Медыцына

гарадская паліклініка №4; Гродзенскі абласны клінічны скурна-венералагічны дыспансер (на тэрыторыі былога дзіцячага садка); Дзённы стацыянар Гродзенскага гарадскога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю (на тэрыторыі былога дзіцячага садка).

Ужо за фармальнай мяжой раёна, паміж Фартамі і лесапаркам Пышкі, на БЛК знаходзяцца гарадская клінічная бальніца №3, жаночая кансультацыя №4, Гродзенская абласная клінічная інфекцыйная бальніца, Гродзенскі абласны клінічны цэнтр фтызіятрыя, Гродзенская універсітэцкая клініка, Гродзенскі медыцынскі коледж, будуецца Гродзенскі абласны анкалагічны дыспансер.

Навучальныя ўстановы

Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт; Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў; Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну; Тэхналагічны каледж; аўташкола ДТСААФ; гімназія № 5, збудаваная на пачатку наднёманскага яра; ліцэй №1; СШ №7, у 1980-х гадах лічылася адной з найбольш «адарваных» школаў горада, там вучыліся дзеці з навакольных інтэрнатаў на вуліцы Камарова; СШ №22; СДЮШАР №7 – школа баскетбола з баскетбольным клубам “Прынёманне” (у будынку СШ №22); СШ №7; СДЮШАР БФСТ «Дынама».

У раёне размешчана дзевяць дзіцячых садкоў: яслі-сад №№ 1, 43, 50, 52, 54, 55, 61, 72 і дзіцячы сад №77. Многія садкі аформлены каляровымі пліткавымі мазаікамі.

Гандаль і паслугі На БЛК знаходзіцца мінірынак «Фарты». Кропкамі прыцягнення раёна таксама з’яўляюцца ўніверсам «ГроДар» (былая крама «Радуга»), «Еўраопт» і «Дабраном» на Камарова (раней на гэтым месцы было балота), рэстаран «Золотой теленок», будынак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці.

Транспарт На Дамброўскага размешчаны канцавы прыпынак і разваротнае кальцо аўтобусаў №№ 20, 49 і 60, на Урублеўскага - канцавы прыпынак і разваротнае кальцо аўтобусаў №№ 8 і 15, на БЛК - канцавы прыпынак тралейбуса № 3 (кальцо Фарты).

Славутасці

Царква адсячэння галавы Яна Прадцечы Царкву адсячэння галавы Яна Прадцечы на Кручатава, 19 будавалі з 1998 па 2022 год. Праз фінансавыя цяжкасці будоўля перапынялася на 7 гадоў. Прысвечана памяці ўсіх ваяроў, якія загінулі ў ваенных канфліктах XX ст. У 2012 годзе завяршылі галоўны купал з крыжом вышынёй 5 м. Вышыня сцен – 30 м, разам з галоўным купалам і крыжом – 40 м. Збудаваная ў стылі, традыцыйным для візантыйскага перыяду царкоўнага дойлідства на беларускіх землях. Знешнія сцены аформлены мазаічнымі крыжамі з маёлікі, якія нагадваюць крыжы на сценах Каложскай царквы.

Палац культуры «Юнацтва» Палац культуры «Юнацтва» на Урублеўскага, 33 (зараз – Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры) збудаваны ў 1970-х гадах на сродкі прадзільна-нітачнага камбіната (сёння — ААТ «Гранітэкс»). Быў папулярнай канцэртнай пляцоўкай: у 1980−90-х там выступалі польскі гурт Lady Pank, праходзілі дыскатэкі. Як канцэртная зала выкарыстоўваўся да 2010 года.

Спартовыя і спартова-аздараўляльныя ўстановы ФАК «Аквацэнтр» на Горкага, 82 пасля закрыцця басейна «Лазурны» застаўся адзіным публічным водным комплексам у горадзе. Там жа размешчаны найбольшы ў Гродне басейн у 50 м даўжынёй.

Тэнісны клуб на Горкага, 82А на месцы старых тэнісных кортаў адкрылі ў 2021 годзе. Мае шэсць кортаў: два адкрытыя і чатыры закрытыя.

Скверы У скверы памяці воінаў-афганцаў на Курчатава знаходзіцца сажалка глыбінёй 1,1 м каля царквы. Раней сажалак было дзве. Адну з іх засыпалі ў 2020 годзе: яна патрабавала ачысткі, але аднаўляць вадаём выявілася надта дорага. Тэрыторыю добраўпарадкавалі.

План сквера на месцы пусткі плошчай 20 тыс. кв. м на Урублеўскага быў распрацаваны ў 2017 годзе. У 2020 годзе Гродназелянбуд і студэнты гродзенскіх ВНУ высадзілі там маладыя клёны, ліпы і дубы. Яшчэ раней там пасадзілі больш за 200 дрэў.

Помнік воінам-інтэрнацыяналістам Помнік воінам-інтэрнацыяналістам на вуліцы Горкава ў скверы воінаў-афганцаў ўяўляе сабой фігуры двух салдат з бронзы, якія стаяць каля расколатай каменнай глыбы. Адзін з іх трымае аўтамат. На гранітным пастаменце размешчаны мармуровыя пліты з імёнамі ваяроў, пахаваных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.

Мурал На 9-павярховым будынку на БЛК, 29, у 2022 годзе з’явіўся мурал. На ім выяўлены бурштын, які трымае раварыст. У бурштыне як бы застылі Каложская царква і гадзіннік Фарнага касцёла. Аўтары - мастакі Яўген Сасюра (Mutus) і Сяргей Рысакоў.

Зноскі

Катэгорыя:Ленінскі раён (Гродна) Катэгорыя:Гродна