Т, т — дваццатая літара беларускага алфавіта.

Гісторыя Паходзіць з кірыліцкай Т («тверда»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Τ («тау»). У старабеларускую графіку перайшла са старажытнарускага пісьменства. Абазначала зычныя гукі [т], [ц’] ([т’]): атава, путь, твердый. Мела таксама лічбавае значэнне «трыста». У рукапісах XIV—XVII стагоддзяў у сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. У XVI стагоддзі, акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. Пачынаючы з Ф. Скарыны, стала адрознівацца як малая і вялікая, хоць ужыванне вялікай літары ва ўласных імёнах, геаграфічных назвах і ў пачатку сказаў не было яшчэ паслядоўным.

Беларуская мова У сучаснай беларускай мове абазначае шумны глухі цвёрды змычны пярэднеязычны зычны гук [т] (тавар, трава), у спалучэнні са звонкім зычным — [д] (футбол — [фудбол]). У становішчы перад галоснымі е, ё, і, ю, я, мяккім в і ь у адпаведнасці з вымаўленнем замяняецца літарай ц (брат — брацік, чарот — у чароце, чатыры — чацвёрты). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную формы. Ужываецца ў афіцыйных абрэвіятурах (ТБШ, ТБ), як умоўнае скарачэнне слоў таварыш (т. Пятроў), том (т. 12), тона (18 т), тэлефон (т. 20-33-18). Пры класіфікацыйным падзеле мае значэнне дзевятнаццаты (група «Т»), пры лічбавай нумарацыі — дадатковае значэнне для размежавання прадметаў пад адным нумарам (квадрат № 18т).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Балгарскі алфавіт Т Катэгорыя:Македонскі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт Катэгорыя:Украінскі алфавіт Катэгорыя:Стараславянскі алфавіт