Эдвард Артуравіч Горват ( — ) — буйны прадпрымальнік у Расійскай імперыі, уладальнік Нараўлянскага маёнтка дваран Горватаў.

Біяграфія Сын Артура Даніэлевіча Горвата (1831—1903).

Скончыў у 1889 годзе Рыжскае політэхнічнае вучылішча са ступенню агранома.

У 1890 годзе стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. У 1897—1901 гады быў дэпутатам дваранства Мазырскага, у 1901—1917 гады — Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1903 годзе атрымаў у спадчыну нараўлянскі маёнтак. Яшчэ пры жыцці бацькі Эдвард Горват у 1890-я гады правёў новыя будаўнічыя мерапрыемствы па ўпрыгожванні палаца ў Нароўлі, а асабліва маштабныя пераўтварэнні ў маёнтку праводзіліся ў 1902—1914 гады.

Гісторык Андрэй Раюк адзначае, што менавіта Эдвард Горват канчаткова ператварыў маёнтак Нароўля з былой феадальнай латыфундыі ў значны капіталістычны індустрыяльны цэнтр Мінскай губерні. У 1913 годзе непадалёк палаца ён пабудаваў кандытарскую фабрыку (выраблялі мармелад, карамель, пасцілу, павідла, джэм і сочыва), а ў 1914 годзе ў Расійскай імперыі была зарэгістравана гандлёвая марка «Горват». Абсталяванне для фабрыкі было набыта ў Варшаве, Кіеве, Маскве, дастаўлена ў Нароўлю па рацэ і ўстаноўлена ў новых будынках. На прадпрыемствах Горвата працавалі як мясцовыя наёмныя работнікі, так і замежныя спецыялісты (немцы). Паводле Мечыслава Ялавецкага, Эдвард Горват належаў да найбліжэйшых супрацоўнікаў кіраўніка МТСГ Эдварда Вайніловіча.

У канцы 1917 года ў сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі кандытарская вытворчасць была спынена, затым уладанні Горватаў нацыяналізаваны савецкай уладай без кампенсацыі.

Сям’я

Жонка — Ядвіга Аляксандраўна Аскерка — была дачкой Аляксандра Уладзіслававіча Аскеркі, кіраўніка паўстання 1863 года. Іх дзеці — Данііл-Аляксандр Горват памёр у маладым узросце ў горадзе Хельсінкі, дачка — Аляксандра Горват была замужам за Станіславам Станіслававічам Ваньковічам (малодшым).

Літаратура Партыко, О. Незабываемые автографы жизни / О. Партыко // Прыпяцкая праўда. — 4 кастрычніка 2025. — № 40. — С. 8. Партыко, О. Память о предках живет дольше нас / О. Партыко // Прыпяцкая праўда. — 20 верасня 2025. — № 38. — С. 10. Раюк, А. Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру / А. Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки: сб. науч. ст.: в 4 ч. / РИВШ ; редкол. В. А. Гайсёнок [и др.]. — Минск: РИВШ, 2024. — Вып. 24. — Ч. 2. — С. 113—121.

Jałowiecki, M. U Edwarda Woyniłłowicza / M. Jałowiecki // Wiadomości. — Londyn, 1958. — № 18. — S. 2.

Эдвард Артуравіч