«Чырвоная зорка» () — колішняе паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску. Размяшчалася па адрасе 1-м Загарадным завулку, д. 3. Уваходзіла ў сістэму Міністэрства інфармацыі Беларусі.

У 1927 годзе ў Менску адкрылася арцель «Луч», дзе на плоскадрукавальных і тыгельных машынах пачалі выпускаць этыкеткі для піва і кандытарскіх вырабаў, простыя брашуры, канторскія сшыткі і кніжкі. У 1930 годзе арцель была перайменавана ў «Іскру-2».

У час Другой сусветнай вайны была разбурана, а ў 1945 годзе аднавіла працу як арцель «Чырвоная зорка».

У 1960 годзе была рэарганізавана ў паліграфічную фабрыку. У 2000 годзе фабрыка стала рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам. У 2003 годзе — адкрытым акцыянерным таварыствам.

У 2009 годзе да прадпрыемства далучана Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня, якая стала філіялам № 1.

Пры прадпрыемстве працавала крама «Канцтавары», а таксама крама «Друкар» па вул. Савецкай, 80 у Баранавічах.

Улетку 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту ў Мінску з прыцягненнем кітайскай тэхнічнай дапамогі на тэрыторыі друкарні «Чырвоная зорка». Друкарня ліквідавана 7 ліпеня 2018 года і далучана да Паліграфкамбіната імя Я. Коласа. У 2019 годзе комплекс друкарні знесены дзеля будаўніцтва басейна, якое пачалося ў красавіку 2020 года.

Прадукцыя Друкарня працавала практычна ва ўсіх сегментах рынку паліграфіі. Асноўнымі кірункамі паліграфічнай дзейнасці былі друк поўнакаляровых перыядычных выданняў, буклетаў, плакатаў, рэкламных улётак; выраб кніг, брашур, фотаальбомаў; друк навучальных карт і атласаў; выраб бланачнай прадукцыі; выпуск літаратуры па метадзе Брайля.

Друкарня вырабляла шырокі асартымент тавараў для дзіцячай творчасці, навучання, справаводства: сшыткі, альбомы для малявання, каляровы кардон, нататнікі, штодзённікі, запісныя кніжкі з алфавітам, адрасныя папкі, хуткасшывальнікі, папкі-рэгістратары, граматы, паштоўкі.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Друкарні Беларусі Катэгорыя:1-ы Загарадны завулак (Мінск) Катэгорыя:Колішнія прадпрыемствы Мінска Катэгорыя:1927 год у Мінску Катэгорыя:Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь