Аўром (Абрам Герцэвіч) Суцкевер (; , Смаргонь, Ашмянскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя — 20 студзеня 2010, Тэль-Авіў, Ізраіль) — яўрэйскі паэт і празаік, адзін з найбуйнейшых паэтаў на ідыш.
Біяграфія Нарадзіўся ў традыцыйнай сям’і; сярод яго продкаў-вядомыя рабіны і навукоўцы. Бацькі — Герц Мойшэ-Залманавіч Суцкевер (1874—1920) і Рэйна Шепселевна Файнберг (1883—1942), з рабінскай сям’і - заключылі шлюб у 1905 годзе ў Вільні. Падчас Першай сусветнай вайны, сям’я была вывезена ў Омск, дзе прайшло дзяцінства паэта. Пасля смерці бацькі ў 1920 годзе сям’я вярнулася ў родныя мясціны, але Смаргонь была моцна панішчана вайсковымі дзеяннямі і таму Суцкеверы пераехалі ў Вільню. Аўром вучыўся ў хедэры, з хатнімі настаўнікамі, у яўрэйска-польскай гімназіі, быў вольным слухачом Універсітэта Стэфана Баторыя.
У 1930 годзе ўступіў у моладзевую яўрэйскую арганізацыю скаўтаў «Бін», заснаваную М. Вайнрайхам, у якой культываваўся ідыш. Неўзабаве далучыўся да літаратурнай групы «Юнг Вілнэ» («Маладая Вільня»).
У снежні 1932 года паехаў у Варшаву, перабіваўся выпадковымі заробкамі, вывучаў мову і быт варшаўскіх еўрэяў, займаўся ў бібліятэках самаадукацыяй, пры гэтым вельмі шмат пісаў. У лютым 1933 года дэбютаваў з вершам «Маскарад» у варшаўскім штотыднёвіку «Вохншрыфт фар літаратур». У гэтым жа годзе вярнуўся ў Вільню, у 1935 зноў прыехаў у Варшаву. У Варшаве быў выдадзены першы зборнік «Lider» («Вершы», 1937), там ён моцна пасябраваў з вядомым польска-яўрэйскім паэтам Юліянам Тувімам. Яго вершы пачалі з’яўляцца ў варшаўскіх, віленскіх і нью-ёркскіх выданнях. Па вяртанні ў Вільню Суцкевер пераклаў на сучасны ідыш некалькі дзесяткаў твораў з рамана ў вершах «Бове-бух» («Кніга пра Бове»), напісанага ў пачатку XVI стагоддзя, яўрэйскім паэтам Элі Бохером.
Пасля далучэння Літвы да СССР працаваў на радыё.
Віленскае гета У першыя дні пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР Суцкевер і яго жонка Фрэйдке (Фрэда) далучыліся да тысяч бежанцаў, якія спрабавалі ўцячы на тэрыторыі, якія ўсё яшчэ знаходзіліся пад савецкай уладай, але з-за хуткага наступу немцаў шлях іх адступлення быў заблакаваны, і яны вярнуліся ў Вільню. У гэты вырашальны момант група «Маладая Вільня» была распушчана, і яе ўдзельнікі разышліся. Аўром Суцкевер і Шмерке Качаргінскі падзялілі лёс віленскіх яўрэяў, былі інтэрнаваны ў гета і вытрымалі ўсе яго пакуты. У канцы 1941 года ён некалькі тыдняў хаваўся ў склепе незнаёмкі, жанчыны, якая дала прытулак няпрошанаму і зусім невядомаму яўрэю, які пастукаў у яе дзверы. Аднак такое сховішча магло праслужыць толькі нядоўга, і ў рэшце рэшт Суцкевер вярнуўся ў гета. У першыя месяцы існавання гета Суцкевер перажыў надзвычай траўматычныя асабістыя падзеі: яго жонка нарадзіла ў бальніцы гета, але нацысты не дазволілі яўрэйскім жанчынам нараджаць, і дзіця было забіта. Неўзабаве пасля гэтага маці паэта таксама была забіта ў адной з акцый.
Дзве траціны віленскіх яўрэяў былі забітыя ў першыя месяцы нацысцкай акупацыі, і тым не менш з 1942 года ў гета была спроба адрадзіць нармальнае жыццё. У гэты перыяд Суцкевер актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці Віленскага гета. У студзені 1942 года адбыўся першы тэатральны вечар у гета; Суцкевер дапамагаў адбіраць літаратурныя тэксты, якія там чыталіся. Ініцыятыва стварэння тэатра гета спачатку выклікала востры супраціў; некаторыя бачылі ў гэтым апаганьванне павагі да памерлых, а таксама сродак юдэнрата прытупіць пільнасць грамадскасці. Аднак з часам праціўнікі зразумелі, што гэтыя вечары сапраўды дапамагалі падтрымліваць настрой яўрэяў. Суцкевер таксама актыўна ўдзельнічаў у «моладзевым клубе» гета, дзе ён вёў літаратурны гурток, чытаў сучасную паэзію на ідышы з моладдзю і нават арганізаваў выставу ў памяць пра Яаша, паэта, які пераклаў Біблію на ідыш і з чыімі творамі Суцкевер цесна атаясамліваў сябе. Стварэнне «Асацыяцыі пісьменнікаў і мастакоў» было адной з культурных ініцыятыў, якія развіваліся ў гета. На адным з арганізаваных ёю літаратурных вечароў Суцкевер прачытаў верш «Dos keyverkind».У гэтым годзе Суцкевер атрымаў за верш прэмію ад Асацыяцыі пісьменнікаў і мастакоў Віленскага гета — першую літаратурную прэмію, якую ён атрымаў у жыцці.
Пасля акупацыі Вільні адной з мэтаў нацыстаў быў збор яўрэйскіх кніг і культурных каштоўнасцей для іх класіфікацыі, большасць з іх была прызначана для знішчэння, а некаторыя былі адпраўлены ў Германію ў Інстытут па вывучэнні яўрэйскага пытання (Institut zur Erforschung der Judenfrage). Для гэтага нацысты набрали групу для працы ў будынку YIVO (Інстытут яўрэйскіх даследаванняў, заснаваны ў Вільні ў 1925 годзе), які знаходзіўся за межамі гета. Групе, у якую ўваходзілі Аўром Суцкевер, Шмерке Качаргінскі, Ружка Корчак і іншыя, было загадана класіфікаваць матэрыялы з бібліятэкі інстытута і іншых бібліятэк. Аднак яны паставілі перад сабой процілеглую мэту, выратаваць усё магчымае з яўрэйскіх культурных каштоўнасцей. Частка матэрыялаў была схавана ў розных схованках у гета, частка была перададзена неяўрэям, а частка была схавана ў самім будынку YIVO. Жыхары гета называлі гэтую групу Di papirene brigade («Папяровая брыгада»), бо месца і характар іх працы не дазвалялі ім кантрабандай праносіць ежу ў гета, але галоўнай мэтай членаў групы быў духоўны супраціў нацыстам. Такім чынам былі выратаваны важнейшыя рукапісы і кнігі бібліятэкі М. Страшуна і YIVO, якія належала знішчыць па загадзе нацыстаў.
У верасні 1943 года, у чаканні ліквідацыі гета, Суцкеверу, яго жонцы і Шмерке Качаргінскаму з групай членаў Аб’яднанай партызанскай арганізацыі (FPO) ўдалося ўцячы ў лес і далучыцца да савецкага партызанскага атрада, які дзейнічаў у раёне Нарачанскіх лясоў. З Віленскага гета яму атрымалася перадаць сваю паэму «Коль нідры» партызанам з просьбай пераслаць яе ў Маскву Юстасу Палецкісу, прэзідэнту савецкай Літвы. Палецкіс ведаў ідыш, быў добра знаёмы з Суцкеверам і нават перакладаў яго вершы на літоўскую мову. Паэма да Палецкіса дайшла, і ён распавёў пра гэта Іллю Эрэнбургу, з якім сябраваў. У ліпені 1943 маскоўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў правяло вечарыну, прысвечаную гэтай паэме. 12 сакавіка 1944 года, па хадайніцтве Іллі Эрэнбурга, спецыяльны самалёт, пасланы савецкім урадам, вывез Суцкевера з жонкай у Маскву. Імя Суцкевера ўжо было знаёма Эрэнбургу: яшчэ да вайны, знаходзячыся ў Еўропе, ён пачуў ад Юліяна Тувіма пра маладога таленавітага яўрэйскага паэта. У пачатку пачатку красавіка 1944 года Суцкевер выступіў на трэцім пленуме Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта; неаднаразова сустракаўся з Барысам Пастарнакам, якому прысвяціў верш.
29 красавіка 1944 года ў «Праўдзе» пад загалоўкам «Трыумф чалавека» быў надрукаваны артыкул Эрэнбурга аб Суцкеверы, знішчэнні Віленскага гета і актыўнасці яўрэйскіх партызан. Гэтая выключная падзея выклікала вялікае хваляванне сярод савецкага і сусветнага яўрэйства, асабліва ў святле агульнай савецкай палітыкі ўтойвання як маштабаў Халакосту, так і ролі яўрэяў у барацьбе з нацыстамі. Пасля публікацыі артыкула Суцкевер атрымаў сотні лістоў з усіх куткоў Савецкага Саюза; з ім звязваліся бежанцы з Вільні, якія шукалі інфармацыю пра сваіх сваякоў і распавядалі пра іх лёс у ваенны перыяд: пра баі ў шэрагах Чырвонай Арміі, пра жыццё бежанцаў, пра незразумелыя чуткі пра Халакост, пра слабую надзею на тое, што хто-небудзь з іх сваякоў выжыў.
У Маскве Суцкевер заняўся дакументаваннем знішчэння віленскага яўрэйства. Яго кніга пра Віленскае гета, напісаная ў 1945 годзе, стала першай важнай працай на гэтую тэму. Яўрэйскі антыфашысцкі камітэт даслаў асобнікі для публікацыі за мяжу, і таму кніга з’явілася ў Парыжы раней за яе публікацыю ў Маскве. Адразу пасля гэтага кніга была апублікавана ў Буэнас-Айрэсе, а таксама публікавалася часткамі ў дзвюх штодзённых газетах на ідышы ў Нью-Ёрку.
Сведчанне на Нюрнбергскім трыбунале Суцкевер сумесна з Эрэнбургам і астатнімі членамі Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта ўдзельнічаў у падрыхтоўцы дакументаў для «Чорнай кнігі» – вялікага зборніка сведчанняў нямецкіх зверстваў у дачыненні да яўрэяў на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза. Савецкая дэлегацыя хацела выкарыстаць «Чорную кнігу» на Нюрнбергскім працэсе, але пасля таго, як французская дэлегацыя пачала выклікаць у якасці сведкаў выжыўшых у канцлагерах, было прынята рашэнне накіраваць у якасці сведкі ў Нюрнберг Суцкевера. Яго выклікалі з Вільні ў Маскву, але НКУС дапытаў Суцкевера толькі 17 лютага, за дзень да ад'езду групы савецкіх сведкаў з Масквы ў Нюрнберг. Увечары перад ад'ездам Суцкевер купіў новы касцюм, а затым напісаў у дзённіку, што спадзяецца даць паказанні на ідышы, «на мове народа, які абвінавачаныя спрабавалі знішчыць»
Савецкім сведкам было нялёгка дабрацца да Нюрнберга. Іх самалёт вылецеў згодна з планам 18 лютага, але сеў у Мінску з-за дрэннага надвор'я, у Нюрнберг самалёт з савецкімі сведкамі дабраўся толькі 21 лютага. 27 лютага ён быў выкліканы савецкім бокам у якасці сведкі на працэсе,але змушаны быў сведчыць па-расійску. У адрозненне ад іншых сведкаў Суцкевер застаўся стаяць на трыбуне,як быццам «збіраўся чытаць Кадзіш» (яўрэйскую малітву па памерлых), як ён пісаў потым. Голас Суцкевера дрыжаў, а яго цела трэслася, пакуль ён расказваў суду пра дзеянні айнзацгруп у Вільні. Ён распавёў, як увосень 1941 года "паляўнічыя на людзей" з СД днём і ноччу ўрывал іся ў яўрэйскія дамы і сцягвалі мужчын у суседнюю вёску Панары, большасць з іх зніклі назаўжды. Ён распавёў і пра пагром, учынены немцамі ў Вільні раней, у ліпені 1941 года: «Патокі крыві ліліся ўніз па вуліцы, як быццам зверху ішоў чырвоны дождж». Ён засведчыў, што яшчэ да арганізацыі ў жніўні віленскага гета была знішчана палова яўрэйскага насельніцтва горада. "Гета немцы зрабілі толькі таму, каб лягчэй было знішчаць насельніцтва".
Самай пакутлівай часткай паказанняў Суцкевера было апавяданне аб забойстве яго нованароджанага сына. У канцы снежня 1941 года ў гета была выдадзена забарона яўрэйскім жанчынам нараджаць дзяцей. Каля таго часу жонка Суцкевера нарадзіла хлопчыка ў шпіталі гета. Яўрэйскія лекары схавалі дзіця і іншых нованароджаных у адным з пакояў, але нямецкія салдаты пачулі іх крыкі і ўзламалі дзверы. Жонка Суцкевера пачула шум і ўбегла ў пакой. "І яна ўбачыла, што адзін немец трымае дзіця і кладзе яму нешта пад нос, а потым кінуў яго на ложак і смяецца". Суцкевер сказаў суду, што неўзабаве зайшоў і ўбачыў сваё дзіця мёртвым. «Ён быў крыху яшчэ цёплым».
Суцкевер даваў паказанні амаль сорак хвілін і зусім выматаны. Ён быў паглынуты сваімі ўласнымі пакутамі і прагай помсты, але чэрпаў сілу ва ўсведамленні таго, што яўрэйскі народ выжыў, і натхненне ў "гарачым і моцным пачуцці… што ніякая цёмная сіла не ў стане нас знішчыць". Ён лічыў знакам "яўрэйскага лёсу" тое, што ён, паэт, які пісаў на ідышы, "выжыў, каб судзіць у Нюрнбергу Розенберга і Франка", а ў іх асобе - усіх прыхільнікаў іх ідэалогіі. "Суцкевер, несумненна, добра выступіў ад імя яўрэйскага народа - і таксама добра справіўся з роляй сведкі ў інтарэсах савецкага народа. Суцкевер, яўрэй і партызан, на гэтым этапе працэсу адыграў важную ролю для савецкага абвінавачання. Дзякуючы яго паказанням савецкі бок мог уключыць гісторыю знішчэння яўрэяў у больш агульны наратыў аб нямецкіх злачынствах супраць чалавечнасці і перанесеных падчас вайны пакутах усяго савецкага народа на акупаваных тэрыторыях"Хирш Франсин. Суд в Нюрнберге. Советский Cоюз и Международный военный трибунал. — Москва: Новое литературное обозрение, 2023..
Пасляваенны перыяд