Музей Вольнай Беларусі (англ. Free Belarus Museum, пол. Muzeum Wolnej Białorusi) — грамадскае аб’яднанне ў Варшаве (Польшча), створанае ў 2022 годзе з ініцыятывы беларускіх грамадска-палітычных дзеячоў, якія адкрыта выступілі супраць дыктатуры А. Лукашэнкі падчас масавых пратэстаў у 2020 годзе і былі вымушаныя пакінуць краіну праз рэпрэсіі. Ініцыятарамі стварэння музея сталі кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і былая начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задзяркоўская. З 5 мая 2023 года Музей Вольнай Беларусі з’яўляецца самастойнай юрыдычнай асобай
Музей з’яўляецца культурна-асветніцкім, грамадска-палітычным і выставачным цэнтрам. Ён быў створаны з мэтай збору, захавання, вывучэння і папулярызацыі гісторыка-культурных з’яў і артэфактаў, якія адлюстроўваюць барацьбу беларускага народа за дэмакратычныя і нацыянальныя каштоўнасці.
Экспанаты Цэнтральнай тэмай фармавання і функцыянавання музея сталі падзеі беларускіх пратэстаў 2020 года. Сярод асноўных экспанатаў музея — сукенка «БЧБ-нявесты» Іны Зайцавай, срэбны медаль з чэмпіяната свету па кікбоксінгу Івана Ганіна, асабістыя рэчы добраахвотнікаў з Палка Каліноўскага, што загінулі ў расійска-ўкраінскай вайне Васіля «Атама» Грудовіка і Міраслава Лазоўскага, рэчы, вопратка і лісты палітычных вязняў, сцяг з імёнамі ўсіх палітзняволеных, зроблены Марыяй Грыц.
Крыніцы
Катэгорыя:Музеі Беларусі