«Twist and Shout» () — песня, напісаная амерыканскімі аўтарамі Філам Мэдлі (Phil Medley) і Бертам Расэлам (Bert Russell). Першапачаткова песня называлася «Shake It Up, Baby» і была ўпершыню выканана гуртом Top Notes. У далейшым песня шматразова перапявалася, у тым ліку гуртамі The Isley Brothers, The Beatles і The Who.
Версія The Beatles
Песня стала часткай канцэртнага рэпертуара гурта яшчэ ў 1962 годзе. Першая версія песні была запісана для радыёшоў BBC 27 лістапада 1962 года, аднак пазней яна была страчана.
Версія, якая выйшла на першым студыйным альбоме гурта, была запісана 11 лютага 1963 года ў студыі «Эбі—Роўд» у самым канцы марафонскага запісу, на працягу якога гурт запісаў 10 песень. Прадзюсар Джордж Марцін разумеў, што вакалу Ленана давядзецца цяжка, таму пакінуў песню на самы канец сесіі. Калі ўдзельнікі гурта распачалі запіс, у іх заставалася толькі 15 хвілін з загадзя заказанага студыйнага часу.
У дзень запісу Ленан пакутаваў на прастуду і на працягу сесіі пастаянна піў малако і рассмоктваў таблеткі ад кашлю, каб змякчыць горла: менавіта таму яго вакал у песні гучыць хрыплавата, а ў самым яе канцы нават чутны яго кашаль. Пазней ён адзначаў, што яшчэ доўга ў далейшым яго голас не быў у настолькі ж сумным стане, а таксама, што пры кожным глытальным руху ён быццам адчуваў у горле наждачную паперу.
Пасля запісу першага дубля была зроблена спроба запісу другога, аднак голас Ленана канчаткова сеў, і ад паўтору адмовіліся.
У запісе ўдзельнічалі: Джон Ленан — асноўны вакал, рытм-гітара; Пол Мак-Картні — падгалоскі, бас-гітара; Джордж Харысан — падгалоскі, сола-гітара; Рынга Стар — ударныя.
Акрамя выхаду на першым альбоме гурта, песня была апублікавана таксама на першым брытанскім міні-альбоме гурта з такой жа назвай (акрамя гэтай, туды ўвайшлі таксама песні «Do You Want to Know a Secret?», «A Taste of Honey» і «There’s a Place»; альбом выйшаў 12 ліпеня 1963 года). 2 сакавіка 1964 года ў ЗША песня выйшла ў выглядзе сінгла з песняй «There’s a Place» на баку «Б». Песня была ўключана таксама ў амерыканскія альбомы гурта Introducing… The Beatles і The Early Beatles.
4 лістапада 1963 года гэтай песняй «The Beatles» завяршылі свой выступ на музычным мерапрыемстве Royal Variety Performance (у прысутнасці Каралевы Лізаветы, поруч з песнямі «From Me to You» і «Till There Was You»)The Royal Variety Performance — 1963 , пры гэтым Ленан папярэдзіў выкананне гэтай песні наступным каментаром:
Для нашага апошняга нумара я б хацеў папрасіць вашай дапамогі. Людзі на танных месцах — пляскайце ў ладкі. А астатнія — брынкайце каштоўнасцямі.
Песня заставалася ў канцэртным рэпертуары гурта да канца іх канцэртнага тура па Паўночнай Амерыцы (у жніўні 1965 года).
У 1986 годзе версія «The Beatles» зноў набыла папулярнасць (сінгл заняў 23 пазіцыю ў чарце Billboard Hot 100) дзякуючы яе выкарыстанню ў фільме «Ферыс Б'юлер бярэ выхадны», дзе яе пад фанаграму выконвае акцёр Мэцью Бродэрык. Па ўдалым збегу абставін песня прагучала і ў фільме «Зноў у школу», які выйшаў усяго на два дні пазней за папярэдні фільм (тут песня выконваецца Родні Дэнджерфільдам вельмі падобна да версіі «The Beatles»).
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:The Beatles