Арцём Ігаравіч Брухан () — беларускі палітычны дзеяч, спікер Каардынацыйнай рады з 14 мая 2025 года, дэлегат рады трэцяга і чацвёртага скліканняў ад спіса Паўла Латушкі. У 2012—2017 гадах навуковы супрацоўнік мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», у 2017—2020 гадах супрацоўнік Брэсцкага аблвыканкама. Пасля ад’езду з Беларусі — намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, у 2024—2025 гадах намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады.
Біяграфія Скончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна. На размеркаванні патрапіў у Музей абароны Брэсцкай крэпасці, дзе і застаўся працаваць пазней. За 5 гадоў стаў старшым навуковым супрацоўнікам.
У 2017 годзе пачаў працаваць у Брэсцкім аблвыканкаме. Курыраваў пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы. Таксама адказваў за музеі. Звольніўся на наступны дзень пасля забойства Рамана Бандарэнкі ў 2020 годзе.
Пасля звальнення пераехаў у Польшчу, дзе далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі.
Дзейнасць у выгнанні У Народным антыкрызісным упраўленні Брухан працаваў аналітыкам і стаў намеснікам кіраўніка ўпраўлення Паўла Латушкі. У маі 2024 года балатаваўся ў Каардынацыйную раду трэцяга склікання пад адзінаццатым нумарам спіса «Каманда Паўла Латушкі і рух „За свабоду“» і быў абраны дэлегатам. 3 жніўня 2024 года на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні Святлана Ціханоўская зацвердзіла Брухана намеснікам прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады.
Спікер Каардынацыйнай рады Пасля знікнення спікера Анжалікі Мельнікавай у сакавіку 2025 года фракцыя Латушкі вылучыла Брухана кандыдатам у спікеры. 14 мая 2025 года ён быў абраны спікерам рады: за яго прагаласавалі 50 з 69 дэлегатаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні, за яго апанента Аляксандра Кныровіча (фракцыя «Беларусы») — 11, восем устрымаліся. У сваёй праграме ён абяцаў стварыць бюджэтную камісію і дамагчыся справаздачы аб выкарыстанні сродкаў радай другога склікання. На наступны дзень пакінуў пасаду намесніка прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады.
Яшчэ да абрання, 6 мая 2025 года, Брухан прапанаваў унесці ў статут рады пасаду другога віцэ-спікера, каб пры форс-мажорных абставінах нагрузка і рызыкі не клаліся на аднаго чалавека; 21 мая другім віцэ-спікерам была абрана Лізавета Пракопчык. У чэрвені 2025 года рада падтрымала прапанову аб стварэнні беларускіх вайсковых падраздзяленняў у складзе ўзброеных сіл замежных краін, а 22 ліпеня сфарміравала для гэтага вайсковую камісію. У кастрычніку 2025 года рада правяла слуханні па праекце закона «Аб гендарнай роўнасці». Прынятую ў кастрычніку 2025 года рэзалюцыю Еўрапейскага парламента, у якой рада названа ключавым інстытутам дэмакратычнага руху, Брухан назваў прызнаннем міжпарламенцкай працы рады.
У красавіку 2026 года, напярэдадні выбараў у раду чацвёртага склікання, Брухан адказаў на крытыку рады і прапановы дэмакратычным сілам самараспусціцца, спаслаўшыся сярод іншага на працу дэлегацыі рады ў ПАСЕ, у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы і ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ. На выбарах у маі 2026 года ён быў зноў абраны дэлегатам ад спіса «Кааліцыя Латушкі і рух «За свабоду»», а 20 чэрвеня 2026 года пераабраны спікерам: за яго прагаласавалі 62 з 66 дэлегатаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні (агулам 80), за яго апанента, кіраўніка фракцыі «Ваш голас» Андрэя Коласа, — 4. Фракцыя «Аб’яднаная грамадзянская платформа» ў галасаванні не ўдзельнічала, заявіўшы, што частка фракцый не была належным чынам праінфармавана аб парадку вылучэння кандыдатаў.
Пераслед 24 красавіка 2025 года Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла Instagram-акаўнт Брухана ў рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Крыніцы
Катэгорыя:Спікеры Каардынацыйнай рады Катэгорыя:Народнае антыкрызіснае ўпраўленне Катэгорыя:Асобы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Катэгорыя:Члены фракцыі Кааліцыя Латушкі і рух «За свабоду»