Слоўнік псеўданімаў — літаратуразнаўча-бібліяграфічны даведнік, дзе раскрываюцца псеўданімы і крыптанімы пісьменнікаў, артыстаў і іншых асоб, пад якімі яны выступаюць у друку, на сцэне і г.д. Часта ўключае плагіяты, дзявочыя прозвішчы аўтараў-жанчын, мае паказальнік аўтараў, дзе пералічваюцца іх псеўданімы і крыптанімы. Расшыфроўка псеўданімаў і крыптанімаў у іх найчасцей наступная: псеўданім і яго раскрыццё (прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара); месца выкарыстання псеўданіма (перыядычнае выданне, творы ці агульнае ўказанне на час і месца яго паяўлення); крыніца, паводле якой псеўданім расшыфраваны (друкаваная, архіўная, вусная).

Гісторыя Першыя слоўнікі псеўданімаў з’явіліся ў XVI стагоддзі («Багаслоўскія тлумачэнні» Г. Геснера, 1549). У XVII стагоддзі пачалося сістэматычнае збіранне і выданне псеўданімаў («Пра пісьмовыя сімвалы, што захоўваюць імёны» І. Саўэрса, 1652; «Пра змененыя імёны аўтараў і ананімы» Ф. Гейслера, 1669). У 1806—1809 гадах А. Барб’е выдаў чатырохтомны слоўнік французскіх псеўданімаў. Найбольш вядомыя слоўнікі псеўданімаў: англійскі Д. Кенэдзі, А. Сміта, А. Джонсана (том 1—4, 1926—1930), літоўскія В. Біржышкі (1943), Ю. Буценаса (1981), французскі Г. Костана (1961), грузінскія Г. Мікадзе (1966, 1969), азербайджанскія Г. Мамедлі, Н. Макеева (абодва 1977), эстонскі М. Каху (1978), узбекскія Т. Караева і Р. Вахідава (1978, 1979) і іншыя.

На славянскіх землях працы з пералічэннем псеўданімаў з’явіліся ў XVIII стагоддзі («Бібліятэка польскіх паэтаў, што пішуць роднаю моваю» Ю. А. Залускага, 1754), у Расіі — у пачатку XIX стагоддзя («Сістэматычны агляд літаратуры ў Расіі на працягу пяцігоддзя з 1801 да 1806 года» А. Шторха і Ф. Адэлунга, 1810—1811). Першы слоўнік псеўданімаў у Расіі — «Вопыт слоўніка псеўданімаў рускіх пісьменнікаў» В. Карцава і М. Мазаева (1891).

Найбольш грунтоўныя славянскія слоўнікі псеўданімаў: чэшскія і славацкія А. Даленскага (1934), І. Орміса (1944), І. Кунца (1958), І. Воправіла (1973), польскія А. Бара (том 1—3, 1936—1938), калектыўны «Слоўнік псеўданімаў польскіх пісьменнікаў» (том 1—4, 1994—1996), рускі «Слоўнік псеўданімаў рускіх пісьменнікаў, вучоных і грамадскіх дзеячаў» І. Масанава (том 1—3, 1941—1949; том 1—4, другое выданне 1956—1960, больш за 80 тысяч псеўданімаў і крыптанімаў), венгерскі Пала Гуяша (1956), балгарскі І. Багданава (1961), украінскі А. Дэя (1969).

Беларускія слоўнікі На Беларусі першая публікацыя беларускіх псеўданімаў — «Літаратурныя працы Ц. Гартнага» Ю. Бібілы (у кнізе «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928). У «Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.)» Я. Саламевіча (1983) расшыфраваны 3992 псеўданімы і крыптанімы 1231 аўтара.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Тлумачальныя слоўнікі