Дом-музей Пятра Алейнікава — мастацкі персанальны музей у вёсцы Крывель Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, прысвечаны жыццю і творчасці савецкага кінаакцёра Пятра Алейнікава. Філіял Шклоўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. У Крывалі нарадзіўся Пётр Алейнікаў, сюды ён неаднаразова вяртаўся падчас жыцця. Філіялам загадвае Юрый Мікалаевіч Махорын.
Гісторыя Музей быў заснаваны 1 ліпеня 1998 года паводле рашэння № 10-25 ад 24 чэрвеня 1998 года Шклоўскага райвыканкама. Афіцыйнае адкрыццё адбылося 12 ліпеня 1998 года, у дзень нараджэння Пятра Алейнікава.
Драўляную хату спецыяльна для музея ўзвялі на месцы, дзе жыла сям’я Алейнікава, па падабенстве старой. Новы будынак атрымаўся больш упрыгожаным: напрыклад, у арыгінальнай хаце аканіц не было.
Экспазіцыя Станам на 2001 год фонды музея налічвалі 186 прадметаў. Агульная плошча будынка складала 48 м², і ўся яна выкарыстоўвалася пад экспазіцыйна-выставачную дзейнасць. Паводле больш сучасных звестак, у невялікай драўлянай хаце, дзе месціцца музей, сабрана каля 200 экспанатаў.
Аснову калекцыі складаюць фотаздымкі з сямейнага альбома і малюнкі бацькі акцёра, якія перадаў сын Алейнікава — Тарас. У экспазіцыі прадстаўлены таксама фотаздымкі са здымачнага працэсу і іншыя матэрыялы пра творчасць акцёра. Іншыя экспанаты (прадметы побыту, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва) былі сабраныя мясцовымі жыхарамі.
Дом-музей з’яўляецца адзіным сацыяльна-культурным цэнтрам у вёсцы. Тут праводзяцца мясцовыя святы, арганізуюцца прагляды фільмаў з удзелам Алейнікава і культурныя мерапрыемствы.
Крыніцы
Літаратура
Панова І. Самародак шклоўскай зямлі // Звязда. — 1998. — 18 ліпеня. Цветков Ю. Звезда кино и деревенский музей республиканского масштаба // Рэспубліка. — 1998. — 19 лістапада.
Катэгорыя:Музеі Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Персанальныя музеі Беларусі Катэгорыя:Мастацкія музеі Беларусі Катэгорыя:Культура Шклоўскага раёна Катэгорыя:Крывель