Іосіф Мартынавіч Гайдукевіч (, в. Любонічы, Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць — 2005) — беларускі мовазнавец. Аўтар і сааўтар навуковых прац па беларускай мове, тлумачальных слоўнікаў беларускай і рускай мовы.

Біяграфія Нарадзіўся 17 лістапада 1913 г. у вёсцы Любонічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці БССР у сям’і селяніна. Там жа скончыў сямігадовую школу, затым вучыўся ў школе ФЗВ пры Бабруйскім лесакамбінаце. Адзін год працаваў электраманцёрам.

У 1934—1938 гг. вучыўся на літаратурна-лінгвістычным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Пасля заканчэння інстытута выкладаў беларускую мову ў Гомельскім настаўніцкім інстытуце.

З лютага 1939 г. служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у фінскай вайне. У лістападзе 1940 г. звольніўся з арміі і пачаў выкладаць рускую мову і літаратуру ў Самахвалавіцкай сярэдняй школе Мінскага раёна. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў падпольшчыкам, партызанам, затым служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаючы ў баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі.

З снежня 1945 г. выкладаў рускую мову і літаратуру ў Брэсцкім педагагічным вучылішчы. У 1950—1953 гг. навучаўся ў аспірантуры пры Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага, а пасля заканчэння працаваў выкладчыкам і загадчыкам кафедры беларускай мовы ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна. У 1954 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Гаворкі Дрысенскага раёна Віцебскай вобласці».

З сакавіка 1957 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам сектара лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, дзе ўдзельнічаў у падрыхтоўцы «Беларуска-рускага слоўніка» (выд. 1962 г.) і «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы», т. 2 (выд. 1978 г.).

З снежня 1966 г. да выхаду на пенсію ў ліпені 1979 г. працаваў у якасці дацэнта кафедры агульнага мовазнаўства і сучаснай рускай мовы (пасля перайменавання — кафедры агульнага і рускага мовазнаўства) Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Чытаў курсы стараславянскай мовы, параўнальнай граматыкі рускай і беларускай моў і рускай дыялекталогіі.

Памёр у 2005 годзе.

Узнагароды Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «XX гадоў Перамогі», «XXV гадоў Перамогі», «XXX гадоў Перамогі», «40 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «50 гадоў Узброеных сіл СССР», «60 гадоў Узброеных сіл СССР».

Працы Апублікаваў наступныя працы: Особенности говоров Дриссенского района Витебской области (Учен. зап. Брестского пединститута, 1956, вып.1), Аб зменах у беларускіх гаворках у савецкі перыяд (Працы Інстытута мовазнаўства АН БССР, 1959, вып.6), Дзеясловы з двума прыстаўкамі ў беларускай мове (Працы Інстытута мовазнаўства АН БССР, 1961, вып. 8), Аб мясцовых назвах лемяша і паліцы (Беларуская мова: Даследаванні па лексікалогіі, 1965), Белорусско-русский словарь [артыкулы з дзвюма прыстаўкамі ў дзеясловах] (М., 1962), Тлумачальны слоўнік беларускай мовы [артыкулы на літары Д, 3] (Мн., 1978,т.2), Дыялекталагічны атлас беларускай мовы[9 карт с комментариями: № 25, 59, 60, 224, 255, 256, 320, 323, 324] (Мн. 1963), Тлумачальны слоўнік беларускай мовы для сярэдняй школы (Мн., 1966, 1972, 1979, у суаўтарстве), Толковый словарь русского языка для средней школы (Мн., 1975, 1985, у суаўтарстве).

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Удзельнікі савецка-фінскай вайны Катэгорыя:Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі