«You’ve Really Got a Hold on Me» () — вядомая песня гурта The Miracles, якая заняла ў 1962 годзе лідарскія пазіцыі ў некалькіх амерыканскіх чартах. Песня шматкроць перапявалася многімі выканаўцамі; у 1998 годзе была ганаравана ўзнагародай Grammy Hall of Fame, а таксама ўключана ў спіс 500 Songs that Shaped Rock and Roll, складзены Залай славы рок-н-ролу.
Версія «The Beatles»
Дадзеная песня знаходзілася ў канцэртным рэпертуары «The Beatles» з пачатку 1963 года і стала першым запісам, зробленым гуртом для свайго другога альбома (пры гэтым у песні была крыху зменена назва — у «The Beatles» яна гучыць як «You Really Got a Hold on Me»).
Запіс песні адбыўся 18 ліпеня 1963 года ў студыі «Эбі-Роўд», агулам было запісана сем дубляў, чатыры з якіх былі поўнымі. Увосень 1963 года, калі кампанія EMI аснасцілася першым чатырохдарожачным гуказапісным абсталяваннем, па патрабаванні Ленана песня была перазапісана, аднак гурт вырашыў, што новая версія не асабліва пераўзыходзіць старую, таму другая версія песні не была выпушчана.
Гурт таксама запісваў гэтую песню чатыры разы для радыё BBC. Адна з гэтых версій, запісаная 30 ліпеня 1963 года, была ўключана ў падборку Live at the BBC. Жывое выкананне песні, запісанае ў Стакгольме ў кастрычніку 1963 года, было выпушчана ў 1995 годзе ў альбоме Anthology 1. У 1969 годзе песня была зноў выканана падчас сесій, прысвечаных падрыхтоўцы альбома Let It Be; гэтая версія ўвайшла ў аднайменны дакументальны фільм.
У запісе ўдзельнічалі: Джон Ленан — вакал, рытм-гітара Джордж Харысан — сола-гітара, падгалоскі Пол Мак-Картні — бас-гітара, падгалоскі Рынга Стар — ударныя Джордж Марцін — фартэпіяна
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:The Beatles