Лагерта (Ladgerda, Ladgertha або Lagertha) паводле хронікі Саксона Граматыка XII стагоддзя — паўночная ваяўніца, уладальніца зямель у Нарвегіі і першая жонка дацкага героя — вікінга Рагнара Лодбрака (меркавана, жыў у IX стагоддзі), хоць прамых доказаў іх існавання няма. Некаторыя аўтары звязваюць яе з багіняй Торгерд (Þorgerðr Hölgabrúðr) або Валькірыяй.

Імя Паводле ацэнак брытанскага гісторыка Нары Кершоў Чэдвік, лацінізаванае імя Латгерта (Lathgertha), выкарыстанае Саксонам, з’яўляецца версіяй старажытнаскандынаўскага імя Hlaðgerðr (Hladgerd). Яно можа складацца з такіх элементаў як: hlaða — «ткаць», hlað — «карункі, галаўны ўбор» і gerðr — «абарона».

Жанчына па імі Хладгерда (Hladgerdr), кіраўніца Хладэяра, двойчы згадваецца ў «Сазе пра Хальвдана, выхаванца Браны»"The Nine Books of the Danish History of Saxo Grammaticus", translated by Oliver Elton (Norroena Society, New York, 1905).

Падобнае імя Летгарда (Letgarda) насілі дачкі графаў Тулузскіх Раймунда IV і Раймунда V (X ст.), а таксама жонка графа Кузерана (Гасконь) П’ера Бернара дэ Фуа (XI ст.).

Жыццё Лагерты, апісанае Саксонам Дзявятая кніга «Дзеянняў данаў» (9, 4, 1 — 9, 4, 11) Саксона Граматыка з’яўляецца адзіным сярэднявечным тэкстам, дзе згадваецца Лагерта. Саксон апісвае Лагерту як дасведчаную ваяўніцу і першую жонку дацкага караля Рагнара Лодбрака, ад якой ён меў траіх дзяцей. Нягледзячы на сваю мініяцюрнасць і далікатнасць, яна валодала хвацкімі баявымі якасцямі. Жылі яны ў Нарвегіі.

Жыццё з Рагнарам Паводле Саксона, Рагнар улюбляецца ў маладую жанчыну-воіна высакароднага паходжання і прызнаецца, што абавязаны ёй сваёй перамогай. Калі ён просіць яе рукі, яна адпраўляе да яго пасланцаў, якія прынеслі яму запрашэнне ў яе палац. Караблём Рагнар плыве да яе, але там яго чакаюць дзве жывёлы: мядзведзь і сабака. Рагнар забівае звяроў і ў рэшце рэшт Лагерта згаджаецца выйсці за яго замуж. У іх нараджаецца сын Фрыдлейв і дзве дачкі, чые імёны невядомыя.«Сярод іх была Ладгерда, дасведчаная ваяўніца, якая, хоць і была дзяўчынай, мела адвагу мужчыны, і змагалася з распушчанымі па плячах валасамі ў першых шэрагах сярод самых храбрых. Усе здзіўляліся яе непераўзыдзенным подзвігам, бо лунаючыя за спінай локаны выдавалі, што яна жанчына. Расправіўшыся з забойцам свайго дзеда, Рагнар пачаў настойліва распытваць сваіх пабрацімаў аб дзяўчыне, якую ён бачыў наперадзе падчас бою, і абвясціў, што перамога атрымана дзякуючы сіле адной жанчыны. Даведаўшыся, што яна шляхетнага паходжання, ён рашуча адправіў да яе сватоў. У сэрцы яна пагардліва адхіліла прапанову сватоў, але зрабіла выгляд, што згодная. Даючы фальшывы адказ, яна выклікала упэўненасць палкага жаніха ў тым, што ён атрымаў жаданае, але загадала прывесці да ўваходу ў яе жыллё мядзведзя і сабаку. Такім чынам яна думала абараніць свой уласны пакой ад закаханага, перагарадзіўшы яму шлях з дапамогай звяроў. Рагнар, усцешаны добрамі навінамі, сеў на карабель, перасёк мора, і, загадаўшы сваім людзям заставацца ў Гаўлардэйле (так называецца даліна), пайшоў да жылля дзяўчыны адзін. Тут яго сустрэлі звяры. Аднаго з іх ён праткнуў дзідай, другога схапіў за горла, скруціў яму шыю і задушыў. Такім чынам, ён атрымаў дзяўчыну ў якасці ўзнагароды за пераадоленую небяспеку. Ад гэтага шлюбу ў яго нарадзіліся дзве дачкі, імёны якіх не захаваліся да нашых дзён, і сын Фрыдлейф…» "The Nine Books of the Danish History of Saxo Grammaticus", translated by Oliver Elton (Norroena Society, New York, 1905)

Рагнар пакідае Лагерту, і пасля ўлюбляецца ў Тору, дачку караля Герота. Ён перамагае двух велізарных атрутных змей, якіх выпускае кароль, і жэніцца на Торы. Пры гэтым Саксон спецыяльна падкрэслівае, што сваёй першай жонцы Рагнар ніколі цалкам не давяраўСаксон Грамматик. Деяния данов / Пер. с лат. А. С. Досаева. — М., 2017. — Т. I. — С. 324..

Другі шлюб і новыя бітвы Лагерта таксама выйшла замуж у другі раз; гэты шлюб, праўда, не стаў шчаслівым. Калі яе былы муж Рагнар сутыкнуўся з-за сваіх зямель з каралём Харальдам, ён папрасіў былую жонку надаць яму падтрымку. Лагерта дапамагла Рагнару дасягнуць перамогі, а Харальд ўцёк. Па вяртанні Лагерта забіла свайго другога мужа, і з гэтага моманту сама кіравала на сваёй зямлі. «…Ладгерда, у чыім далікатным целе хаваўся непараўнальна больш суровы дух, прыкладамі сваёй выбітнай адвагі змагла зберагчы сваіх воінаў, якія ўжо было завагаліся ад жадання бегчы. Здзейсніўшы абыходны манеўр, яна выйшла ў тыл ворага, які нічога не падазраваў, пасеяўшы ў яго лагеры страх і замяшанне. Пад канец войска Харальда прыйшло ў замяшанне, а сам Ён, бачачы гібель сваіх воінаў, бег. Вярнуўшыся пасля бою дадому, Ладгерда ноччу ўсадзіла ў горла свайго мужа наканечнік дзіды, які яна схавала ў сваёй сукенцы, прысвоіўшы, такім чынам, сабе ўсю яго ўладу і званне. Гэтая наравістая жанчына лічыла больш для сябе зручным правіць Каралеўствам без мужа, чым быць вымушанай дзяліць яго з ім…»Саксон Грамматик. Деяния данов / Пер. с лат. А. С. Досаева. — М., 2017. — Т. I. — С. 326.

На гэтым сканчваецца інфармацыя пра жыццё Лагерты, якую нам пакінуў Саксон. Пра яе далейшае жыццё і смерць больш нічога не вядома.

Вобраз Лагерты ў сусветнай культуры У 1789 годзе дацкім пісьменнікам, паэтам і драматургам нарвежскага паходжання Крыстэнам Хенрыксэнам Прамам была напісана гістарычная драма «Лагерта», заснаваная на саксонскай крыніцы. У 1801 годзе дацкім харэографам і балетмайстрам італьянскага паходжання Вінчэнца Галеоці па яе матывах у Каралеўскім тэатры ў Капенгагене быў пастаўлены сінтэтычны балет з арыяй і хорамі, на музыку кампазітара Клаўса Шала. Галоўную ролю ў ім выканала вучаніца Галеоці балерына Марыя Крысціна Б’ёрн, а ролю Рагнара — французскі акцёр Антуан Бурнонвіль. Гэта быў першы ў Еўропе балет, пастаўлены па матывах гісторыі вікінгаў.

Вобраз Лагерты ў кіно Вікінгі / Vikings (2013—2020; Ірландыя, Канада); у ролі Лагерты — Кэтрын Выннік.

Катэгорыя:Мунсё (дынастыя) Катэгорыя:Мужы і жонкі манархаў Швецыі Катэгорыя:Легендарныя асобы