Мірскі дзяржаўны каледж — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў Міры Карэліцкага раёна, створаная ў 1988 годзе як адзіная ў Беларусі навучальная ўстанова, якая рыхтавала спецыялістаў па рэстаўрацыі. Размяшчаецца па адрасе вуліца Танкістаў, 42.
Сёння ў каледжы навучаецца каля 300 чалавек па шасці спецыяльнасцях. Выпускнікі маюць магчымасць працягнуць адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы, Індустрыяльна-педагагічным каледжы і Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі, з якімі заключаны дагаворы.
Гісторыя Навучальная ўстанова была заснавана ў другім квартале 1988 года як Мірскае сярэдняе прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 234. Яно ад пачатку спецыялізавалася на падрыхтоўцы майстроў па рэстаўрацыйных работах.
1 верасня 1989 года ўстанова атрымала назву Мірскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 234 будаўніча-рэстаўрацыйных работ. Акрамя асноўнай спецыяльнасці «Рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы», рыхтавала спецыялістаў па спецыяльнасцях «Сталярныя, паркетныя і шкляныя працы» і «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва».
26 чэрвеня 2001 года вучылішча было перайменавана ў Мірскае дзяржаўнае мастацкае ПТВ № 234 будаўніча-рэстаўрацыйных работ.
Вучылішча рыхтавала спецыялістаў па наступных кваліфікацыях:
сталяр; разьбяр па дрэве і бяросты; вытворца мастацкіх элементаў мэблі; мастак па роспісе дрэва; інкрустатар саломкай; ганчар; вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі; рэстаўратар помнікаў драўлянага дойлідства; рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх афарбовак; рэстаўратар дэкаратыўных тынковак і ляпніны; рэстаўратар помнікаў мураванага дойлідства.
З 2008 года ператворана ў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстановы і атрымала новую назву — Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж. Пачалася падрыхтоўка спецыялістаў па спецыяльнасцях «Тэхналогія дрэваапрацоўчай вытворчасці» і «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва».
У 2022 годзе навучальная ўстанова атрымала сучасную назву.
Матэрыяльна-тэхнічная база Для вытворчага навучання дзейнічаюць механічны цэх па дрэваапрацоўцы, 13 вучэбна-вытворчых майстэрняў, піларама і сушылка драўніны. Для тэарэтычнай падрыхтоўкі абсталявана 18 аўдыторый, з іх 8 прызначаныя для прафесійных дысцыплін. Для заняткаў фізічнай культурай выкарыстоўваюцца спартыўная і тэнісная залы, пакой атлетычнай гімнастыкі і стадыён.
Інтэрнат на 420 месцаў забяспечвае пражыванне ўсіх іншагародніх навучэнцаў. У вучэбным корпусе працуе сталовая на 180 пасадачных месцаў.
У каледжы дзейнічаюць 7 гурткоў прафесійнай накіраванасці, 3 спартыўныя секцыі, народны тэатр-студыя «Батлейка», вакальны гурток. Ёсць выставачная зала з лепшымі творамі навучэнцаў, пакой баявой славы, а таксама выстава-продаж практычных работ.
Удзел у рэстаўрацыйных працах Будаўніча-рэстаўрацыйнае вучылішча брала ўдзел у рэстаўрацыі Мірскага замка, Нясвіжскага палаца, Лошыцкай сядзібы ў Мінску, царквы святых Пятра і Паўла ў Мінску.
Кіраўнікі Генадзь Віктаравіч Вахтомаў (1988—2000) Уладзімір Альбінавіч Кадлубай (2000—2013) Наталля Леанідаўна Кадлубай (з 2013)
Крыніцы
Спасылкі Афіцыйны сайт
Катэгорыя:Каледжы Беларусі Катэгорыя:Мір (Карэліцкі раён) Катэгорыя:1988 год у Беларусі Катэгорыя:Рэстаўрацыя ў Беларусі Катэгорыя:Мірскі дзяржаўны каледж