Язэп Вількоўскі (Іосіф Андрэевіч Вількоўскі) (, в. Гавінавічы (сучасная назва — Падгорная), Баранавіцкі раён — , ) — беларускі паэт.
Псеўданімы: Вількоўшчык Язэп; Vilkouscyk J.; Vilkouscyk Jazep, варыянты імені: Вількоўскі Восіп Андрэевіч, крыптонімы: В. Я.; Я. В.; J. V.
Біяграфія Нарадзіўся ў вёсцы Гавенавічы Слонімскага павета у шматдзетнай сям’і.
З пачаткам Першай сусветнай вайны сям’я пераехала ў Казань. Тут Іосіф вучыўся ў Казанскім медыцынскім універсітэце, паралельна падпрацоўваючы на розных работах.
У пачатку 1920-х гг Вількоўскія вяртаюцца на радзіму.
У 1927 годзе Язэп Вількоўшчык пераехаў у Вільню, дзе скончыў бухгалтарскія курсы. Падчас вучобы ён пазнаёміўся з творчай беларускай інтэлігенцыяй. Магчыма, пэўны час працаваў бухгалтарам у Вільні. Тады і пачаў пісаць на роднай мове.
У пачатку 1930-х гадоў Вількоўскі вярнуўся ў Слонім. Да цяперашняга часу невядома яго работа падчас акупацыі.
У кастрычніку 1944 года, згодна з «Выпіскай з працоўнай кніжкі», ён уладкаваўся на 9-ую дыстанцыю службовага пуці станцыі Слонім-Брэст-Літоўскі на пасаду бухгалтара канторы, дзе адпрацаваў 7 гадоў і даслужыўся да намесніка начальніка па кадрах. Пазней працаваў бухгалтарам на Слонімскім лесазаводзе, у Слонімскай арцелі «Вторпром», потым зноў на чыгунцы, адкуль і пайшоў на пенсію.
Памёр у 1984 годзе, пахаваны на слонімскіх гарадскіх могілках.
Творчасць Свае паэтычныя творы пачаў друкаваць у заходнебеларускіх выданнях у пачатку 1930-х гадоў . Асабліва плённымі для яго былі 1932—1934 гады. Дзясяткі лірычных вершаў, баек друкаваліся ў віленскіх часопісах «Шлях моладзі», «Нёман», «Хрысціянская думка», у газеце «Беларуская крыніца» і іншых. У другой палове 1930-х гадоў Язэп Вількоўшчык шмат пачаў пісаць для дзяцей. У 1936 годзе ён супрацоўнічаў з віленскім беларускім дзіцячым часопісам «Пралескі». У 1937-м на дзіцячай старонцы «Васількі» ў часопісе «Хрысціянская думка» апублікаваў невялікія гістарычныя нарысы пра князёў Вялікага Княства Літоўскага — Гедыміна, Альгерда, Кейстута, Ягайлу, Вітаўта.
Вершы Язэп Вількоўшчык пісаў на самыя розныя тэмы. Найперш яго хваляваў лёс роднай Бацькаўшчыны, лёс свайго народа. Разам з тым паэт адрасаваў свае паэтычныя радкі і тым, хто змагаўся за Радзіму. Пісаў і пра простых людзей, якія жылі з ім побач, якія працавалі. Шмат вершаў напісана пра жыццё і смерць. Паэт умеў разважаць, філасофстваць над лёсам свайго народа. Па вершах Язэпа Вількоўшчыка можна меркаваць, што гэты чалавек валодаў літаратурнымі здольнасцямі, самабытным паэтычным талентам, лёгка мог раскрыць характар сацыяльных змен і зрухаў.
Крыніцы
Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Паэты Беларусі