Стэфан Луцкевіч, часам Сцяпан Іванавіч Луцкевіч () — беларускі лекар. Малодшы брат лідараў нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя Івана і Антона Луцкевічаў.

Паходжанне Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду Мінскай губерні герба «Навіна». Бацька — дваранін Мінскай губерні Ян Баляслаў (Іван Якімавіч) Луцкевіч, расійскі вайсковец, удзельнік Крымскай вайны ў чыне капітана, за баявыя заслугі ў абароне Севастопаля ўзнагароджаны крыжамі Святога Георгія і Святой Ганны і двума медалямі. На вайне паранены, выйшаў у адстаўку. Сваёй маёмасці Ян Баляслаў не меў. Вядома, што ў 1860-х гадах быў арандатарам маёнтка пана Вайніловіча ў Тарасевічах Бабруйскага павета Мінскай губерні. Імаверна, у гэты час ён пазнаёміўся з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, з якім потым меў прыяцельскія стасункі, Дунін-Марцінкевіч у 1868 годзе прысвяціў Луцкевічу верш па-беларуску. Першай жонкай Яна Баляслава была Казіміра Асяцімская, у іх нарадзіліся дзве дачкі: Станіслава (1877—1953) і Марыя Алёйзія (1876—1914). Пані Казіміра памерла ў 1878 ці 1879 годзе.

Увесну 1880 года Ян Баляслаў павянчаўся другі раз, з Зоф’яй Лычкоўскай, дачкой уладальніка невялікага фальварка Ракуцёўшчына, каля мястэчка Краснае. Зоф’я да фальварка дачынення ўжо не мела, але ў спадчыну ёй застаўся невялікі драўляны дом на Садовай вуліцы ў Мінску. У Яна Баляслава і Зоф’і было пяць дзяцей: Ян Герман (Іван; 1881—1919), Вікторыя (памерла ў маленстве; ?—?), Антон (1884—1942), Эмілія (1886—1974), Стэфан (Сцяпан; 1889—1947).

Біяграфія

Раннія гады і адукацыя

Стэфан Луцкевіч нарадзіўся 30 жніўня 1889 года ў Лібаве, дзе служыў на чыгунцы яго бацька Ян Баляслаў. Дакладныя звесткі пра нараджэнне захаваліся ў метрычнай кнізе Лібаўскага рымска-каталіцкага касцёла (запіс № 156). Ён быў ахрышчаны 11 верасня 1889 года. Бацькі — дваранін Мінскай губерні Ян-Баляслаў Іванавіч Луцкевіч і яго законная жонка Соф’я з Лычкоўскіх, абодва каталіцкага веравызнання. Хроснымі бацькамі Стэфана былі Стэфан Луцкевіч і Марыя ШабуняLVVA. Ф. 7085, воп. 3, спр. 516, л. 50.

Пазней у аўтабіяграфіях пазначаў месцам нараджэння Мінск. Стэфан быў названы ў гонар дзядзькі — Стэфана Луцкевіча, удзельніка паўстання 1863—1864 гадоў, які загінуў у 1863 годзе. У дакументах, у залежнасці ад краіны і часу Стэфан Луцкевіч запісваецца як Стэфан Іванавіч, Стэфан Іванавіч Баляслававіч, Сцяпан Іванавіч.

Вучыўся ў Мінскай мужчынскай гімназіі, адкуль выгнаны за забастоўку ў часе рэвалюцыі 1905 года. У чэрвені 1909 года скончыў прыватную гімназію Лянтоўскай у Санкт-Пецярбурзе. 7 верасня 1909 года залічаны на медыцынскі факультэт Юр’еўскага ўніверсітэта. Навучанне было доўгім і з перапынкамі праз фінансавыя і ваенныя прычыны. Так, 31 снежня 1915 года ён быў адлічаны за нявыплату за навучанне, але ўжо 25 студзеня 1916 года, атрымаўшы дазвол ад начальства, здолеў аднавіцца. Другі раз за нявыплату яго адлічылі 23 чэрвеня 1917 года. У асабістай студэнцкай справе Стэфана захаваўся яго фотаздымакEAA. Ф. 402, воп. 1, спр. 16145.

Час Першай сусветнай вайны Пачатак Першай сусветнай вайны заспеў Стэфана Луцкевіча на канікулах у Вільні. Ужо 26 ліпеня (8 жніўня) 1914 года паводле прадпісання Віленскага акруговага ваенна-санітарнага ўпраўлення ён быў мабілізаваны ў Рускую імператарскую армію і накіраваны на «тэатр ваенных дзеянняў» у Выбарг. Гэта адбывалася ва ўмовах пераводу ўсяго балтыйскага ўзбярэжжа на ваеннае становішча пасля абстрэлу Лібавы германскімі караблямі.

Займаў пасаду малодшага ардынатара Выбаргскага крапаснога шпіталя № 2, куды прыбыў 28 ліпеня 1914 года. З 7 жніўня да 3 верасня 1914 года з прычыны недахопу кадраў быў прыкамандзіраваны да мясцовага лазарэта. З лістапада 1914 да красавіка 1915 года выконваў абавязкі малодшага лекара крапасной артылерыі, адначасова працаваў у перавязачным атрадзе 69-й брыгады дзяржаўнага апалчэння, якая таксама стаяла ў Выбаргу.

Служба ў Выбаргу была звязана з барацьбой супраць армейскай бюракратыі: у Стэфана не было з сабой пасведчання пра залік 8 семестраў універсітэта, таму спачатку яго залічылі толькі лекарам 1-га разраду са сціплым заробкам. У лістападзе 1914 года з Юр’ева прыйшлі дакументы, але толькі 21 красавіка 1915 года ён быў зацверджаны штатным малодшым ардынатарам са званнем заўрад-урача 2-га разраду. Яго заробак склаў 1236 рублёў у год (103 рублі ў месяц), што для халастога студэнта было вялікай сумай. Кампенсацыю за службу ў Выбаргу ён атрымаў толькі ў лістападзе 1915 года, калі быў ужо на іншым беразе Фінскага заліва.

У канцы 1915 года Стэфан служыў на перавязачным пункце 107-й пяхотнай дывізіі ў раёне Рэвельскай марской крэпасці (мыза Кумна). Пазней служыў малодшым доктарам ваенна-санітарнага цягніка № 87а. Абслугоўваў армію пад Гатчынай і Красным Сялом. Працаваў на 153-м эвакапункце доктарам для даручэнняў галоўнага ўрача шпіталя.

19 студзеня 1918 года Луцкевіч атрымаў ад старшага лекара цягніка загад адправіцца ў Юр’еўскі ўніверсітэт для здачы выпускных экзаменаў. 30 студзеня 1918 года ён падаў прашэнне на імя дэкана пра выдачу яму пасведчання аб заліку 10 семестраў, а праз два дні — пра паўторнае прыняцце ў лік студэнтаў. 6 лютага 1918 года яму выдалі пасведчанне пра «права прыступіць да выпрабаванняў на ступень лекара», але звестак аб іх праходжанні ў справах няма.

Пасля бальшавіцкага перавароту служыў у Чырвонай арміі да 1921 года. З 1922 года працуе ўрачом на вёсцы.

Беларуская ССР У 1925 годзе пераязджае ў Менск, уладкоўваецца ў шпітальную тэрапеўтычную клініку (ёсць звесткі, што працаваў і ў 2-й клініцы ўнутраных хвароб) медыцынскага факультэта БДУ лекарам-ардынатарам (1925—1928). Пасля працуе ардынатарам у 3-й Менскай савецкай бальніцы.

20 лістапад 1930 года аказаў першую дапамогу свайму суседу Янку Купалу, які здзейсніў спробу самагубства, распароў сабе жывот, пасля чарговых допытаў у ДПУ па сфабрыкаванай спецслужбай справе «Саюза вызвалення Беларусі», пасля Купалу адвезлі ў шпіталь і ён здолеў адужаць.

Трапіў пад палітычныя рэпрэсіі. Арыштаваны 18 снежня 1933 года ў Менску, па месцы жыхарства: вуліца Кастрычніцкая, дом 27, кватэра 4. Асуджаны 22 сакавіка 1934 года як «член контррэвалюцыйнай падрыўной арганізацыі» на тры гады пазбаўлення волі. Этапаваны ў Карэльскую АССР на Беламорканал. Разам з ім у ссылку паехала жонка Надзея. З Луцкевічам праходзілі па адной справе (№ 6743-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) больш за 25 асоб з вышэйшай медыцынскай адукацыяй, пазней рэабілітаваныя 27 ліпеня 1956 года калегіяй Вярхоўнага суда БССР.

У час Другой сусветнай вайны ў 1941 годзе мабілізаваны ў Карэла-Фінскі фронт як доктар. Меў званне ваеннага доктара 3-га рангу. Служыў начальнікам медыцынскага аддзялення армейскага палявога шпіталя № 2765.

Паводле «Кнігі памяці Рэспублікі Комі» (Т. 6), дэмабілізаваны з Чырвонай Арміі ў ліпені 1942 года. Памёр у сяле Айкіна.

Паводле ўнучкі, звольнены з шэрагаў Чырвонай Арміі па хваробе (сухотах) у жніўні 1943 года. З жонкай пераехаў у Манчагорск, дзе жыла яго пляменніца доктарка Марыя Шабуня, высланая з БССР. Памёр ад сухотаў у 1947 годзе, пахаваны ў Манчагорску Мурманскай вобласці, жонка памерла ў 1953 годзе і пахавана там сама.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Медыкі Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя) Катэгорыя:Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Памерлі ад туберкулёзу